Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі разагналі пратэст каля парлямэнту. ВІДЭА

абноўлена

Спэцназ каля парлямэнту ў Тбілісі, 18 лістапада 2019
Спэцназ каля парлямэнту ў Тбілісі, 18 лістапада 2019

У Грузіі спэцназ разагнаў акцыю пратэсту каля парлямэнту ў Тбілісі. Раней актывісты заблякавалі будынак парлямэнту.

Паліцыя ўжыла супраць пратэстоўцаў вадамёты і затрымала некаторых удзельнікаў акцыі, у тым ліку лідэра апазыцыйнай партыі "Гірчы" Зураба Джапарыдзэ.

Пасьля гэтага спэцназаўцы адцяснілі ўдзельнікаў акцыі з праспэкту Руставэлі і зьнялі замкі, якія пратэстоўцы навесілі на браму парлямэнту. Аднак некалькі дзясяткаў удзельнікаў акцыі пратэсту ў Тбілісі ўсё роўна вярнуліся на плошчу перад парлямэнтам і працягнулі мітынг.

Трансьляцыю зь месца падзей вяла Грузінская служба Радыё Свабода.

Увечары ў нядзелю актывісты ўсталявалі намёты каля ўваходу ў парлямэнт і заявілі, што не дазволяць заканадаўцам ад кіроўнай партыі ўвайсьці ў парлямэнт, пакуль ня будзе выканана асноўнае патрабаваньне — датэрміновыя выбары.

Пратэстоўцы не прапусьцілі ў парлямэнт прадстаўніка кіроўнай «Грузінскай мары» Мэраба Кварыю, якому давялося прайсьці пры дапамозе супрацоўнікаў паліцыі.

Пратэсты пачаліся 14 лістапада пасьля таго, як парлямэнт Грузіі адмовіўся перайсьці на поўную прапарцыянальную выбарчую сыстэму.

Цяпер па такой сыстэме абіраецца толькі палова грузінскага заканадаўчага органа. Пераход быў першапачаткова заплянаваны на 2024 год. Але апазыцыйныя партыі запатрабавалі ўвесьці закон ужо цяпер, настойваючы на тым, што цяперашняя сыстэма дазваляе каля паловы месцаў у парлямэнце займаць прадстаўнікам «Грузінскай мары».

Законапраект падтрымаў 101 заканадаўца, але для таго, каб папраўка ў Канстытуцыю прайшла, ёй патрабавалася ня менш за 113 галасоў. Большасьць прадстаўнікоў «Грузінскай мары» 14 лістапада прагаласавалі супраць папраўкі, нягледзячы на тое, што прадстаўнікі партыі пасьля летніх пратэстаў абяцалі адмяніць мажарытарную сыстэму ўжо для выбараў 2020 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG