Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяз конкурсу ва ўнівэрсытэт. Мінабароны расказала, якія льготы плянуецца даць за службу ў войску


Адпраўка прызыўнікоў у армію, архіўнае фота
Адпраўка прызыўнікоў у армію, архіўнае фота

На сэмінары для СМІ 12 лістапада міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў расказаў, якія прапановы льготаў за службу ў войску ўжо ўхвалілі ўлады, а якія яшчэ разглядаюцца.

Паводле кіраўніка Мінабароны, урад Беларусі распрацаваў «пакет матывацыйных захадаў», які ўхваліў Аляксандар Лукашэнка. Цяпер распрацоўваюцца адпаведныя прававыя акты, частка зь якіх будзе ўнесеная на разгляд да 31 сьнежня.

Што могуць прыняць:

  • найперш — уключэньне службы ў войску ў страхавы працоўны стаж (для атрыманьня пэнсіі);
  • у праекце ўказу Лукашэнкі ўжо прапісаная перавага пры залічэньні на бясплатную адукацыю ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі пры роўнай суме балаў для тых, хто адслужыў;
  • таксама ў праекце залічэньне бяз конкурсу тых, хто служыў: «на найбольш запатрабаваныя эканомікай спэыцыяльнасьці» пры наяўнасьці балаў па прадметах ўступных іспытаў, не ніжэйшых за 6 для ВНУ і не ніжэйшых за 4 у ССУА; у ВНУ на ахову здароўя — пры наяўнасьці сярэдняй спэцыяльнай мэдыцынскай адукацыі і балах па прадметах уступных іспытаў, не ніжэйшых за 6;
  • акрамя таго, «прапрацоўваецца пытаньне» іншых пераваг пры паступленьні, у ліку якіх бясплатныя падрыхтоўчыя курсы пры ВНУ і СУА, выбар месца разьмеркаваньня пасьля навучаньня, надбаўкі да стыпэндыі;
  • у 2020 годзе плянуецца даць тым, хто служыў, зьніжкі на платнае навучаньне ў дзяржаўных установах пры атрыманьні ня меней за 6 балаў па ўсіх прадметах;
  • таксама ў 2020 годзе плянуецца даць тым, хто атрымаў траўмы ў час службы пры выкананьні службовых абавязкаў, «першачарговае» права на абслугоўваньне ў дзяржаўных установах аховы здароўя і зьніжку 25% на платныя паслугі клінік.

Наяўнасьць такіх пунктаў у праекце ўказу або папярэдняе «ўхваленьне пакета захадаў» Лукашэнкам яшчэ не гарантуюць, што ўсе пункты будуць прынятыя менавіта ў такой форме.

Нядаўна ўжо прынялі некаторыя дадатковыя льготы для тых, хто служыў:

  • з 1 студзеня 2020 году набудуць моц зьмены ў Жыльлёвы кодэкс, якія замацоўваюць за навучэнцамі і студэнтамі, якія адслужылі ў войску, першачарговае права на інтэрнат.
  • з 29 студзеня набываюць моц ініцыяваныя Мінабароны зьмены ў Працоўным кодэксе Беларусі: за тымі, хто адслужыў, на працягу трох месяцаў пасьля службы захоўваецца працоўнае месца (або даецца раўнацэнная пасада), незалежна ад формы ўласнасьці наймальніка (раней гэта тычылася толькі дзяржаўных установаў).

24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў так званы «закон аб адтэрміноўках», папраўкі ў які, як адзначыў на днях міністар абароны Андрэй Раўкоў, прымаліся для таго, каб прызыўнікоў стала больш. Пасьля прыняцьця закону студэнты пачалі ладзіць пікеты супраць яго.

«Закон аб адтэрміноўках». Што важна ведаць

24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьменах законаў па пытаньнях эфэктыўнага функцыянаваньня вайсковай арганізацыі дзяржавы» (так званы «закон аб адтэрміноўках»).

Прыняты ў другім чытаньні законапраект прадугледжвае, што:

  • адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз (калі адтэрміноўкай студэнт ужо скарыстаўся, то на час службы ва Ўзброеных сілах яму будзе давацца акадэмічны водпуск);
  • тым, хто «належным чынам» атрымаў позву аб прызыве, але ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу (паводле міністра абароны Раўкова, абмежаваньне на выезд будзе тычыцца і тых, каго ваенкамат не знайшоў і ня змог уручыць позву);
  • у вайсковым білеце могуць зрабіць пазнаку «адсутнасьць законных падставаў» для непраходжаньня службы, калі чалавек да 27 гадоў ухіляўся ад прызыву;
  • тых, хто мае такую пазнаку, ня будуць браць на дзяржаўную службу, у Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства надзвычайных сытуацый, органы фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, Сьледчы камітэт і Камітэт судовых экспэртызаў;
  • замест разьмеркаваньня пасьля навучаньня ў ВНУ дазволяць служыць у войску па кантракце і не плаціць тады за адмову ад разьмеркаваньня.

Тэкст закону афіцыйна апублікаваны 30 ліпеня, асноўныя нормы набудуць моц праз 10 дзён. Гэта значыць, што прызыў, які адбудзецца ў жніўні-лістападзе, пройдзе паводле новых правілаў, але падобна, што ў тых, хто сёлета ўжо атрымаў адтэрміноўку і паступіў, напрыклад ,у магістратуру, права на адтэрміноўку адбіраць ня будуць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG