Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да нас, цыганоў, такое стаўленьне!» Падлетка за крадзеж тэлефона паклалі ў псыхіятрычны шпіталь


Натальля з сынам Радзівонам на спатканьні ў псыхіятрычным шпіталі

15-гадовы Радзівон Макараў — з цыганскай сям’і. Ён трапіў пад крымінальны перасьлед — скраў у суседа тэлефон. З чарговага допыту ў Сьледчым камітэце хлопца завезьлі ў закрытае дарослае аддзяленьне псыхіятрычнага шпіталю.

«За што так з маім Радзівонам? Ён жа не вар’ят! А там ён дакладна здурэе!», — плача ягоная маці.

Натальля Макарава мае чатырох дзяцей. Двое ўжо дарослыя, двое — непаўналетнія. Малодшаму сыну тры гады. Натальля жыве ў вёсцы Прыбар Гомельскага раёну. Два тыдні таму яе 15-гадовы сын скраў тэлефон у суседа. «Мы аддалі той тэлефон, але крымінальную справу ўсё роўна распачалі. Паехалі ў пятніцу, 5 ліпеня, на допыт у Сьледчы камітэт. Прыехала туды і Ганна Сяргееўна з аддзелу апекі. Яна загадала забраць майго Радзівона ў вар’ятню. На якой падставе?», — распавядае Натальля.

Натальля Макарава са сваячкай
Натальля Макарава са сваячкай

Ранкам 8 ліпеня ў аддзеле адукацыі Гомельскага райвыканкаму высьветлілася, што Ганна Сяргееўна Мішына — загадчыца сэктару аховы правоў дзяцінства, не працуе ад сёньня. Натальлю Макараву прыняла намесьніца старшыні камісіі па справах непаўналетніх Гомельскага райвыканкаму Алена Кавалёва. Яна запэўніла, што ўсе дзеяньні органаў апекі робяцца з мэтай дапамогі і абароны Радзівона.

Алена Кавалёва падкрэсьліла, што дзіця ў Натальлі ніхто не адбіраў, а рашэньне пра шпіталізацыю Радзівона прыняў лекар у псыхіятрычным шпіталі. Ганна Сяргееўна з сэктару аховы правоў дзяцінства ўсяго толькі адвезла падлетка туды на кансультацыю. Зь якой мэтай, чаму падлетку спатрэбілася кансультацыя псыхіятра — у камісіі па справах непаўналетніх ня адказалі.

Схільны да валацужніцтва, ці надта любіць свабоду

У камісіі па справах непаўналетніх ведаюць пра сытуацыю з Радзівонам. Некалькі гадоў таму ён разам з меншым братам, які толькі нарадзіўся, былі адабраныя ў Натальлі і зьмешчаныя ў прытулак праз неспрыяльныя жыльлёвыя ўмовы. Натальля палепшыла ўмовы і дзяцей ёй аддалі. Разам з тым, Радзівон зьбягаў з прытулку — і гэта ўзімку, у мароз. Яго знайшлі ў летнім адзеньні пад мостам.

У камісіі лічаць, што падлетак схільны да валацужніцтва. Яго не маглі знайсьці, каб прывезьці на допыт. Маці сьцьвярджае, што Радзівон проста надта любіць свабоду, і яна не можа яго да сябе прывязаць вяроўкай. «Ён жыве цяпер ў свайго таты. Я адмыслова не казала, калі зь міліцыі і апекі прыяжджалі па яго, дзе ён, каб яго зноў не забралі ў прытулак», — кажа Натальля.

Натальля з сынам Радзівонам на спатканьні ў псыхіятрычным шпіталі
Натальля з сынам Радзівонам на спатканьні ў псыхіятрычным шпіталі

«Мы ня можам перавыхаваць сваіх дзяцей — бо самі не перавыхаваліся»

Цяпер Радзівон знаходзіцца ў 11 закрытым аддзяленьні Гомельскага абласнога псыхіятрычнага шпіталю. «Ён, бедны, плача, хоча дахаты. Яму там страшна. Ён мне казаў, што скінецца з вакна. Ох, як уратаваць маё дзіця. Я хутка сама траплю ў вар’ятню», — кажа Натальля.

Лекарка з 11 аддзяленьня адказала Натальлі, што яна пакуль не глядзела Радзівона, таму ня ведае — колькі яшчэ хлопчык будзе знаходзіцца ў шпіталі. «Ужо чатыры дні мой хлопчык тут, і яго ніхто не глядзеў! Для чаго было яго сюды забіраць?», — зьдзіўляецца жыхарка Прыбару.

Натальля ўпэўнена, што ўсе праблемы цыганоў — праз іх законы, якія супярэчаць беларускім. «У нас надта вольны народ. Мы ня можам жыць не па сваіх законах. Раней жылі ў кібітках. Босыя, голыя, галодныя — і ніхто дзяцей не забіраў у нас! У нас усе жывуць па сваім законе. Мы ня можам перавыхаваць сваіх дзяцей — бо самі пакуль не перавыхаваліся. Нас ніхто ня можа перавыхаваць. Нам тлумачаць — як жыць па беларускіх законах, але мы ня можам гэтага зразумець — мы ўсё роўна сваё робім, і нашы дзеці сваё робяць. Бо мы вольны народ. Мной бацькі не камандавалі — я ў 13 гадоў выйшла замуж. І я Радзівонам не магу камандаваць. Ён куды захоча — туды ідзе», — кажа Натальля.

Натальля Макарава са сваячкай.
Натальля Макарава са сваячкай.

«Сыстэма адукацыі — рэпрэсіўны да цыганоў апарат»

Праваабаронца Марыя Клімовіч шмат гадоў займаецца праблемамі гомельскіх цыганоў. Знаёмая яна і з Натальляй. Праваабаронца лічыць, што жанчына «трапіла ў пастку».

«У гэтым немалая віна службовых асобаў. Раней Натальля жыла ў Брагінскім раёне. Там у яе былі добрыя жыльлёвыя ўмовы. Але ў вёсцы не было працы. Яна была вымушана перабрацца сюды, да радні, у Прыбар. Цяпер яе тэрарызуюць з аддзелу адукацыі за кепскія жыльлёвыя ўмовы, пагражаюць забраць дзяцей. Адзін раз дзяцей забіралі ў прытулак. Праз гэта Натальля страціла права атрымаць дапамогу па нараджэньні дзіця. А за тыя грошы яна магла б палепшыць свае ўмовы жыцьця. Пастка», — кажа Марыя Клімовіч.

Яна прыйшла да высновы, што цяпер сыстэма адукацыі пераўтварылася ў «рэпрэсіўны апарат» у дачыненьні бедных цыганскіх сямей. «Калі раней твар НКВД быў суровы мужчына ў вайсковай форме, то цяпер твар НКВД — дагледжаная дама з вышэйшай пэдагагічнай адукацыяй», — дадала праваабаронца.

Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG