Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп з жонкай «пераехалі» зь Нью-Ёрку ў Флорыду


Дональд Трамп

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп і ягоная жонка Мэланія зьмянілі сваё асноўнае месца жыхарства і, такім чынам, падатковую рэзыдэнцыю зь Нью-Ёрку на Флорыду. Пра гэта паведамляе The New York Times са спасылкай на дакумэнты акруговага суду гораду Палм-Біч у Флорыдзе.

З Мангэтану ў Нью-Ёрку Трамп з жонкай у канцы верасьня афіцыйна пераехалі ў гольф-клюб Мар-а-Лаго, які належыць Трампу, дзе прэзыдэнт часта праводзіць выходныя.

З 1983 году асноўным месцам жыхарства Трампа лічылася «Вежа Трампа» у Нью-Ёрку. Журналісты, аднак, падлічылі, што там ён праводзіць значна менш часу, чым у Флорыдзе.

Камэнтатары называюць галоўнай прычынай «пераезду» прэзыдэнта падатковыя чыньнікі. У Флорыдзе, у прыватнасьці, няма падаходнага падатку або падатку на спадчыну, які спаганяе штат.

Акрамя таго, Трамп і яго Рэспубліканская партыя прыкметна саступаюць дэмакратам у папулярнасьці ў Нью-Ёрку. Прэзыдэнт таксама абвінавачвае мясцовых чыноўнікаў у перадузятасьці, ён крытыкаваў і рашэньне нью-ёрскага пракурора, які абавязаў яго даць Кангрэсу падатковыя дэклярацыі (гэтае пытаньне зараз вырашаецца ў судах).

Трамп напісаў у Твітэры, што заўсёды будзе шанаваць Нью-Ёрк і яго жыхароў, аднак адзначыў: «на жаль, нягледзячы на тое, што я кожны год плачу гораду мільёны даляраў мясцовых і рэгіянальных падаткаў, палітычныя лідэры гораду і штату дрэнна абышліся са мной. Зь нямногімі абыходзіліся горш», — напісаў ён, адзначыўшы, што хацеў бы бліжэйшыя 5 гадоў праводзіць вялікую частку часу па адрасе Пэнсільванія Авэню, 1600, па якім разьмешчаны Белы Дом.

Губэрнатар штату Нью-Ёрк Эндру Куома адрэагаваў на «ад’езд» Трампа наступным чынам: «Добрай дарогі. Праўда, на самай справе Дональд Трамп не плаціў тут ніякіх падаткаў... Флорыда, забірайце яго, ён ваш».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG