Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ня стрымлівае злачынцаў». Эўразьвяз і Рада Эўропы асудзілі чарговы сьмяротны прысуд у Беларусі


Турэмная вопратка асуджанага на сьмяротнае пакараньне, архіўнае фота
Турэмная вопратка асуджанага на сьмяротнае пакараньне, архіўнае фота

Прэс-сакратарка Эўрапейскай службы вонкавых сувязяў Мая Качыянчыч апублікавала афіцыйную заяву з прычыны вынясеньня чарговага сьмяротнага прысуду ў Беларусі.

«Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, якая дагэтуль карае сьмерцю людзей, — нагадала Мая Качыянчыч. — Пакараньне сьмерцю ня служыць фактарам стрымліваньня для злачынства, а любыя памылкі становяцца незваротнымі. Гэта жорсткае, бесчалавечнае і прыніжальнае пакараньне і парушэньне права на жыцьцё, замацаванага Сусьветнай дэклярацыяй правоў чалавека».

Качыянчыч адзначае, што ўвядзеньне мараторыю на сьмяротнае пакараньне і зьмякчэньне ўжо вынесеных прысудаў стала б пазытыўным першым крокам да адмены найвышэйшай меры, а «рэальныя крокі ў выкананьні правоў чалавека застаюцца ключавымі для фармаваньня будучай палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні Беларусі».

Таксама чарговы прысуд асудзіла Рада Эўропы. Прэс-сакратар Даніэль Гольтген паведаміў пра гэта ў Twitter:

«Сьмерць ня ёсьць справядлівасьць. Мы яшчэ раз заклікаем улады ўвесьці мараторый на прымяненьне сьмяротнага пакараньня як першы крок да яго скасаваньня».

Каго асудзілі на расстрэл

Віцебскі абласны суд 30 ліпеня прызнаў жыхара Віцебскага раёну Віктара Паўлава вінаватым у забойстве дзьвюх пэнсіянэрак. Ягоныя дзеяньні кваліфікаваныя пракурорам як «асабліва небясьпечны рэцыдыў злачынства» — раней Паўлаў ужо забіваў. У апошнім слове абвінавачаны выказаў шкадаваньне і раскаяньне за ўчыненае, таксама папрасіў суд не прымяняць да яго найвышэйшую меру.

Папярэдняе сьледзтва інкрымінавала Паўлаву яшчэ і разбой, але пракурор абверг матыў забойства і прапанаваў перакваліфікаваць дзеяньні абвінавачанага на артыкул за крадзеж.

Адвакатка Паўлава пераконвала судовую калегію, што забойства адбылося ў выніку спрэчкі і было справакаванае адной з жанчын, якая нібыта абражала абвінавачанага. На думку абаронцы, мэты забіваць жанчын абвінавачаны ня меў — проста прыйшоў купіць віна, якім гандлявалі жанчыны.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG