Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны банк панізіў прагноз росту ВУП Беларусі ў 2019 годзе


Беларускія грошы
Беларускія грошы

Сусьветны банк чарговым разам панізіў прагноз росту ВУП Беларусі ў 2019 годзе — да 1,0% з ранейшых 1,5%.

Справаздачу прэзэнтаваў эканаміст, прадстаўнік Сусьветнага банку ў Беларусі Кірыл Гайдук.

Асноўнай прычынай замаруджваньня тэмпаў росту беларускай эканомікі называюцца ўплыў «падатковага манэўру» Расеі на нафтахімічны сэктар, экспарт і бюджэт, запавольваньне аднаўленьня асобных галінаў, слабы замежны попыт на беларускую прадукцыю.

Пры гэтым Сусьветны банк чакае далейшага пагаршэньня вонкавых умоваў і абмежаваньня магчымасьцяў стымуляваць попыт. Не спрыяе аздараўленьню эканомікі ў тым ліку няпэўнасьць у беларуска-расейскіх перамовах наконт далейшай інтэграцыі і аказаньня двухбаковай фінансавай падтрымкі. На думку банкаўскіх аналітыкаў, кампэнсацыя за «падатковы манэўр», на якой настойвае Менск, не прадбачыцца.

Экспэрты Сусьветнага банку віталі пэўныя крокі беларускага ўраду — напрыклад, падтрыманьне макраэканамічнай стабільнасьці і зьніжэньне ўзроўню інфляцыі. Аднак пры гэтым вельмі мала робіцца дзеля рэструктурызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў, рэфармаваньня фінансавага сэктару і падвышэньня адраснасьці ў сыстэме сацыяльнай абароны.

Сусьветны банк ужо некалькі разоў зьніжаў свой прагноз росту беларускай эканомікі ў 2019 годзе, апошнім разам зусім нядаўна — да 1,5% з 1,8% у кастрычніку. На думку экспэртаў, спалучэньне «структурнай нягнуткасьці эканомікі з пагаршэньнем умоваў гандлю» робіць пэрспэктыву росту няпэўнай.

На 2019 год Аляксандар Лукашэнка ставіў задачу росту ВУП на 4%, бюджэт дзяржавы сфармаваны зыходзячы з кансэрватыўнага сцэнару росту эканомікі на ўзроўні 2,1%. У 2018 годзе валавы ўнутраны прадукт вырас на 3%, прагноз росту эканомікі недавыкананы на 0,5%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG