Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За жорсткія пакараньні жывадзёрам сабралі амаль дзьве тысячы подпісаў


© Shutterstock. Ілюстрацыйнае фота
© Shutterstock. Ілюстрацыйнае фота

На сайце Petitions.by зварот за больш жорсткія пакараньні паводле артыкулу 339-1 КК «Жорсткае абыходжаньне з жывёламі» набраў больш як 1850 подпісаў. Тэкст будзе накіраваны ў Палату прадстаўнікоў праз 18 дзён.

У пэтыцыі сьцьвярджаецца, што беспакаранасьць жывадзёраў прыводзіць да таго, што «злачынствы спакойна ўчыняюцца, а садысты выхваляюцца гэтым у сваіх відэа» (у прыклад прыводзіцца выпадак з мазырскім жывадзёрам, нядаўна затрыманым у Расеі, — той выкладваў відэа, як расчляняў кацянят, заліваў кіпенем).

Штрафы і ўмоўныя тэрміны, якія сёньня атрымліваюць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі, у пэтыцыі называюць несувымернымі.

Якое менавіта пакараньне мае быць прапісаным у артыкуле Крымінальнага кодэксу, у пэтыцыі не ўдакладняецца — пішуць толькі, «жывадзёрам месца ў турме».

Ад нядаўняга часу правы жывёлаў таксама рэгулююцца асобнымі артыкуламі Адміністрацыйнага і Крымінальнага кодэксаў Рэспублікі Беларусь. Першы прадугледжвае пакараньне ў выглядзе папярэджаньня або штрафу, другі — арышту.

Крымінальная адказнасьць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі набыла сілу ў 2015 годзе і рэгулюецца артыкулам 339.1 КК. Тады ж супрацоўнікі міліцыі атрымалі права складаць пратаколы і прыцягваць да адказнасьці. Падстава — чалавек зьдзекуецца з жывёлы наўмысна і з падкрэсьленай жорсткасьцю.

Аднак на практыцы аказалася, што такія намеры даказаць няпроста, таму ў лепшым выпадку з парушальніка могуць спагнаць некалькі базавых велічыняў (максымальная санкцыя — 1 год пазбаўленьня волі).

У ліпені ўрад адклікаў законапраект «Аб абыходжаньні з жывёламі». Над ім працуюць ужо 7 гадоў, тэкст вярнулі на дапрацоўку шосты раз. У 2016 годзе законапраект прайшоў праз грамадзкае абмеркаваньне, актывісты крытыкавалі яго за тое, што ён можа ўзаконіць жорсткае абыходжаньне з жывёламі. Усе прапановы зоаабаронцаў адхіленыя, ніводная ў праект не ўвайшла.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG