Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыйскі шанец для афіцыйнага Менску


Сэбастыян Курц і Аляксандар Лукашэнка

Візыт фэдэральнага канцлера Аўстрыі Сэбастыяна Курца ў Беларусь - знакавы для Лукашэнкі.

  • Аўстрыя даволі ляяльна ставіцца да афіцыйнага Менску.
  • Аўстрыйскі капітал зацікаўлены ў супрацоўніцтве зь Беларусьсю.
  • Канцлер Сэбастыян Курц — актыўны прыхільнік супрацы з афіцыйным Менскам.
  • Спадар Курц актыўна запрашае Лукашэнку ў госьці.

Упершыню за 10 гадоў Менск наведвае кіраўнік заходнеэўрапейскай дзяржавы. Апошні раз сюды прыяжджаў прэм’ер Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі ў 2009 годзе. Нельга лічыць за візыты прыезд у Менск на перамовы дзеля ўрэгуляваньня ўкраінскага крызысу канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель і прэзыдэнта Францыі Франсуа Алянда ў 2015 годзе, бо яны прыяжджалі не да кіраўніцтва Беларусі. Таксама выношу за дужкі леташні прыезд прэзыдэнтаў Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера і Аўстрыі Аляксандра Ван дэр Бэлена на адкрыцьцё мэмарыяльнага комплексу «Трасьцянец», бо людзі на такой пасадзе ў гэтых дзяржавах выконваюць больш цырыманіяльныя функцыі і ня ёсьць рэальнымі кіраўнікамі. Зь дзяржаваў Усходняй Эўропы прэм’ер-міністры апошнімі гадамі прыяжджалі. А вось каб з Заходняй Эўропы — гэта рэдкасьць.

Аўстрыя належыць да тых дзяржаваў ЭЗ, якія ляяльна ставяцца да афіцыйнага Менску. Прычым незалежна ад таго, якія партыі ці кааліцыі знаходзяцца ва ўрадзе. Да апошняга часу аўстрыйская амбасада ў беларускай сталіцы вельмі неахвотна ішла на кантакт з апазыцыяй, грамадзянскай супольнасьцю, праваабаронцамі.

Прычыну трэба шукаць у эканамічных інтарэсах. Аўстрыя стабільна ўваходзіць у лік найбуйнейшых інвэстараў у эканоміку Беларусі, аўстрыйскі капітал тут актыўна прысутнічае. Адзіны банк Беларусі з заходнім капіталам — «Пріорбанк», яго асноўным акцыянэрам ёсьць «Raiffeisen Bank». Гэты банк выступаў адным з арганізатараў размяшчэньня беларускіх эўрааблігацыяў на эўрапейскіх фінансавых рынках.

Сэбастыян Курц
Сэбастыян Курц

Актыўна вядзе лінію на паляпшэньне адносінаў з афіцыйным Менскам Сэбастыян Курц. У рангу міністра замежных справаў ён двойчы наведваў беларускую сталіцу. У траўні летась, ужо ў статусе фэдэральнага канцлера, Курц у тэлефоннай размове з Лукашэнкам запрасіў яго ў госьці ў Вену. І такі візыт плянаваўся. 29 чэрвеня падчас сустрэчы ў Менску з прэзыдэнтам Аўстрыі Аляксандра Ван дэр Бэленам Лукашэнка казаў:

«У бліжэйшы час мы сустрэнемся з кіраўніцтвам Аўстрыі ў Вене, мы рыхтуем такое мерапрыемства, такую сустрэчу».

Але нешта не зраслося. Таму канцлер Сэбастыян Курц, не дачакаўшыся кіраўніка Беларусі, сам прыехаў у Менск адразу на два дні.

Сэбастыян Курц і Аляксандар Лукашэнка
Сэбастыян Курц і Аляксандар Лукашэнка

Магчыма, Сэбастыяну Курцу як маладому палітыку (яму толькі 33 гады) псыхалягічна лягчэй наладзіць стасункі з «апошнім дыктатарам Эўропы», бо ён ня мае мінулага нэгатыўнага бэкграўнду, той алергіі да Лукашэнкі, якую мела больш старэйшае пакаленьне эўрапейскай эліты.

Нагодай для візыту аўстрыйскага канцлера стаў удзел у цырымоніі адкрыцьця помніка «Масіў імёнаў» аўстрыйскім ахвярам на тэрыторыі былога лягеру сьмерці Трасьцянец. Тут былі зьнішчаныя каля 10 тысяч аўстрыйскіх габрэяў.

Так атрымалася, што Курц сустрэўся з Лукашэнкам двойчы. Першы раз 28 сакавіка падчас адкрыцьця помніка. І на другі дзень кіраўнік Беларусі прыняў канцлера ужо ў Палацы незалежнасьці.

Сэбастыян Курц
Сэбастыян Курц

Сэбастыян Курц зноў запрасіў Лукашэнку прыехаць у Аўстрыю. Анансавана, што візыт кіраўніка Беларусі адбудзецца у бліжэйшыя паўгода.

Дарэчы, Лукашэнка мае запрашэньні наведаць Латвію і Польшчу. Цяпер яшчэ і Аўстрыю. Багаты выбар, можна і разгубіцца. Таму, магчыма, ён і ня едзе ў Эўропу, хоць мае запрашэньні з 2017 году. Адмовіўся ляцець у Брусэль (лістапад 2017 г.), Парыж (лістапад 2018 г.), Мюнхэн (люты 2019 г.). Ці зможа ён пераадолець псыхалягічны эўрапейскі бар’ер з дапамогай Аўстрыі?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG