Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчыца ААН: у Беларусі «неапраўдана сурова» караюць падлеткаў за нарказлачынствы


Анаіс Марэн, архіўнае фота
Анаіс Марэн, архіўнае фота

Дакладчыца ААН аб правах чалавека ў Беларусі выступіла з заявай, у якой выказала занепакоенасьць вялікімі турэмнымі тэрмінамі для падлеткаў у Беларусі, асуджаных за наркатычныя злачынствы.

«Мяне турбуе, што існы ў Беларусі жорсткі падыход да правапарушальнікаў, зьвязаны зь незаконным абарачэньнем наркотыкаў, распаўсюджваецца і на дзяцей — без уліку іх спэцыфічнай сытуацыі і спэцыфічных патрэбаў», — сказала Анаіс Марэн.

На думку спэцдакладчыцы ААН, непаўналетніх трэба адпраўляць у турму ў крайнім выпадку, а тэрмін іхнага зьняволеньня павінен быць максымальна кароткім, але ў Беларусі «падлеткі атрымліваюць неапраўдана жорсткія прысуды». Анаіс Марэн заклікала беларускія ўлады прывесьці Крымінальны кодэкс у адпаведнасьці з уласнымі абавязаньнямі ў рамках Канвэнцыі аб правах дзіцяці.

Яна выказала занепакоенасьць тым, што ў зьняволеньні падлеткі ўтрымліваюцца ў неадэкватных умовах, абмежаваныя ў зносінах з роднымі, бяз поўнага доступу да мэдыцынскай дапамогі і адукацыі, атрымліваюць жорсткія спагнаньні за дробныя ўчынкі.

Акрамя таго, Марэн зьвярнула ўвагу на тое, што ў Беларусі праблему спажываньня наркотыкаў і наркатычнай залежнасьці разглядаюць у крымінальным кантэксьце, а ня ў якасьці праблемы аховы здароўя.

«Я заклікаю ўрад перагледзець заканадаўства ў галіне наркотыкаў і сыстэму ювэнальнай юстыцыі, у першую чаргу з тым, каб знайсьці альтэрнатывы турэмнаму зьняволеньню», — заявіла Марэн.

Яна вітала абвешчаную сёлета ў Беларусі амністыю, у рамках якой непаўналетнім, асуджаным за нарказлачынствы, скароцяць тэрмін зьняволеньня на два гады, але выказала шкадаваньне, што гэта распаўсюджваецца толькі на тых, хто атрымаў невялікія тэрміны зьняволеньня.

Беларусь з самага пачатку заявіла, што не прызнае мандата спэцыяльнага дакладчыка аб Беларусі. Улады не даюць дазволу Анаіс Марэн, як і яе папярэдніку Міклашу Харасьці, наведаць краіну.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG