Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстоўцаў у сталіцы Грузіі разагналі вадамётамі


Пратэстоўцы ў Тбілісі, архіўнае фота
Пратэстоўцы ў Тбілісі, архіўнае фота

Каля 5 гадзінаў раніцы паліцыянты разагналі пратэстоўцаў пад будынкам грузінскага парлямэнту, ужылі вадамёты, піша грузінская служба Свабоды.

Ня менш як тры чалавекі атрымалі траўмы, прынамсі 28 былі затрыманыя за «непадпарадкаваньне праваахоўнікам» і «хуліганства», як сьцьвярджае Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі. Адзначаецца, што пратэстоўцы парушылі закон, калі заблякавалі ўваходы ў парлямэнт.

Разгон пачаўся празь некалькі гадзінаў пасьля таго, як тысячы чалавек сабраліся на мітынг у Тбілісі з патрабаваньнем рэформы выбарчай сыстэмы. Дэманстранты, якія стаялі ў чатырох месцах перад уваходамі ў парлямэнт, былі вымушаныя разысьціся, хоць некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся ў адным месцы перад будынкам заканадаўчага органу.

Адзін зь лідэраў апазыцыі Гіоргі Вашадзэ заявіў журналістам, што паліцыя затрымала некалькіх чалавек, у тым ліку апазыцыйнага палітыка. На месца прыбылі сотні паліцыянтаў, а дэманстранты задумалі заблякаваць уваходы ў будынак — казалі, што не дазволяць дэпутатам сабрацца на пасяджэньне ў аўторак. Тады ўлады вырашылі ўжыць гвалт.

Пратэсты ў Грузіі трываюць два тыдні. Удзельнікі патрабуюць пераходу да цалкам прапарцыйнай выбарчай сыстэмы (як, напрыклад, у Польшчы, дзе галасуюць за партыі, а не асобных кандыдатаў) зь цяперашняй зьмяшанай мажарытарна-прапарцыйнай (як ва Ўкраіне: палова з партыйных сьпісаў, як у Польшчы, а палова «пайменна» з акругаў, як у Беларусі).

Такія зьмены ўлады плянавалі на 2024 год, але апазыцыя патрабуе правесьці іх раней — кажуць, цяперашняя сыстэма выгадная партыі ўлады «Грузінская мара». Генэральны сакратар партыі ўлады Каха Каладзэ заявіў, што рэфэрэндум у гэтым пытаньні маюць правесьці ў 2020 ці 2021 годзе, але ў часе выбараў (парлямэнцкіх ці мясцовых). Апазыцыя ж хоча, каб сыстэму зьмянілі да бліжэйшых парлямэнцкіх выбараў.

Цяперашняя спроба заблякаваць парлямэнт — ужо ня першая. Так, тыдзень таму каля парлямэнту будавалі барыкады, на браму вешалі замок. Тады пратэст таксама разагналі вадамётамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG