Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мужчыну, які адрываў галовы галубам у Салігорску, прысудзілі год папраўчых працаў


Ілюстрацыйнае фота

Суд Салігорскага раёну 26 лістапада агучыў вырак 20-гадоваму Арцёму Крукаву зь Любанскага раёну, які жорстка забіваў галубоў, піша Kurjer.info.

За «жорсткае абыходжаньне з жывёламі» яго пакаралі папраўчымі працамі на 1 год з утрыманьнем 25% заробку і спагнаньнем 99,73 рубля судовых выдаткаў. Прысуд яшчэ не набыў моцы і можа быць абскарджаны.

Здарэньне адбылося 31 жніўня. Жыхарка Салігорску зьвярнулася ў міліцыю, калі пабачыла, што з апошняга паверху 12-павярховага дому, дзе яна жыве, на асфальт выкідаюць мёртвых птушак.

Абвінавачаны спрабаваў уцячы, але міліцыянты яго затрымалі, «скруцілі рукі». Высьветлілася, што ён быў у стане лёгкага алькагольнага ап’яненьня (0,27 праміле алькаголю ў крыві). Яго трымалі тры дні ў ізалятары, вазілі правяраць на адэкватнасьць у цэнтар псыхічнага здароўя, але вызвалілі да суду.

На допыце ён прызнаўся, што лавіў і забіваў птушак, бо тыя яго «запэцкалі». Тром галубам ён адарваў галовы, яшчэ чатыром зьвярнуў шыі.

У мінулым ліпені ўрад адклікаў праект закону «Аб абыходжаньні з жывёламі». Над ім працуюць ужо 7 гадоў, тэкст вярнулі на дапрацоўку шосты раз.

У 2016 годзе законапраект прайшоў грамадзкае абмеркаваньне, актывісты крытыкавалі яго за тое, што ён можа ўзаконіць жорсткае абыходжаньне з жывёламі. Усе прапановы зоаабаронцаў адхіленыя, ніводная ў праект не ўвайшла. За больш жорсткія пакараньні жывадзёрам у інтэрнэце сабралі больш як дзьве тысячы подпісаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG