Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Горадзеншчыне пачалі эксгумацыю — шукаюць парэшткі брата Кастуся Каліноўскага


Магіла Віктара Каліноўскага (пасярэдзіне, на дальнім пляне)

​Сьледчы камітэт пачаў эксгумацыю меркаванага пахаваньня Віктара Каліноўскага — старэйшага брата кіраўніка паўстаньня 1863–1864 гадоў. Генэтычная экспэртыза можа пацьвердзіць, што ў Вільні на Гедзімінавай гары знайшлі менавіта Кастуся Каліноўскага.

Падрыхтоўчыя працы пачаліся пачаліся 8 ліпеня, сказаў Свабодзе праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч. Ён удзельнічае ў працэсе як прадстаўнік грамадзкасьці і назіральнік.

У Сьвіслачы па абедзе прайшла нарада з удзелам прадстаўнікоў Сьледчага камітэту Менску і Горадні, беларускіх і літоўскіх археолягаў, літоўскай амбасады. На ёй абмеркавалі парадак правядзеньня працаў.

8 ліпеня помнік і надмагільле зь імем Віктара Каліноўскага дэмантуюць. Адновяць іх празь некалькі месяцаў, пасьля правядзеньня ўсіх працаў.

9 ліпеня пачнуць пад адмысловым шатром рабіць раскоп, шукаць парэшткі. Што знойдуць, возьмуць на экспэртызу.

Хільмановіч кажа: калі ДНК парэшткаў пад помнікам не супадзе з ДНК меркаваных парэшткаў Кастуся Каліноўскага, то невядома, ці працягнуць пошукі далей.

«Хутчэй за ўсё, што не, бо гэтая магіла — адзіная зачэпка. Ніхто не аспрэчваў, што гэтыя раскопкі маюць лятарэйны характар. Дыяпазон магілы можа быць шырокі. Наўрад ці яны будуць пашыраць раскоп», — мяркуе Хільмановіч.

Каля магілы Віктара Каліноўскага ў Сьвіслачы
Каля магілы Віктара Каліноўскага ў Сьвіслачы

Дакладнае месца пахаваньня Віктара Каліноўскага невядомае, акрамя таго, што гэта на сьвіслацкіх могілках, побач з касьцёлам. Крыж і камень зь ягонай магілы знайшлі сьвіслацкія краязнаўцы ў пачатку 1990-х гадоў. Надмагільле аднаўлялі ў прыкладным месцы за свае сродкі актывісты са Сьвіслачы і Горадні.

Парэшткі 18 паўстанцаў 1863–1864 гадоў знайшлі ў Вільні пасьля апоўзьню 2016 году. Асобу Кастуся Каліноўскага ідэнтыфікавалі. Аднак няма генэтычнага пацьверджаньня, бо не атрымалася знайсьці жывых нашчадкаў па мужчынскай лініі.

«Дапамагло антрапалягічнае дасьледаваньне і параўнаньне чэрапа з прыжыцьцёвым фатаздымкам. І хоць сумневаў, што гэта ён, практычна не застаецца, было б добра працягнуць працу, узяўшы ДНК ягонага брата Віктара, пахаванага ў Сьвіслачы», — казаў раней Свабодзе археоляг і супрацоўнік Нацыянальнага музэя гісторыі Літвы Гіціс Грыжас.

Знойдзеныя парэшткі паўстанцаў плянуюць перапахаваць на могілках Росы ў Вільні. Мэмарыяльныя ўрачыстасьці маюць прайсьці акурат пад дзень ушанаваньня памерлых продкаў Дзяды, 2 лістапада 2019 году.

Могілкі Росы ў Вільні
Могілкі Росы ў Вільні

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG