Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падлеткавы суіцыд: адна праблема лепш за дзьве


17-гадовы юнак, які сёлета скончыў самагубствам у Гомлі
17-гадовы юнак, які сёлета скончыў самагубствам у Гомлі

Кожны чацьвёрты падлетак у Беларусі задумваецца пра суіцыд — такая інфармацыя зьявілася ў выніку дасьледаваньня, праведзенага Інстытутам бізнэсу БДУ ў 2018-2019 годзе. На шчасьце, да пасьпяховай спробы самазабойства даходзіць далёка не ва ўсіх. У 2018 годзе 28 дзяцей і падлеткаў загінулі ад суіцыдаў.

Бадай, гэта адзін з найвялікшых страхаў любых бацькоў — страціць дзіця, ды яшчэ і таму, што яно само ня хоча больш жыць. Але дасьледчыкі кажуць, што адной з прычын дзіцячых і падлеткавых самазабойстваў становяцца праблемы ў сям’і. Асобна агучваецца такая прычына, як напружаныя стасункі з бацькам.

Пра ролю сям’і ў самагубствах непаўналетніх кажа і Вольга Літвінава, галоўная дзіцячая псыхіятарка Міністэрства аховы здароўя: «Галоўныя прычыны, якія штурхаюць непаўналетніх да такіх крокаў, як правіла, тояцца ў сям’і, дзіцяча-бацькоўскіх стасунках, адчуваньні адзіноты, неразуменьня, непрызнаньня».

Вядома ж, не існуе нейкага унівэрсальнага сродку, які дапамог бы раз і назаўжды. Дзеці могуць жадаць сябе забіць з розных прычын, але са словаў спэцыялістаў вынікае, што добры псыхалягічны клімат у сям’і ўсё ж можа зьнізіць рызыкі.

Мяне, напрыклад, у дзяцінстве не білі, але даверлівых стасункаў з бацькамі таксама не было. І я цудоўна памятаю, як у падлеткавым узросьце думала пра суіцыд. Гэта быў час першых сэксуальных экспэрымэнтаў, і я ў нейкі момант прыняла рашэньне, што калі нешта пойдзе не так, і я зацяжару, найлепшым выйсьцем з сытуацыі будзе самазабойства. Такія думкі ўзьнікалі праз тое, што маці ладзіла вельмі спэцыфічную сэкс-асьвету: уласна пра сэкс нічога не расказвала, але казала, што калі «прынясу ў падоле» — размажа мяне па сьценцы «гэтымі самымі рукамі». З аповедаў знаёмых я ведаю, што была такая не адна.

Так склалася, што іншых патэнцыйных канфліктаў у сям’і я не баялася так моцна, а вось разборкі з падлеткавай цяжарнасьцю выглядалі канцом сьвету. Такім жа канцом сьвету для іншых падлеткаў могуць быць кепскія адзнакі за чвэрць, знойдзеныя ў кішэні цыгарэты, не прыбраная своечасова кватэра ці ня выведзены на шпацыр сабака, які нагадзіў на новы дыван.

Цяпер я разумею, што ўсё гэта ўвогуле не праблемы, а проста задачы, якія трэба вырашыць. Але ж у падлеткавым узросьце ўсё выглядае значна больш драматычна.

Задача дзяржавы і розных грамадзкіх інстытуцый — спрыяць паляпшэньню клімату ў сем’ях, тлумачыць дзецям і бацькам, як важны давер, і як небясьпечны страх. Але ў нас з гэтым усё складана, бо прэзыдэнт наўпрост заяўляе, што дзяцей трэба біць, і патрабуе вярнуць на працу настаўніцу, якая замахвалася на вучня партай.

У адпаведнасьці з так званымі традыцыйнымі каштоўнасьцямі дзеці мусяць баяцца бацькоў. У сям’і павінна быць герархія, і малых у іх кепскіх паводзінах павінен спыняць страх перад пакараньнем. Я нават пагаджуся, што ў пэўнай ступені гэта можа працаваць (страх, а не біцьцё) — калі дзеці баяцца пакараньня, яны і праўда могуць адмовіцца ад тых жа цыгарэт, што прапануюць паспрабаваць сябры. Але калі яны прывучаны да страху, дык баяцца распавесьці бацькам і пра тыя сытуацыі, калі яны трапілі ў праблемы не па сваёй волі.

А калі пра нейкія праблемы не ведаць, яны не зьнікаюць. Яны застаюцца такімі ж сур’ёзнымі, толькі іх яшчэ і немагчыма кантраляваць.

Школьныя псыхолягі могуць бясконца заклікаць бацькоў размаўляць зь дзецьмі пра іх пачуцьці і перажываньні, але каб гэтыя размовы былі шчырымі, у дзяцей не павінна быць страху. Як можа падлетак распавесьці, што трапіў ў непрыемнасьці, калі ведае, што за гэта будуць біць? Адна праблема лепш за дзьве.

А некаторыя вырашаюць, што лепш пазбавіцца ад усіх праблем разам і скончыць жыцьцё самагубствам. 28 чалавек — гэта, дарэчы, цэлы школьны кляс.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG