Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фотасэсія ў пакоі Марыі Тэрэзіі, форум у Палацы Эпштэйна. Даведаліся дэталі візыту Лукашэнкі ў Аўстрыю


Вена, статуя імпэратрыцы Марыі Тэрэзіі

12 лістапада Аляксандра Лукашэнку чакаюць з афіцыйным візытам у Вене. Гэта пацьвердзіла Свабодзе прэсавая служба прэзыдэнта Аўстрыі, пра «нармальны паўнавартасны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Эўразьвяз» заявіў кіраўнік МЗС Уладзімер Макей на форуме «Менскі дыялёг». Аўстрыйскае інфармацыйнае агенцтва APA падало для журналістаў праграму візыту.

Паводле APA, Аляксандар Лукашэнка ў аўторак 12 лістапада сустрэнецца з Фэдэральным прэзыдэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам, правядзе перамовы з прэзыдэнтам Нацыянальнай рады Вольфгангам Собаткам і возьме ўдзел у эканамічным форуме.

Аляксандар Ван дэр Белен
Аляксандар Ван дэр Белен

Паведамляецца, што аб 11 гадзіне адбудзецца прыём з ваеннымі ўшанаваньнямі, а пасьля сумесная фотасэсія прэзыдэнтаў Аўстрыі і Беларусі ў пакоі Марыі Тэрэзіі ў канцылярыі прэзыдэнта. (Марыя Тэрэзія — заснавальніца Лятарынгскай галіны дынастыі Габсбургаў, сярод яе дзяцей — два імпэратары, Іосіф II і Леапольд II, француская каралева Марыя-Антуанэта і каралева Сыцыліі Марыя-Караліна — РС).

Пасьля адбудуцца перамовы прэзыдэнтаў Аўстрыі і Беларусі з сынхронным перакладам на нямецкую і расейскую мовы.

Вольфганг Собатка
Вольфганг Собатка

Далей Лукашэнка выправіцца ў венскі Палац Эпштэйна на сустрэчу а 16 гадзіне са старшынём Нацыянальнай рады Аўстрыі Вольфгангам Собаткам, зь якім а 17 гадзіне возьме ўдзел у эканамічным форуме ў Аўстрыйскай эканамічнай палаце.

Калі ў Беларусь прыбываюць з афіцыйнымі візытамі кіраўнікі іншых дзяржаваў, доступ на мерапрыемствы маюць журналісты з так званага «прэзыдэнцкага пула», прадстаўнікі іншых СМІ ня маюць доступу ані да афіцыйнай праграмы, ані да саміх мерапрыемстваў. У Аўстрыі інфармацыя для журналістаў пра праграму афіцыйнага візыту — адкрытая. Тлумачацца ўмовы і працэдура акрэдытацыі для СМІ, якія зацікаўленыя асьвятляць візыт.

Чаму візыт у Аўстрыю?

Аўстрыя належыць да тых дзяржаваў ЭЗ, якія ляяльна ставяцца да афіцыйнага Менску, незалежна ад таго, якія партыі ці кааліцыі знаходзяцца ва ўрадзе. Як сьведчыць палітоляг Валер Карбалевіч, да апошняга часу аўстрыйская амбасада ў беларускай сталіцы вельмі неахвотна ішла на кантакт з апазыцыяй, грамадзянскай супольнасьцю, праваабаронцамі.

Лукашэнка рэдка езьдзіць у краіны Эўразьвязу. Доўгі час гэта было зьвязана з санкцыямі супраць яго і шэрагу беларускіх чыноўнікаў.

Аўстрыя стабільна ўваходзіць у лік найбуйнейшых інвэстараў у эканоміку Беларусі, аўстрыйскі капітал тут актыўна прысутнічае. Адзіны банк Беларусі з заходнім капіталам — «Прыорбанк», яго асноўным акцыянэрам ёсьць «Raiffeisen Bank». Гэты банк выступаў адным з арганізатараў разьмяшчэньня беларускіх эўрааблігацыяў на эўрапейскіх фінансавых рынках.

Травень 2015 году. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Сэбастыяна Курца ў Менску.
Травень 2015 году. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Сэбастыяна Курца ў Менску.

Актыўна вядзе лінію на паляпшэньне адносінаў з афіцыйным Менскам Фэдэральны Канцлер Аўстрыі Сэбастыян Курц. У рангу міністра замежных справаў ён двойчы наведваў беларускую сталіцу. У траўні летась, ужо ў статусе фэдэральнага канцлера, Курц у тэлефоннай размове з Лукашэнкам запрасіў яго ў госьці ў Вену.

Скандальны адпачынак Лукашэнкі на горналыжным курорце Аўстрыі

Калі гаворка ідзе па беларуска-аўстрыйскія адносіны, згадваецца і скандальны адпачынак Аляксандра Лукашэнкі на горналыжным курорце ў 2002 годзе.

У сакавіка 2002 году Аляксандр Лукашэнка знаходзіўся пад заходнімі санкцыямі і ня мог наведваць краіны ЭЗ. Тым ня менш ён адпачыў на гарналыжным курорце ў аўстрыйскім Тыролі. Паездку ў абыход санкцыяў арганізаваў уладальнік сеткі казыно Casinos Austria Леа Вальнэр, які ў той час узначальваў Нацыянальны алімпійскі камітэт Аўстрыі. Аўстрыйскія СМІ высьветлілі, што адпачынак Лукашэнкі з асобамі, што яго суправаджалі, каштаваў амаль 200 тысяч эўра. Гэтак, прыватны самалёт з Вены ў Інсбрук абышоўся ў 30 тысяч эўра, пяцізоркавы гатэль Klosterbräu — 47 тысяч. Акрамя таго, грошы пайшлі на вечарыну, гульні ў казыно, гарналыжны адпачынак, алькагольныя напоі, а таксама мэдычныя паслугі, бо падчас катаньня на лыжах Лукашэнка атрымаў траўму сьцягна і на верталёце паляцеў у шпіталь.

Праўда, плаціў за гэты прымаючы бок — усё той жа Леа Вальнэр. Разам з Лукашэнкам курорт тады наведалі ягоныя сыны Віктар і Дзьмітрый, Ірына Абельская, Уладзімір Макей, Уладзімір Канаплёў ды іншыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG