Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода: улады Таджыкістану перашкаджаюць працы журналістаў


Журналісты таджыкскай Свабоды

Прэзыдэнт мэдэакарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай накіраваў ліст міністру замежных справаў Таджыкістану Сіраджыдзіну Аслову, у якім скрытыкаваў рашэньне зьнешнепалітычнага ведамства краіны адмовіць у акрэдытацыі некаторым журналістам таджыкскай службы Радыё Свабода — і даць іншым супрацоўнікам толькі частковую акрэдытацыю. Ён назваў такія дзеяньні «перашкодай місіі арганізацыі ў Таджыкістане».

Улады Таджыкістану напярэдадні, за дзень да заканчэньня тэрміну акрэдытацыі 9 журналістаў таджыкскай Свабоды, працягнулі яе толькі для семярых, прычым для шасьцярых толькі на шэсьць месяцаў і для аднаго журналіста — на тры. Частковыя дазволы супярэчаць законам Таджыкістану, якія патрабуюць падаўжэньня на год, адзначае Джэймі Флай.

Акрамя таго, адзінаццаці журналістам і супрацоўнікам Свабоды цяпер забаронена працаваць у Таджыкістане, паколькі яны не атрымалі акрэдытацыю ў МЗС краіны.

Прэзыдэнт мэдыякарпарацыі падкрэсьліў, што Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода не паддасца ціску ў асьвятленьні падзей у Таджыкістане, і заклікаў МЗС Таджыкістану неадкладна акрэдытаваць усіх журналістаў Свабоды і дазволіць ім выконваць сваю працу.

Раней чацьвёра сэнатараў ЗША ў звароце на імя прэзыдэнта Таджыкістану Эмамалі Рахмона выказалі занепакоенасьць тым, што ўпаўнаважаныя органы не прадастаўляюць акрэдытацыю супрацоўнікам Радыё Свабода, і гэты факт «можа адбіцца на ўстойлівасьці таджыкска-амэрыканскіх адносінаў». З заклікам акрэдытаваць журналістаў выступілі ў Кангрэсе ЗША, а таксама прадстаўнік АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ.

Пры канцы жніўня 2019 году Джэймі Флай сустрэўся зь міністрам Асловым і заклікаў Душанбэ акрэдытаваць журналістаў, адзначыўшы, што «інфармаваныя грамадзяне, якія маюць доступ да шырокага колу крыніц навінаў і інфармацыі, адпавядаюць доўгатэрміновым інтарэсам таджыкскага грамадзтва і бясьпекі».

Таджыкская служба Радыё Свабода зьяўляецца адной з нямногіх крыніц незалежных навін у краіне, якія даюць альтэрнатыўны дзяржаўным СМІ пункт гледжаньня. Свабода мае самы папулярны ў Таджыкістане канал YouTube і старонку Facebook.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG