Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для службовага карыстаньня». Міністэрства ўнутраных спраў пра колькасьць міліцыі і фальсыфікацыі


Міністар унутраных спраў Юры Караеў

Пасьля сэрыі публікацый, у якіх былыя міліцыянты і сьледчы апавядалі аб праблемах ў праваахоўных органах Беларусі, Свабода зьвярнулася да новага міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева з пытаньнямі, якія агучылі нашыя героі. У афіцыйным лісьце ад МУС мы не атрымалі адказу ні на адно з нашых пытаньняў.

Пра што мы спыталіся ў міністра

  • Якая колькасьць супрацоўнікаў МУС у Беларусі? Колькі чалавек сёньня ўсяго занята ў Міністэрстве ўнутраных спраў і ў кожнай з яго структур: ДАІ, участковыя, унутраныя войскі, супрацоўнікі абласных упраўленьняў унутраных спраў і самога міністэрства і інш.?
  • Ці існуе так званая «палачная сыстэма»? Ці сапраўды ў МУС даводзяцца пляны па складаньні адміністрацыйных пратаколаў? На думку супрацоўнікаў МУС, такая сыстэма часта прыводзіць да фальсыфікацыі спраў, бо за невыкананьне плянаў па выяўленых адміністрацыйных правапарушэньнях начальства карае вымовамі, пазбаўляе прэмій.
  • Як часта праходзіць агнявая падрыхтоўка ў супрацоўнікаў МУС, заняткі па фізічнай культуры і медыцынскай падрыхтоўцы?
  • Колькі гадзін звышурочнай працы аплачваецца супрацоўнікам МУС?
  • Як шмат супрацоўнікаў не хапае ў розных структурах МУС? У якіх рэгіёнах найбольшыя праблемы з камплектаваньнем? З чым гэта звязвае кіраўніцтва міністэрства?
  • Як часта ў супрацоўнікаў МУС праходзяць заняткі па ідэалягічнай падрыхтоўцы? Якія тэмы разглядаюцца на гэтых занятках? Ці супрацоўнікаў прымушаюць запісваць канспэкты ад рукі? Ці сапраўды супрацоўніка могуць пазбавіць прэміі за адсутнасьць пэўных тэмаў у канспэкце?
  • Ці праўда, што на ўсіх супрацоўнікаў ДАІ не хапае службовых аўтамабіляў і яны дабіраюцца да месцаў ДТЗ на ўласным, грамадзкім ці на спадарожным транспарце? Колькі машын не хапае? Дзе найбольш востра стаіць такая праблема? З чым гэта звязана?
  • Ці купляюць супрацоўнікі МУС камізэлькі, газавыя балёнчыкі і жэзлы за свой кошт?
  • Ці працягваецца скарачэньне штату МУС, пра што неаднаразова заяўлялася ў папярэднія гады? У якім аб’ёме і за кошт якіх структур?
  • Ці прыцягваюцца для аховы масавых спартовых падзей і мітынгаў шараговыя супрацоўнікі РАУСаў? Калі так, чаму не абмяжоўваюцца выкарыстаньнем унутраных войскаў?

Што адказалі з МУС

У адказе Радыё Свабода начальнік упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Беларусі Вольга Чамаданава спасылаецца на пастанову Саўміну №783 «Аб службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджваньня і інфармацыі, якая складае камэрцыйную тайну».

«Згодна з п. 6 гэтага пераліку зьвесткі аб арганізацыйна-штатнай структуры, штатнай колькасьці праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў і арганізацый адносяцца да службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджваньня» («Для службовага карыстаньня»), — гаворыцца ў адказе.

Крызіс у міліцыі. 4 гісторыі ад былых міліцыянтаў

Камэнтар юрыста. «Гэта незаконныя антыканстытуцыйныя паводзіны чыноўнікаў»

Андрэй Сушко, сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta

— Пытаньні Радыё Свабода адпавядаюць законнаму канстытуцыйнаму праву на доступ да інфармацыі дзяржаўных органаў.

Андрэй Сушко
Андрэй Сушко

Натуральна, праваахоўныя органы могуць засакрэціць пэўную інфармацыю. Але для гэтага недастаткова спаслацца на пастанову Саўміну, дзе ёсьць толькі пералік падставаў для абмежаваньня доступу да інфармацыі. Неабходна рашэньне кіраўніка міністэрства ці ведамства пра занясеньне канкрэтнай інфармацыі да катэгорыі «Для службовага карыстаньня».

Калі ў 2013-2014 гадах уносіліся зьмены ў заканадаўства пра доступ да інфармацыі, усе дзяржаўныя органы мусілі прыняць унутраныя акты, якія абмяжоўваюць доступ да пэўнага масіву іх інфармацыі. Тое, што ў адказе на ваш запыт Міністэрства ўнутраных спраў спасылаецца адно на пастанову Саўміну, зь вялікай доляй верагоднасьці значыць, што ў МУС гэтай пастановы няма.

Заўважу, што адказ прадстаўніцы МУС тычыцца толькі першага пытаньня. На астатнія адказу няма — фармальная адпіска. Гэта звычайная практыка, калі дзяржаўныя органы чапляюцца за адзін пункт запыту, а потым ігнаруюць усе іншыя пытаньні. Гэта незаконныя антыканстытуцыйныя паводзіны чыноўнікаў.

Адказ прадстаўніцы МУС дэманструе і вельмі фармальнае стаўленьне службовай асобы да сваіх службовых абавязкаў і, на маю думку, моцна падстаўляе новага міністра.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG