Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзкі фэст зь Белавусам і Пальчысам адмянілі, бо «палітычнае мерапрыемства»


Арганізатары пасьпелі ўжо падрыхтаваць афішы, але ўрэшце фэст не дазволілі

Фэстываль у Лідзе, гасьцямі якога павінны былі стаць актыўныя выхадцы з гэтага гораду, адмянілі за некалькі дзён да пачатку. Як сказалі арганізатарам — таму што гэта «палітычнае мерапрыемства».

Фэст Lidskie мог стаць першай падзеяй такога фармату ў Беларусі. Ён меўся пазнаёміць наведнікаў з актыўнымі ўраджэнцамі Ліды. Сярод выступоўцаў былі заяўленыя лідэр гурту «Троіца» Іван Кірчук, вядомы вазочнік Аляксандар Аўдзевіч, маратонец Лявон Анацка, заснавальнік «Арт Сядзібы» і кіраўнік крамы Symbal.by Павал Белавус, блогер Эдуард Пальчыс — агулам каля дваццаці чалавек.

У першай частцы падзеі плянаваліся лекцыі выступоўцаў, у другой — канцэрт. Чакаліся дзіцячая пляцоўка, выстава, розыгрышы, фатаграфічныя зоны. Падзею прымеркавалі на «вялікія выходныя», 8 лістапада.

Чакалася, што ўдзел у фэсьце возьмуць ня менш за 200 чалавек. Уваход меўся быць бясплатны. Арганізатарамі выступала маладая ініцыятыўная каманда Back in 1323, якая займаецца асьветніцкай, культурніцкай дзейнасьцю (1323 — гэта год першай згадкі пра горад Ліду).

Арганізатары хацелі дамовіцца аб месцы правядзеньня зь лідзкім музэем. Спачатку дырэктарцы спадабалася ідэя, але неўзабаве з музэю прыйшла пісьмовая адмова, у якой прычынай назвалі адсутнасьць месца.

На пачатку кастрычніка знайшлася іншая пляцоўка — у гандлёвым цэнтры ў Лідзе. Аднак калі гасьцей ужо запрасілі і праграму падрыхтавалі, фэст зноў застаўся бязь месца.

Па словах арганізатараў, прычына ў тым, што на арэндадаўцу націснулі дзяржаўныя органы.

Ягор Урбановіч
Ягор Урбановіч

«Арэндадаўца пазваніў у пятніцу [1 лістапада], сказаў, што яму пазванілі „з гары“ — аддзел культуры, МНС, усялякія інстанцыі. Маўляў, лепей не праводзіць тут, і ўвогуле гэта палітычнае мерапрыемства. Лепей нічога не рабіць», — кажа адзін з арганізатараў фэсту Ягор Урбановіч.

Чаму мерапрыемства палітычнае, ніхто не патлумачыў. У аддзеле культуры Лідзкага райвыканкаму арганізатарам сказалі, што цяпер пляцовак няма.

Ініцыятары фэсту былі гатовыя ісьці на кампраміс і выключыць нешта або некага з праграмы, каб падзею ў цэлым дазволілі. Але ў аддзеле культуры Лідзкага райвыканкаму дамовіцца не ўдалося. Ім сказалі пісаць зварот у пісьмовым выглядзе, патлумачыўшы, што бліжэйшым часам месцаў няма.

Самі арганізатары фэст палітычным ня лічаць.

«Нават калі ў нас заяўленыя імёны Пальчыс і Белавус, гэта канкрэтна іхняя пазыцыя ў палітыцы. У нас Пальчыс расказваў бы пра гісторыю, а не пра свае палітычныя погляды. Ніводная тэма сьпікераў не была зьвязаная з палітыкай. Таму нас гэта зьдзіўляе», — кажа Ягор Урбановіч.

Іншую пляцоўку, па словах арганізатараў, знайсьці ў горадзе цяжка. Магчыма, фэст правядуць на аграсядзібе за горадам. Але такое магчыма толькі ў цёплую пару.

Як паведамілі ў Лідзкім гісторыка-мастацкім музэі, дырэктарка цяпер у адпачынку, а безь яе ніхто ня можа патлумачыць прычыну адмовы.

Скантактавацца з уласьнікам прыватнай пляцоўкі і аддзелам культуры Лідзкага райвыканкаму не ўдалося.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG