Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Са студзеня 2020 году за службу ў войску дадуць новыя льготы


Ілюстрацыйнае фота. Беларускія вайскоўцы на рэпэтыцыі параду да дзяржаўнага Дня незалежнасьці 3 ліпеня

У студзені 2020 году набудуць моц зьмены ў Працоўны і Жыльлёвы кодэксы Беларусі. Паводле іх тыя, хто адслужыў у войску, будуць мець дадатковыя льготы, паведамляе прэс-служба Мінабароны.

З 1 студзеня 2020 году набудуць моц зьмены ў Жыльлёвы кодэкс, якія замацоўваюць за навучэнцамі і студэнтамі, якія адслужылі ў войску, першачарговае права на інтэрнат.

З 28 студзеня 2020 году набываюць моц ініцыяваныя Мінабароны зьмены ў Працоўным кодэксе Беларусі. Згодна зь імі, за тымі, хто адслужыў, на працягу трох месяцаў пасьля службы захоўваецца працоўнае месца (або даецца раўнацэнная пасада) незалежна ад формы ўласнасьці наймальніка (раней гэта тычылася толькі дзяржаўных установаў).

Мінабароны таксама апублікавала пералік усіх дзейных льготаў, якія дае служба ў войску, і расказала пра льготы, над увядзеньнем якіх працуе.

Цяпер, тыя хто адслужыў, могуць прэтэндаваць на:

  • паступленьне па-за конкурсам у вайсковае ВНУ (а вайскоўцы роты ганаровай варты маюць права паступаць па-за конкурсам ва ўсе ВНУ),
  • залічэньне пэрыяду вайсковай службы ў тэрмін абавязковай працы па разьмеркаваньні пасьля ВНУ (па жаданьні выпускніка),
  • выплату матэрыяльнай дапамогі пры вяртаньні на старое месца працы пасьля службы,
  • адтэрміноўку пагашэньня крэдыту на будаўніцтва жыльля на час службы,
  • абавязковае дзяржаўнае страхаваньне на час праходжаньня службы,
  • жонкі тых, хто служыць у войску, маюць права на працаўладкаваньне не пазьней чым праз два месяцы з дня звароту, а дзеці — на гарантаванае месца ў дзіцячым садку на працягу трох месяцаў з дня падачы заявы.
  • магчымасьць паступіць на дзяржаўную службу і службу ў сілавых структурах.

Акрамя гэтага, Мінабароны цяпер прапрацоўвае пытаньне аб наступных ільготах:

  • бясплатнае навучаньне на падрыхтоўчых курсах у вышэйшых і сярэдніх спэцыяльных навучальных установах,
  • выбар месца разьмеркаваньня пасьля навучаньня,
  • перавага пры залічэньні ў ВНУ і ССНУ пры роўных балах,
  • залік тэрміновай вайсковай службы ў страхавы пэнсійны стаж і стаж дзяржаўнай службы,
  • захаваньне за сям’ёй вайскоўца права карыстаньня жытлом у інтэрнаце, дадзеным да прызыву.

24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў так званы «закон аб адтэрміноўках»), папраўкі ў які, як адзначыў на днях міністар абароны Андрэй Раўкоў, прымаліся для таго, каб прызыўнікоў стала больш. Пасьля прыняцьця закону студэнты пачалі ладзіць пікеты супраць яго.

  • «Закон аб адтэрміноўках». Што важна ведаць

    24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьменах законаў па пытаньнях эфэктыўнага функцыянаваньня вайсковай арганізацыі дзяржавы» (так званы «закон аб адтэрміноўках»).

    Прыняты ў другім чытаньні законапраект прадугледжвае, што:

    • адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз (калі адтэрміноўкай студэнт ужо скарыстаўся, то на час службы ва Ўзброеных сілах яму будзе давацца акадэмічны водпуск);
    • тым, хто «належным чынам» атрымаў позву аб прызыве, але ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу (паводле міністра абароны Раўкова, абмежаваньне на выезд будзе тычыцца і тых, каго ваенкамат не знайшоў і ня змог уручыць позву);
    • у вайсковым білеце могуць зрабіць пазнаку «адсутнасьць законных падставаў» для непраходжаньня службы, калі чалавек да 27 гадоў ухіляўся ад прызыву;
    • тых, хто мае такую пазнаку, ня будуць браць на дзяржаўную службу, у Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства надзвычайных сытуацый, органы фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, Сьледчы камітэт і Камітэт судовых экспэртызаў;
    • замест разьмеркаваньня пасьля навучаньня ў ВНУ дазволяць служыць у войску па кантракце і не плаціць тады за адмову ад разьмеркаваньня.

    Тэкст закону афіцыйна апублікаваны 30 ліпеня, асноўныя нормы набудуць моц праз 10 дзён. Гэта значыць, што прызыў, які адбудзецца ў жніўні-лістападзе, пройдзе паводле новых правілаў, але падобна, што ў тых, хто сёлета ўжо атрымаў адтэрміноўку і паступіў, напрыклад ,у магістратуру, права на адтэрміноўку адбіраць ня будуць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG