Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На яго моцна ціснулі ў каледжы». Што сябры кажуць пра 17-гадовага Ігара, які забіў сябе


17-гадовы юнак, які ўчыніў суіцыд
17-гадовы юнак, які ўчыніў суіцыд

6 кастрычніка ў вёсцы Турышчавічы пад Чачэрскам пахавалі 17-гадовага Ігара. Хлопец быў сацыяльны сірата. Ён вучыўся на трэцім курсе каледжу ў Гомлі. 4 кастрычніка Ігар скочыў з 10 паверху на вачах сяброў.

Свабода пагутарыла зь сябрамі Ігара. Яны пагадзіліся распавесьці пра трагедыю на ўмовах ананімнасьці.

«За ім быў моцны кантроль у інтэрнаце»

Максім (імя, як і іншых, зьмененае. — РС) вучыўся разам зь Ігарам на трэцім курсе прафэсійна-тэхнічнага каледжу электратэхнікі. Хлопцы жылі разам у інтэрнаце. Бацькоў Ігара пазбавілі правоў — праз алькагалізм. Навучэнец быў на дзяржаўным забесьпячэньні.

«Апроч харчаваньня ў каледжы, дзяржаўная дапамога была ў памеры 130–160 рублёў. Банкаўскую картку ў яго забіралі — каб не марнаваў грошы. Каб схадзіць у краму, ён мусіў прасіць аб гэтым сацыяльнага пэдагога. З інтэрнату яго не выпускалі — напрыклад, калі ён хацеў зьезьдзіць да бацькоў у вёску ці да сястры ў Гомлі.

За Ігарам у інтэрнаце быў моцны кантроль — бо ў яго былі праблемы з паводзінамі, ён некалькі разоў трапіўся супрацоўніцы інспэкцыі па справах непаўналетніх выпіўшым. Напярэдадні самагубства ў яго быў канфлікт з супрацоўніцай інспэкцыі, яго пагражалі перавесьці ў спэцшколу.

Вечарам Ігар спрабаваў рэзаць вены. Ранкам ён некуды сышоў. Потым я даведаўся, што ён скінуўся з 12-павярховага дома на Мазурава. Перад гэтым ён патэлефанаваў сваім двум сябрам і паведаміў, дзе ён. Ён скінуўся на вачах аднаго зь сяброў», — сказаў Максім.

«Маці кідалася за ім у магілу»

Учора Максім быў на пахаваньні сябра ў вёсцы Турышчавічы.

«Ня верыцца, што Ігара няма. Здаецца, гэта ўсё нерэальна. Ягоная маці кідалася за ім у магілу, але мне здаецца, гэта больш напаказ яна рабіла. Сястра яго моцна плакала, яна была проста ў шокавым стане. Той наш сябар, на вачах якога скінуўся Ігар, таксама быў на пахаваньні. Ён быў у такім стане, што наогул ні з кім не размаўляў», — дадаў навучэнец.

Тыя сябры, якія былі на месцы трагедыі, адмовіліся размаўляць, бо давалі падпіску аб неразгалошваньні — распачата крымінальная справа па артыкуле 145 Крымінальнага кодэксу (давядзеньне да самагубства). Гэта стандартная практыка сьледчых па самагубствах падлеткаў. Распачатая крымінальная справа дазваляе сьледчым больш грунтоўна правесьці праверку і экспэртызы па факце сьмерці падлетка.

«Унізе стаяла жанчына-міліцыянэр»

Уладзімер (імя зьмененае) сябраваў зь Ігарам.

«Ён быў добры чалавек, мог падтрымаць, калі былі праблемы. Яму пагражалі перавесьці ў спэцшколу, на яго моцна ціснулі ў каледжы, ён быў на поўным кантролі. Усё гэта набіралася, набіралася, а выгаварыцца яму не было каму. Ён гэта ўсё трымаў у сабе. Я думаю, гэта здарылася, бо ў яго набралася шмат нэгатыву, таму што на яго ціснулі», — лічыць Уладзімер.

Яшчэ адзін прыяцель распавёў пра падзеі, што адбыліся ранкам 4 кастрычніка, такую вэрсію (не пацьверджаную афіцыйна). Апошні раз Ігар быў у сацыяльных сетках у 11.16 4 кастрычніка. У 23.05 3 кастрычніка ён паставіў на сваёй старонцы ва «Ўкантакце» карцінку «The End».

«Ігар жыў у інтэрнаце на Фядзюнінскага. Ранкам 4 кастрычніка ён апынуўся на Мазурава — гэта іншы раён гораду. Адтуль патэлефанаваў сябрам. Адзін зь іх пад’ехаў туды і прасіў Ігара не рабіць гэтага. І другі ўсьлед пад’ехаў. Папраўдзе, ніхто ня верыў, што ён скочыць. Ігар, здавалася, ужо перадумаў, паслухаўся сябра і закінуў нагу назад на балькон — гэта быў агульны балькон. Але потым ён адпусьціў рукі і скочыў», — пракамэнтаваў адзін зь сяброў Ігара.

Сьведкай трагедыі стала жыхарка Гомля Ірына. 4 кастрычніка яна ішла на працу. Перад ёй ішлі супрацоўніца інспэкцыі па справах непаўналетніх і «рудзенькі хлопчык зь ёй».

«Я вырашыла, што яна з інспэкцыі, бо была жанчына ў міліцэйскай форме. Яна казала хлопчыку, што „Ён усё роўна гэта зробіць“ і „Гэта ня першы раз“, — дакладна не скажу, нешта ў такім сэнсе», — сказала Ірына.

«Рудзенькі, у клятчатай вопратцы, стаяў зьнізу і ўгаворваў таго хлопчыка, які ўжо вісеў на бальконе і рукамі трымаўся. Мне здаецца, ён на такой мяжы быў, што яго ніхто б не ўгаварыў ужо. Можа, калі б спэцыяльныя работнікі былі, ці псыхоляг... Там унізе стаяла толькі жанчына-міліцыянэр. Але яна стаяла зусім каля іншага дому і назірала. Яна нічога не рабіла. Стаяла, і было такое адчуваньне, што яна нават баялася выйсьці. Потым хлопчык адштурхнуўся нагамі, адпусьціў рукі. Гэта чужы чалавек мне быў, але гэта дзіця, гэта жахліва», — кажа Ірына.

Ідзе сьледзтва, працуе пракуратура

Намесьнік старшыні абласной камісіі па справах непаўналетніх Яўген Міткевіч у камэнтары Свабодзе сказаў, што цяпер ідзе сьледзтва, працуе пракуратура.

«Мы працуем толькі пасьля таго, як сьледчыя органы і пракуратура ўстановяць датычнасьць кожнага. Толькі такім чынам», — дадаў Яўген Міткевіч.

Паводле яго, прафіляктыка падлеткавых самагубстваў праводзіцца «ў межах дзейнага заканадаўства і тых нарматыўных дакумэнтаў, якія прынятыя і зацьверджаныя».

Яўген Міткевіч не адказаў на пытаньні, ці была супрацоўніца інспэкцыі па справах непаўналетніх на месцы трагедыі.

«Вы задаяце мне пытаньні, якія не ўваходзяць у маю кампэтэнцыю», — сказаў намесьнік старшыні абласной камісіі.

Афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласьці Марыя Крываногава паведаміла Свабодзе, што ў мэтах усебаковага і аб’ектыўнага дасьледаваньня абставін гібелі непаўналетняга Гомельскі гарадзкі аддзел СК распачаў крымінальную справу. Гэта дае сьледчым магчымасьць правесьці шырокі комплекс сьледчых дзеяньняў.

Тэлефоны даверу і «гарачыя лініі» для псыхалягічнай дапамогі падлеткам у крызіснай сытуацыі

8 801 100-16-11 — круглыя суткі, бясплатна, ананімна

+375 17 246-03-03

У Гомлі

+375 232 31-51-61 — круглыя суткі, бясплатна, ананімна

+375 232 75-55-97 — у будні, з 8 да 17, бясплатна, ананімна

+375 232 37-91-91 — у будні, з 8 да 24.00, бясплатна, ананімна

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG