Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Буду патрабаваць эксгумацыі». Адміністрацыя Лукашэнкі сочыць за расьсьледаваньнем сьмерці ў міліцэйскай машыне пад Нясьвіжам


Паводле сястры загінулага Іны Русак, вынікі дадатковай праверкі ў Менскім абласным упраўленьні СК павінны агучыць у канцы красавіка.

Пра сьмерць затрыманага міліцыянтамі жыхара Нясьвіскага раёну стала вядома на пачатку сьнежня 2018 году. Паводле папярэдняй вэрсіі, 48-гадовы Сяргей Абрамовіч павесіўся ў салёне міліцэйскага «УАЗіка» на шнурку ад уласнага чаравіка. Іншых падрабязнасьцяў здарэньня міліцыя не раскрывае. Канчатковай афіцыйнай вэрсіі трагедыі дагэтуль няма.



У лютым справу зь Нясьвіжу перадалі ў Менскае абласное ўпраўленьне Сьледчага камітэту. За гэты час аднаго зь міліцыянтаў, які затрымліваў Сяргея Абрамовіча, падвысілі ў званьні — ён атрымаў пагоны старшага лейтэнанта.



2 красавіка Іна Русак была на прыёме ў начальніцы ўпраўленьня адміністрацыі кіраўніка краіны Сьвятланы Скалабан. Чыноўніца паведаміла сястры загінулага, што справа яе брата знаходзіцца пад іхным кантролем. Акрамя Скалабан, на сустрэчы прысутнічала кіраўніцтва нясьвіскага Сьледчага камітэту, пракуратуры, суду і міліцыі.

«Я тэлефанавала сьледчаму на мінулым тыдні, пыталася пра вынікі новай праверкі, — расказвае Свабодзе Іна Русак. — Мне адказалі, што пасьмяротная псыхоляга-псыхіятрычная экспэртыза будзе гатовая ў канцы месяца, тады ж мне агучаць нейкія высновы».



Па словах сястры загінулага Сяргея Абрамовіча, яна па-ранейшаму катэгарычна ня згодная з афіцыйнай вэрсіяй аб самагубстве і невінаватасьці міліцыянтаў, якія затрымлівалі яе брата. Ад знаёмых жанчына даведалася, што цяпер разглядаецца вэрсія аб злачыннай халатнасьці прадстаўнікоў праваахоўных органаў, аднак афіцыйнага паведамленьня пра гэта яна ня мае.

«Калі мне скажуць, што новая праверка ня выявіла ніякіх парушэньняў, я буду настойваць на эксгумацыі цела брата, — кажа Іна Русак. — Буду дамагацца, каб яго адкапалі і зрабілі новую экспэртызу».



З дня сьмерці Сяргея Абрамовіча прайшло ўжо амаль пяць месяцаў. Пра спагнаньне альбо пакараньне для міліцыянтаў, якія знаходзіліся побач з Абрамовічам у момант ягонай гібелі, дагэтуль нічога невядома. Падрабязнасьцяў абставінаў яго сьмерці сьледзтва таксама не раскрывае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG