Нацыянальны банк Беларусі разаслаў камэрцыйным банкам запыт пра аб’ёмы крэдытаваньня будаўніцтва жытла на бліжэйшыя два гады, піша Tut.by.
Ліст пра пляны крэдытаваньня высланы, як пішуць у ім, у сувязі з тым, што склаўся «дэфіцыт крэдытных рэсурсаў для фінансаваньня праграмы жыльлёвага будаўніцтва на 2020–21 гады».
Як адзначае Tut.by, цяпер крэдыты на жытло можна аформіць у шасьці банках, стаўкі па камэрцыйных крэдытах зьнізіліся да 12–13,18% гадавых. Ад 18 лістапада Прыёрбанк перастаў выдаваць крэдыты на жытло ўсім, акрамя льготнікаў (у ліку якіх шматдзетныя сем’і і сілавікі) і ўдзельнікаў партнэрскіх праграмаў.
Беларусы ж тым часам б'юць рэкорды па запазычанасьці па крэдытах. З агульнай запазычанасьці ў 13,6 млрд рублёў (з пачатку году — плюс 2 млрд) крыху больш за палову прыпадае на крэдыты на жытло.
Аляксандар Лукашэнка ж працяглы час загадвае субсыдыяваць будаўніцтва жытла шматдзетным сем’ям, якія стаяць у чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў. У 2018 годзе ён загадваў ліквідаваць чаргу — выйсьці на «забесьпячэньне шматдзетных сем’яў жытлом цягам году».
У праекце дзяржаўнага бюджэту на адрасныя субсыдыі на жытло прадугледжана 222 млн рублёў — удвая больш, чым у бюджэце-2019.
У бягучым годзе, паведамляў у лістападзе прэм’ер-міністар Сяргей Румас, з 37 тысяч шматдзетных сем’яў каля 17 тысяч ужо заключылі пагадненьне на будаўніцтва жытла, і ў наступным (а таксама 2021-м) годзе плянуецца здаць 12–13 тысяч кватэр.