Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адсутнасьць закону і дзяржпраграмы. 10 галоўных праблемаў зоаабаронцаў у Беларусі


Старшыня грамадзкага аб'яднаньня абароны жывёлаў «Заасьвет» Натальля Алам’яр
Старшыня грамадзкага аб'яднаньня абароны жывёлаў «Заасьвет» Натальля Алам’яр

У Менску 1 сьнежня прайшоў першы ўсебеларускі зьезд зоаабаронцаў. Арганізатары — грамадзянская ініцыятыва «Мы з табою ў адным Доме» і грамадзкае аб’яднаньне абароны жывёлаў «Заасьвет».

Удзельнікі зьезду абмеркавалі праблемы зоаабароны ў Беларусі. Свабода падсумавала асноўныя тэзісы дыскусіі.

  1. Няма закону, накіраванага на гуманнае абыходжаньне зь бяздомнымі жывёламі.
  2. Законапраект «Аб абыходжаньні з жывёламі» ня могуць прыняць ужо больш за дзесяць гадоў. Аднак важна распрацаваць новы праект закону аб абароне жывёлаў з улікам міжнароднага досьведу і меркаваньняў зоаабаронцаў Беларусі.
  3. Беларусь не далучылася да эўрапейскіх канвэнцый аб абароне жывёлаў. Калі гэта адбудзецца, то давядзецца мяняць унутранае заканадаўства і прымаць закон аб абароне жывёлаў.
  4. У беларускім заканадаўстве не прапісана, што такое «жорсткае абыходжаньне і зьдзек з жывёлаў». Гэта запавольвае судовае рашэньне па многіх справах.
  5. Статус жывёлы дагэтуль вызначаецца ў Грамадзянскім кодэксе (артыкул 137) як маёмасьць. Гэта правакуе выключна спажывецкі падыход да ўсіх жывёлаў. Гэта значыць, калі жывёла ня мае ўладальніка, то зьяўляецца дзяржаўнай уласнасьцю.
  6. Усе жывыя істоты маюць натуральныя правы. Любая жывёла з нэрвовай сыстэмай мае асаблівыя правы і ня можа разглядацца ў якасьці маёмасьці. Зыходзячы з гэтага, важна зьмяніць 137-ы артыкул Грамадзянскага кодэксу.
  7. Няма дзяржаўнай праграмы стэрылізацыі вулічных жывёлаў.
  8. Бяздомных жывёл адлоўліваюць і зьнішчаюць альбо адстрэльваюць на месцы. На гэта дзяржава выдзяляе велізарныя сумы грошай, аднак праблему гэта не вырашае. Бяздомных жывёлаў на вуліцах менш не становіцца. Неабходна адмовіцца ад жорсткіх мэтадаў (адстрэл, забойства) рэгуляваньня колькасьці бяздомных жывёл і скараціць адпаведныя выдаткі дзяржавы.
  9. На разьвядзеньне жывёлаў прапануецца ўвесьці падатак і заканадаўча замацаваць чыпаваньне і стэрылізацыю свойскіх жывёлаў за кошт уладальнікаў. Гэта важна, бо нестэрылізаваныя жывёлы альбо прыносяць прыбытак свайму ўладальніку (разьвядзеньне на продаж), альбо яны патэнцыйна небясьпечныя для мясцовага бюджэту (адлоў і ўтрыманьне).
  10. За выкідваньне жывёлаў на вуліцу неабходна ўвесьці пакараньне і ўзмацніць адказнасьць за жорсткае абыходжаньне зь імі.

27 лістапада 2018 года Брыжыт Бардо зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай абараніць правы бяздомных жывёлаў у Беларусі. У лісьце Брыжыт Бардо просіць кіраўніка беларускай дзяржавы прыняць захады, каб сродкі, якія выдаткоўваюцца на адлоў і забойства, накіравалі на праграмы стэрылізацыі ў супрацоўніцтве зь мясцовымі зоабаронцамі, а таксама на прытулкі-лячэбніцы для жывёлаў.

Актрыса таксама паведаміла, што гатова накіраваць у Беларусь прадстаўніка свайго фонду, каб «патлумачыць і ўкараніць канцэпцыю рэгуляцыі залішняй колькасьці сабак і катоў бяз болю і пакуаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG