Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пагоню» нельга, паўстанцкі пароль можна. Краме Symbal.by дазволілі рэкляму ў мэтро


Дырэктар крамы Symbal.by Павал Белавус расказаў на Facebook пра забароненую і дазволеную рэкляму ў менскім мэтро.

15 лістапада на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» зьявіўся плякат крамы з партрэтам Кастуся Каліноўскага і паролем-адказам удзельнікаў паўстаньня 1863 году: «— Каго любіш? — Люблю Беларусь! — То ўзаемна».

Раней краме не дазволілі разьмясьціць іншы рэклямны плякат у мэтро: на ім дзяўчына ў цішотцы з гербам «Пагоня» і надпісам «Пагоня побач». Намесьніца дырэктара Менскага мэтрапалітэну Ірына Розум патлумачыла, што рэклямны сюжэт разглядаўся спэцыяльнай камісіяй па рэкляме ў мэтро, і тая вырашыла адмовіць у разьмяшчэньні рэклямы.

На якой падставе адмовілі, Ірына Розум не паведаміла. Герб «Пагоня» ня толькі не зьяўляецца нейкім чынам забароненай сымболікай, але і ўваходзіць у дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, што было пазначана ў тэксьце на плякаце.

Раней намесьніца старшыні Менгарвыканкаму Ганна Мацельская тлумачыла прычыны адмовы тым, што «ў рэкляме забаронена выкарыстоўваць эмблемы і сымболіку асобамі, якія ня маюць права на іх выкарыстаньне». Як можна атрымаць права на колішнюю дзяржаўную сымболіку і гістарычны герб у рэкляме, у адказе не ўдакладнялася.

Улетку 2019 году ў менскага мэтрапалітэну выклікаў пытаньні іншы плякат крамы Symbal.by — бел-чырвона-белы з надпісам «Родная Беларусь» і заклікам «правільна» паставіць націск. Банэр спачатку павесілі, праз два дні загадалі зьняць, пасьля заявілі, што такога загаду не было.

Год таму білборды крамы зь вядомымі беларусамі — паэтам і палітыкам Уладзімерам Някляевым і тэлевядоўцам Юрыем Жыгамонтам — на правіселі ў цэнтры Менску ўсяго некалькі гадзінаў і былі зьнятыя на загад невядомага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG