Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія на парозе новай рэвалюцыі. На вуліцах і плошчах Тбілісі зьбіраюцца пратэстоўцы


Мітынг каля парлямэнту Грузіі, 14 лістапада 2019
Мітынг каля парлямэнту Грузіі, 14 лістапада 2019

Парлямэнт Грузіі адхіліў папраўкі ў Канстытуцыю аб пераходзе на цалкам прапарцыйную сыстэму выбараў ужо ў 2020 годзе. Апазыцыя абвінавачвае кіроўную партыю «Грузінская мара» у зрыве канстытуцыйнай рэформы і патрабуе датэрміновых выбараў. На вуліцах і плошчах Тбілісі зьбіраюцца пратэстоўцы.

Пра сытуацыю ў Грузіі мы папрасілі распавесьці аглядальніка грузінскай службы нашага радыё Кобу Ліклікадзэ.

Коба Ліклікадзэ
Коба Ліклікадзэ

— Не была прынятая канстытуцыйная папраўка наконт пераходу на прапарцыйную сыстэму выбараў і скасаваньне прахаднога бар’еру. 6 дэпутатаў ад кіроўнай партыі «Грузінская мара», у тым ліку і віцэ-сьпікер парлямэнту, прагаласавалі супраць папраўкі і выйшлі з кіроўнай кааліцыі.

Можна лічыць, што гэта рэвалюцыя ў межах кіроўнай партыі.
Што тычацца рэвалюцыі на вуліцы, то там зьбіраюцца людзі, актывісты апазыцыйных партыяў. Усе апазыцыйныя партыі, якія прадстаўленыя ў парлямэнце, зніштажальна скрытыкавалі галасаваньне з такім вынікам.
«Грузінская мара» называе апазыцыянэраў папулістамі. Таксама за прыняцьцё паправак выступіла непарлямэнцкая прарасейскія партыя Ніно Бурджанадзэ.

Яны ўсе гавораць, што пасьля сёньняшняга крызісу, адмовы ад зьменаў Канстытуцыі, трэба ісьці на датэрміновыя выбары.

— У «Грузінскай мары» у парлямэнце 104 месца. Для таго, каб папраўкі былі прынятыя, трэба было 113 галасоў. Уся парлямэнцкая апазыцыя была за папраўкі. Дык чаму пазыцыя 6-ці дэпутатаў ад «Мары» аказалася вырашальнай?

— Таму што значная частка дэпутатаў ад «Грузінскай мары», якія абіраліся па мажарытарных акругах, проста не ўзялі ўдзел у галасаваньні.

Гавораць, што гэта быў бунт мажарытаршчыкаў. У парлямэнце усяго 150.
За папраўкі прагаласавала 57 дэпутатаў ад «Грузінскай мары» плюс усе апазыцыйныя фракцыі. Гэтага не хапіла для прыняцьця канстытуцыйнай папраўкі.

— Чаму гэтая праблема стала хіба не цэнтральнай у палітычным парадку дня ў Грузіі. У Вялікабрытаніі і ЗША парлямэнцкія выбары — цалкам па мажарытарнай сыстэме. У недэмакратычнасьці іх, здаецца, ніхто не абвінавачвае.
Чаму па сутнасьці працэдурнае пытаньне стала чыньнікам расколу палітычнай эліты і грамадзтва?

Бідзіна Іванішвілі
Бідзіна Іванішвілі

— Часткова на гэтае пытаньне сёньня адказаў у сваёй заяве лідэр «Грузінскай мары» Бідзіна Іванішвілі. Ён сказаў, што мажарытаріі былі супраць гэтай папраўкі, але кіроўная партыя прыняла рашэньне папраўку падтрымаць. І сам Іванішвілі яе падтрымлівае, лічыць крокам наперад.

Але ён сказаў, што яго апошнія кансультацыі не прывялі да кансэнсусу і мажарытарыі заявілі, што не падтрымаюць у гэтым пытаньні лідэра партыі.

Калі гэта стала зразумела, Іванішвілі пагадзіўся на свабоднае галасаваньне і даў дазвол мажарытарыям галасаваць насуперак партыйнай лініі.

Мажарытарыі — гэта пераважна вельмі багатыя людзі. Яны хочуць захаваць рычагі ўплыву.

— Чаму апазыцыя так горача адстойвае прапарцыйную сыстэму? З прычыны ідэйных матываў ці з дастаткова прагматычных? Даводзілася чытаць, што на думку апазыцыі такая вялікая большасьць у «Грузінскай мары» атрымалася дзякуючы мандатам, атрыманым у мажарытарных акругах.

— Нельга сказаць, што актывісты НДА, партыі, дарэчы, заходнія краіны зыходзяць выключна з прагматычных меркаваньняў. Калі прыгадаць «рэвалюцыю ружаў» Саакашвілі, то ён тады разагнаў парлямэнт. Разагнаў тых, хто быў абраны як раз па партыйных сьпісах.

А мажарытарыяў пакінуў. Гэтыя мажарытарыі, якія кляліся ў вернасьці Шэварнадзэ, адразу пакляліся ў вернасьці Саакашвілі.

Тое, што гэта беспрынцыпныя людзі — гэта не пазбаўлена рацыі. Але і не выпадае казаць, што трапленьне ў парлямэнт 15 дробных партыйных фракцыяў — гэта вельмі добра для дэмакратыі.

Дарэчы, такое ўжо было, калі прэзыдэнтам быў Міхэіл Саакашвілі, тады ў Грузіі ўжо была цалкам прапарцыйная сыстэма выбараў у парлямэнт.
Але зараз у апазыцыі ёсьць кансэнсус, што трэба мяняць выбарчы закон і пераходзіць на цалкам прапарцыйную сыстэму.

— Зараз лёзунг тых, хто выходзяць на плошчу — гэта новыя парлямэнцкія выбары. Новыя выбары па старым законе? Новы ж прыняты ня быў.

— Сьпікер парлямэнту Грузіі, прадстаўнік «Грузінскай мары», заявіў, што і ён незадаволены вынікам галасаваньня, што большасьць фракцыі галасавала за папраўку. Але паводле яго ніякіх датэрміновых выбараў.
Выбары будуць па старой сыстэме ўвосень 2020 году.

Апазыцыя лічыць, што ва ўлады, у парлямэнту няма легітымнасьці і патрэбныя датэрміновыя выбары.

Вынік гэтага дужаньня вызначыцца сёньня, калі каля парлямэнту зьбяруцца апанэнты «Грузінскай мары».

— А Іванішвілі так ужо супраць датэрміновых выбараў? Апазыцыя можа лічыць, што ён згубіў легітымнасьць, выбарнікі могуць мець іншую думку.

— Я б быў безадказным чалавекам, калі б сказаў, што ведаю, што думае Іванішвілі. Я адзін раз, у 2015 годзе, зь ім размаўляў. Ён не зьяўляецца на публіцы, ён вельмі закрыты чалавек.

Фактычна адбыўся раскол у яго палітычнай сіле. І апазыцыя вешае ўсіх сабакаў, так бы мовіць, на Іванішвілі, кажучы, што ён зымітаваў гэты бунт мажарытарыяў. Так што складана сказаць, якое рашэньне ён прыме.

- А што кажуць сацыялягічныя апытаньні — калі б выбары прайшлі заўтра, за каго прагаласуе народ?

— Былі апытаньні амэрыканскіх інстытутаў — Рэспубліканскага і Дэмакратычнага. Паводле апошніх апытаньняў людзі ў большасьці прагаласавалі б за «Грузінскую мару». Але зараз, калі ў краіне рэвалюцыйныя і перадрэвалюцыйная сытуацыя, настроі грамадзтва могуць зьмяніцца.

— А цяперашнія пратэсты могуць, кажучы вядомым эфэмізмам, выйсьці з-пад кантролю? Ці могуць яны ператварыцца ў жорсткія сутыкненьні, у захопы афіцыйных установаў, у захоп улады?

— Гэта будзе залежыць ад паводзінаў апазыцыі і Бідзіны Іванішвілі. Прадстаўнікі апазыцыйнай «Эўрапейскай Грузіі» ужо заявілі, што не выключаюць ніякіх сцэнароў — пікеты, страйкі, сідзячыя страйкі, які зараз адбываецца каля парлямэнту. Пра сілавыя сцэнары размова не ідзе. Сытуацыяй могуць скарыстацца радыкалы, але пакуль радыкальных праяваў няма.

20 чэрвеня сёлета падзеі вельмі хутка разьвіваліся, спачатку быў мірны пратэст, потым сутыкненьні, выкарыстаньне гумовых куляў. Часам гэта адбываецца без падрыхтоўкі і плянаваньня.

— Летась у вашых суседзяў, у Армэніі, лідэр фракцыі ў парлямэнце, якая налічвала 10% дэпутатаў, пры дапамозе вуліцы зрынуў уладу партыі, у якой была большасьць у парлямэнце. Армянскі сцэнар для Грузіі магчымы?

Міхеіл Саакашвілі
Міхеіл Саакашвілі

— Шчыра кажучы, я зараз ня бачу ў Грузіі Пашыньяна. Грузінскі Пашыньян — Міхэіл Саакашвілі, знаходзіцца ў выгнаньні. Ён ужо заклікаў людзей выйсьці на вуліцы, заявіў, што ўрад страціў легітымнасьць і прыйшоў час узяць уладу ў свае рукі. Але выступы Саакашвілі, як паказаў досьвед папярэдніх акцыяў пратэсту, больш ліе ваду на млын улады, чым апазыцыі.

— Наколькі сілавікі верныя цяперашняй улады, наколькі яны гатовыя супрацьстаяць вуліцы?

— Гэта вельмі складанае пытаньне. Але варта сказаць, што ўсе сілавыя структуры — МУС, міністэрства бясьпекі, міністэрства абароны — у руках надзейных людзей Бідзіны Іванішвілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG