Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за палову раёнаў Беларусі прызнаныя неспрыяльнымі для аграрнай вытворчасьці


Ілюстрацыйнае фота. Непрыбранае кукурузнае поле каля Любчы
Ілюстрацыйнае фота. Непрыбранае кукурузнае поле каля Любчы

Пастановай Савета міністраў ад 27 лістапада № 800 вызначаны пералік раёнаў, неспрыяльных для вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі на 2020-2024 гады.

У гэты пералік унесьлі 66 са 118 раёнаў Беларусі:

  • 3 раёны ў Горадзенскай вобласьці (Дзятлаўскі, Іўеўскі, Сьвіслацкі),
  • 5 — у Берасьцейскай (Ганцавіцкі, Янаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі)
  • 7 — у Менскай (Бярэзінскі, Вілейскі, Валожынскі, Крупскі, Лагойскі, Мядзельскі, Старадароскі),
  • 13 — у Магілёўскай (Бялыніцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Глускі, Дрыбінскі, Клімавіцкі, Касьцюковіцкі, Краснапольскі, Магілёўскі, Слаўгарадзкі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі),
  • 18 — у Віцебскай (усе акрамя Дубровенскага, Лепельскага і Аршанскага),
  • 20 — у Гомельскай (усе акрамя Жлобінскага раёну).

Неспрыяльным для вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі прызнаецца раён, на тэрыторыі якога «ў сувязі з прыродна-кліматычнымі, глебавымі, экалягічнымі і сацыяльна-эканамічнымі паказьнікамі (фактарамі) арганізацыя высокарэнтабельнай вытворчасьці не ўяўляецца магчымай».

Крытэры аднясеньня раёну да неспрыяльных:

  • бал кадастравай ацэнкі сельскагаспадарчых зямель сельскагаспадарчага прызначэньня;
  • доля сельскагаспадарчых земляў, забруджаных радыёнуклідамі цэзія-137 і стронцыю-90 (больш за 1 Кі /кв. км і 0,15 Кі/кв. км адпаведна);
  • доля насельніцтва ў працаздольным узросьце;
  • узровень зарэгістраванага беспрацоўя за апошні справаздачны год.

Першы пералік неспрыяльных для сельскагаспадарчай вытворчасьці раёнаў быў зацьверджаны Саўмінам 31 снежня 2014 году, цяпер ён робіцца раз на 5 год. Тады ў яго былі ўключаныя 62 раёны.

У параўнаньні зь першым пералікам, у Берасьцейскай вобласьці такіх раёнаў стала на 2 менш (са сьпісу выключаныя Ганцавіцкі і Маларыцкі раёны), у Менскай, Магілёўскай і Гомельскай — іх колькасьць павялічылася (у Менскай — дадаўся Вілейскі раён, у Магілёўскай — Бялыніцкі, Магілёўскі і Чэрыкаўскі, у Гомельскай — Кармянскі і Рагачоўскі).

Такім чынам, доля неспрыяльных для вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі раёнаў павялічылася з 53% да 56%.

Паводле камэнтару Мінсельгасхарчу да пастановы ад 2014 году, такая градацыя неабходная для ацэнкі эфэктыўнасьці сельскагаспадарчай вытворчасьці розных рэгіёнаў і фармаваньня прынцыпаў разьмеркаваньня і аказаньня дзяржаўнай падтрымкі суб’ектам аграпрамысловых комплексаў .

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG