Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьцягнуў шыю матузком і зламаў кадык. Хіба такое магчыма?»


Міліцэйскі аўтамабіль, у якім загінуў Дзьмітры Захарчэня

Кобрынскі раённы аддзел Сьледчага камітэту праводзіць праверку па факце сьмерці ў міліцэйскім службовым аўтамабілі «ГАЗ» Дзьмітрыя Захарчэні, жыхара аграгарадку Стрыгава Кобрынскага раёну. Паводле міліцэйскай вэрсіі, Дзьмітры Захарчэня засіліўся ў аўтамабілі, пакуль яго везьлі з дому ў пастарунак. Мясцовыя ставяцца да гэтай вэрсіі зь недаверам.

Трагедыя адбылася ноччу 7 ліпеня. Міліцэйская сьледча-апэратыўная група выехала ў Стрыгава на выклік аб злачынстве. Суседзі нябожчыка цяпер кажуць, што Дзьмітры Захарчэня сам выклікаў міліцыю, бо ў яго скралі ровар. Але чаму яго ж і затрымалі ды павезьлі ў міліцыю, для суседзяў загадка. Міліцэйская вэрсія — побытавы канфлікт.

«На месцы разбору ўзьнік сямейны скандал. За зьдзяйсьненьне адміністрацыйнага правапарушэньня быў затрыманы і зьмешчаны ў салён (адсек для затрыманых) службовага аўтамабіля „ГАЗ“ мясцовы жыхар 1986 году нараджэньня, якога раней неаднаразова прыцягвалі да адказнасьці за аналягічныя правапарушэньні, там жа ён зьдзейсьніў суіцыд», — паведаміла прэсавы сакратар МУС Вольга Чамаданава ў тэлеграм-канале.

Што кажуць пра здарэньне і Дзьмітрыя Захарчэню ў аграгарадку Стрыгава?

Кацярына Рыгораўна жыве насупраць дому, у якім Дзьмітры жыў з жонкай, двума малымі сынамі, цешчай і яе сынам. Пра тое, як засіліўся Дзьмітры, пачула ад ягонай цешчы.

«Яна прыйшла да мяне раніцай, а 5-й, і плача, што няма ўжо Дзімы. Ёй казалі міліцыянты, што дастаў матузкі і засіліўся, ажно кадык зламаў. Вось нядаўна цела з экспэртызы прывезьлі, заўтра будзе пахаваньне», — кажа суседка Захарчэні.

На пытаньне, ці верыць жанчына ў вэрсію пра самагубства, не адказала: «Адкуль жа я ведаю. Але людзі дзівяцца, ці такое магчыма, ды яшчэ каб кадык зламаў матузком».

Іншыя жыхары аграгарадку Стрыгава таксама зь недаверам ставяцца да вэрсіі пра суіцыд у аўтамабілі.

«Добры быў мужчына, яго ўсе шкадуюць. А што сам сябе засіліў, я ня веру», — сказала прадавачка мясцовай крамы, якая не назвала свайго імя.

Месца для перавозкі затрыманых ў міліцэйскай машыне
Месца для перавозкі затрыманых ў міліцэйскай машыне

Ніна, мясцовая санітарка, вэрсію пра суіцыд у службовым аўтамабілі абыходзіць. «Я ж там не была». Але таксама кажа, што «мала верыцца». Пра тое, што сям’я Захарчэняў была праблемнай, Ніна ня ведала.

«Можа ён і выпіваў, бо тут хто не выпівае, але дэбошаў не чыніў. І жонку ягоную я ніколі ня бачыла нецьвярозай. Заўсёды ветлівая і прыемная».

Затое іншая суседка згадала пра рэгулярныя канфлікты Дзьмітрыя зь цешчай. «Можа, яна на яго міліцыю і выклікала. Бо і сама любіць выпіць», — сказала Кацярына.

Дзьмітры Захарчэня, па яе словах, быў мужчына гаспадарлівы, рабіў будаўніком у Кобрыне і Берасьці, зрабіў столь у хаце, дапамагаў цешчы на зямельным участку. «Але так, выпіць мог». На пачатку ліпеня, паводле суседкі, у сям’і Захарчэні адзначалі дзень народзінаў жонкі. «Можа, сьвята і зацягнулася».

Ці рэальна засіліцца ў газіку

Міліцэйскі аўтамабіль «ГАЗ» мае адсек для перавозкі затрыманых памерам 60 на 60 сантымэтраў. Такія памеры назваў кобрынскі актывіст Алесь Мех, якога міліцыянты ня раз вазілі на газіку ў пастарунак пасьля пратэставых акцый. І ўсё ж Алесь Мех кажа, што засіліцца ў адсеку для затрыманых складана не з прычыны малой прасторы.

«У міліцыянтаў інструкцыя: калі затрымліваюць зь перавозкай, абавязкова забіраюць пэўныя рэчы: рамень, мэталічныя прадметы, у тым ліку манэты, нават матузкі. Мяркую, найперш дзеля ўласнай бясьпекі, але і для затрыманага гэта падстрахоўка, каб з сабой чаго не зрабіў. Мяне аднойчы везьлі ў горад, дык сярод лесу спыніліся. Думаў, зьбіваць пачнуць, а яны загадалі матузкі з рэменем зьняць, бо забыліся. Чаму ў гэтым выпадку матузкі не забралі — для мяне незразумела», — сказаў Алесь Мех пра выпадак зь Дзьмітрыем Захарчэнем.

Справа Сяргея Абрамовіча — адзін у адзін

Не ўпершыню ў Беларусі затрыманыя гінуць у міліцэйскім аўтамабілі. У лістападзе 2018 году ў Нясьвіжы гэтаксама пасьля сямейнага скандалу на матузку засіліўся лесаруб Сяргей Абрамовіч, якому было 48 гадоў. Тады месцам трагедыі стаў аўтамабіль «УАЗ Патриот».

Сваякі Сяргея Абрамовіча не пагадзілася з афіцыйнай вэрсіяй пра суіцыд. У прыватнасьці, сястра нябожчыка Іна казала пра зьбіты твар брата, бацька Віктар Абрамовіч згадваў, што ня бачыў на шыі сына сьлядоў павешаньня. Пакуль аспрэчыць вынікі праверкі па факце сьмерці Сяргея Абрамовіча сваякам не ўдалося.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG