Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэральны прэзыдэнт Аўстрыі афіцыйна запрасіў Лукашэнку


Амбасадарка Аўстрыі Алаізія Вергетэр

Праграма візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыю, заплянаванага на 12 лістапада, пакуль яшчэ ўдакладняецца. Пра гэта паведаміла амбасадарка гэтай краіны ў Беларусі Алаізія Вэргетэр, удакладніўшы, што фэдэральны прэзыдэнт Аляксандар ван дэр Белен накіраваў свайму беларускаму калегу афіцыйнае запрашэньне.

На пытаньне Свабоды, ці плянуецца падчас паездкі наведваньне Лукашэнкам штаб-кватэры АБСЭ ў Вене, дыпляматка адказала: паколькі гэта візыт беларускага кіраўніка на запрашэньне прэзыдэнта Аўстрыі, такая магчымасьць выглядае малаімавернай.

Кіраўнікі Нямеччыны, Беларусі і Аўстрыі ў Трасьцянцы
Кіраўнікі Нямеччыны, Беларусі і Аўстрыі ў Трасьцянцы

Пры гэтым Алаізія Вэргетэр падкрэсьліла, што аўстрыйскі бок уважліва сочыць за хадой парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. Па яе словах, сярод кароткачасовых назіральнікаў АБСЭ будуць і аўстрыйскія экспэрты.

«Мы рэгулярна атрымліваем ад Цэнтарвыбаркаму падрабязную інфармацыю і жадаем, каб выбары ў Беларусі прайшлі пасьпяхова. Але што тычыцца высноваў, то іх можна будзе рабіць толькі пасьля завяршэньня кампаніі», — адзначыла яна.


На шляху да гендэрнай роўнасьці

У Аўстрыі існуе адмысловы закон, паводле якога да 50% супрацоўнікаў МЗС павінны складаць жанчыны. У сувязі з гэтым карэспандэнт Свабоды нагадаў Алаізіі Вергетэр, што зь яе зьяўленьнем у Беларусі павялічыўся і корпус жанчын, якія ачольваюць дыпмісіі. У прыватнасьці, гэта тычыцца амбасадаў Вялікай Брытаніі, Швэцыі, яшчэ шэрагу краінаў, а цяпер вось і Аўстрыі. У той жа час сярод беларускіх дыпляматаў толькі адна жанчына — акурат амбасадарка Беларусі ў Аўстрыі Алена Купчына.

Адзіная беларуская амбасадарка-жанчына Алена Купчына
Адзіная беларуская амбасадарка-жанчына Алена Купчына

На гэта спадарыня Вэргетэр казала, што кожныя тры гады замежнапалітычнае ведамства яе краіны рыхтуе плян, у які абавязкова ўключаецца колькасьць жанчын у якасьці амбасадараў і дыпляматычных супрацоўнікаў.

«Не магу сказаць, што мы ўжо дасягнулі абсалютнай гендэрнай роўнасьці з мужчынамі, аднак прадстаўніцтва жанчын у дзяржаўных сфэрах, на якія распаўсюджваецца адмысловы закон аб гендэрстве, большае, чым там, дзе гэты закон ня дзейнічае», — заўважыла яна.


На «Венскі баль» у чырвоным


Адказваючы на пытаньне, як ідзе падрыхтоўка да «Венскага балю» ў Купалаўскім тэатры, Алаізія Вэргетэр пацьвердзіла, што імпрэза пройдзе паводле традыцыйнай аўстрыйскай мадэлі.

«Мы працуем над тым, каб нейкім чынам увязаць у гэтую традыцыную мадэль некаторыя беларускія элемэнты, — патлумачыла яна. — Я ў пастаянным кантакце з кіраўніцтвам тэатру, за гэты час я шмат даведалася пра беларускія культурныя традыцыі. І, як высьветлілася, агульнага паміж намі нашмат болей, чым я нават магла ўявіць».

Баль па-беларуску: Аляксандар Лукашэнка і Марыя Васілевіч
Баль па-беларуску: Аляксандар Лукашэнка і Марыя Васілевіч

Амбасадарка не сумняваецца, што баль пройдзе пасьпяхова, але заклікала мужчын найлепшым чынам да гэтай дзеі падрыхтавацца. Пры гэтым пажартавала, што зьвяртацца з аналягічным заклікам да жанчын няма неабходнасьці, бо тыя заўсёды гатовыя прадэманстраваць усю сваю прыгажосьць.

Яна таксама пацьвердзіла, што абавязкова будзе сярод удзельнікаў балю і раскрыла сакрэт, што вядзе перамовы з дызайнэркай, працы якой ёй вельмі падабаюцца. І прызналася, што ўжо прыгледзела цудоўную чырвоную сукенку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG