Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі бюджэт за год згубіць амаль 2 мільярды рублёў, — міністар фінансаў


Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч

Міністэрства фінансаў Беларусі ацэньвае страты бюджэту-2020 праз пагаршэньне зьнешніх умоў і падатковы манэўр Расеі на 1.9 млрд беларускіх рублёў, паведамляе БелТА са спасылкай на міністра фінансаў Максіма Ермаловіча.

«Ёсьць цэлы шэраг нэгатыўных фактараў, зьвязаных ня толькі з РФ і нашымі ўзаемаадносінамі ў нафтагазавай сфэры, але яшчэ і зь бягучым станам зьнешніх рынкаў, цэнамі на базавыя прадукты, якімі гандлюе Беларусь».

Паводле міністра, частка гэтых страт кампэнсаваная за кошт зробленых Мінфінам дзеяньняў, большай бюджэтнай эканоміі, павышэньня зьбіральнасьці падаткаў, актуалізацыі ўзроўню ставак на ўзровень інфляцыі.

«Але ў цэлым мы атрымліваем у канчатковым выніку сытуацыю, калі бюджэт у намінальным выражэньні застаецца на ўзроўні бягучага года, пры тым, што выдаткі па кансалiдаваным бюджэце павінны ўзрасьці на 9,3%», — сказаў Максім Ермаловіч.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Раней і да канца 2018 году ў Расеі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны.
  • Мыта не спаганялася зь паставак у Беларусь на 18-20 мільёнаў тон у год.
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў, а за наступныя 4 гады недаатрымае 11 мільярдаў пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч казаў, што агульныя страты ад падатковага манэўру ацэньваюцца ў 8–12 млрд даляраў.
  • Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што Беларусь разьлічвала на кампэнсацыю каля 310–315 мільёнаў даляраў.
  • У якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля 405 млн даляраў. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG