Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такія клезмэры і пры чым тут спадчына ВКЛ. У Беларусі пройдзе Litvak Klezmer Fest


Скрыншот з галоўнай старонкі афіцыйнага сайту фэстывалю klezmerfest.by

Клезмэр — традыцыйная народная музыка ўсходнеславянскіх яўрэяў. Зазвычай клезмэры гралі на вясельлях ды іншых традыцыйных яўрэйскіх абрадах. Цяпер гэта буйны музычны рух, які абмінуў сучасную Беларусь. Чаму, распавядае музыка Віктар Шалкевіч.

Клезмэры — гэта яўрэйскія музыканты, а літвакі — яўрэі, якія жылі на землях Вялікага Княства Літоўскага і ў суседніх рэгіёнах. Зразумела, на іх музыцы не магла не адбіцца мясцовая культура, як і на ёй — традыцыі клезмэраў.

«Клезмэры гралі на скрыпках, клярнэтах, бубнах, кантрабасе, цымбалах. Яны гралі на яўрэйскіх урачыстасьцях. Клезмэрам трэба быць па паходжаньні», — расказвае Віктар Шалкевіч, які грае, сярод іншага, клезмэр.

Клезмэры добра ведалі беларускія песьні

Пры гэтым клезмэры ведалі ня толькі традыцыйную яўрэйскую музыку, але і беларускую, бо культуры не былі ізаляваныя, яны разьвіваліся разам. На клезмэраў адмыслова не вучылі, але музыцы мог навучыць бацька — сына. Такім жа чынам у спадчыну часьцяком перадаваўся інструмэнт.

Клезмэры гралі капэляй — па 4–5 чалавек. Паколькі такая капэля была ня ў кожным мястэчку, то музыкі часта вандравалі і выступалі на сьвятах у розных месцах.

«Запрашалі і клезмэраў на беларускія сьвяты, яны выдатна ведалі народную беларускую музыку, а беларусы з задавальненьнем скакалі „Кракавяк“ і „Каробачку“. Яшчэ не зразумела, хто напісаў тую „Каробачку“, але гэта дакладна не расейская песьня», — кажа Віктар Шалкевіч.

Клезмэры маглі сыграць і «Лявоніху», а маглі дадаць у гэтую кампазыцыю свае апрацоўкі.

Традыцыя зьнікала некалькі стагодзьдзяў

Клезмэрская музыка, як і яўрэйская культура, разьвівалася на землях былога ВКЛ і пасьля анэксіі іх Расеяй. У расейскай імпэрыі яўрэі жылі пад сацыяльным і нацыянальным уціскам, іх правы абмяжоўваліся шматлікімі царскімі ўказамі і цыркулярамі. Існавала «мяжа яўрэйскай аселасьці» — яўрэям дазвалялася жыць толькі ў заходніх губэрнях — фактычна, на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай.

Яўрэйскія традыцыі — рэлігійныя, сацыяльныя, культурныя — пачалі імкліва зьнікаць пасьля бальшавіцкага перавароту, бо не адпавядалі духу новага «сацыялістычнага» грамадзтва.

Незваротныя страты яўрэйская культура зазнала ў выніку Галакосту падчас Другой усясьветнай вайны, паваеннага дзяржаўнага антысэмітызму ў СССР, эміграцыі.

«Цікавасьць да іншай культуры заўжды ёсьць. У Эўропе шмат музычных гуртоў, якія граюць клезмэр, ёсьць шмат выдатных ансамбляў у ЗША, бо туды была вялікая хваля эміграцыі. У Ізраілі шмат клезмэраў, у Польшчы. Гэта даніна культуры, якая была. Самыя цікавыя клезмэры граюць у Польшчы, Румыніі, Аўстрыі», — кажа Віктар Шалкевіч.

На ягоную думку, на сёньня аўтэнтычных выканаўцаў клезмэру няма, бо традыцыя зьнікла, але ёсьць удалы працяг гэтай культурнай традыцыі шмат у якіх краінах.

Litvak Klezmer Fest — спроба адрадзіць у Беларусі клезмэрскую музыку, бо на сёньня гуртоў, якія б гралі ў такім стылі, няшмат. На фэстывалі выступяць беларускія выканаўцы: «Minsk Klezmer Band» і Гомельскі ансамбль яўрэйскай музыкі.

Арганізатары абяцаюць шмат замежных музыкаў: Дзмітрый Zisl Слеповіч, дасьледчык яўрэйскай музыкі і заснавальнік Minsker Kapelye і Litvakus, а таксама Саша Лур’е, якая выконвае песьні на ідыш. Фэст пройдзе 7–8 лістапада ў прасторы ОК-16, уваход вольны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG