Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць symbal.by заводзілі адміністрацыйную справу за фэст у Менску


Цэнтральны РУУС Менску паведаміў дырэктару symbal.by Паўлу Белавусу, што праверка ў дачыненьні да мерапрыемства Symbal.by Fest​, якое праводзілася ў прасторы «Пясочніца», завершана. Прынята рашэньне аб спыненьні адміністрацыйнай справы.

Пасьля мерапрыемства Белавус даведаўся, што на яго і на кіраўніцтва прасторы «Пясочніца» па скарзе ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму заведзена адміністрацыйная справа. Арганізатараў фэстывалю абвінавачвалі ў парушэньні Закону аб масавых мерапрыемствах — маўляў, яны не атрымалі дазволу на правядзеньне Symbal.by Fest.

Напярэдадні фэстывалю Павал Белавус сустракаўся з намесьнікам начальніка Ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму Аляксандрам Шастаковым і тлумачыў яму, што ніякіх дазволаў і ўзгадненьняў на правядзеньне менавіта гэтага мерапрыемства не патрэбна.

Аляксандар Шастакоў адмовіўся пракамэнтаваць Свабодзе, якія ў яго былі прэтэнзіі да арганізатараў фэсту.

«Усе пытаньні зь Белавусам мы прагаварылі. Спытайце ў яго. Ніякіх камэнтароў я не даю. У мяне ёсьць пэўныя гадзіны прыёму грамадзянаў, зьвяртайцеся ў той час. І наагул, зараз я вельмі заняты падрыхтоўкай да сьвята гораду, мне няма калі», — сказаў Свабодзе чыноўнік Шастакоў.

Павал Белавус на фэсьце
Павал Белавус на фэсьце

Павал Белавус, у сваю чаргу, распавёў, пра што яны гаварылі з намесьнікам начальніка ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму Аляксандрам Шастаковым.

«У пункце 7 артыкула 214 Кодэксу аб культуры дакладна прапісана, што ні пасьведчаньня, ні дазволу, ні ўзгадненьня „для арганізацыі і правядзеньня культурна-відовішчнага мерапрыемства не патрабуецца, калі культурна-відовішчныя мерапрыемствы праводзяцца без атрыманьня прыбытку (даходу) з удзелам запрошаных выканаўцаў“. То бок, калі мерапрыемства бясплатнае. І „Пясочніца“ два гады працавала без атрыманьня аніякіх дазволаў. Я не аднойчы даводзіў гэта многім чыноўнікам, праваахоўнікам, у тым ліку і Шастакову. Але нас усё падводзілі пад Закон аб масавых мерапрыемствах», — сказаў Свабодзе Павал Белавус.

Спачатку ў міліцыю выклікалі кіраўніцтва «Пясочніцы», а потым і дырэктара symbal.by. Белавуса выклікалі ў РУУС Цэнтральнага раёну і паведамілі пра адміністрацыйную справу. Міліцыянты праводзілі праверку, апытвалі сьведак, і 10 верасьня Белавус атрымаў з Цэнтральнага РУУС афіцыйны дакумэнт аб спыненьні справы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG