Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуроры двух штатаў ЗША пададуць у суд на прэзыдэнта Трампа


Дональд Трамп

Генпракуроры акругі Каламбія (у якую сталіца ЗША Вашынгтон) і штату Мэрылэнд пададуць у суд на прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Яны лічаць, што Трамп парушае артыкул Канстытуцыі ЗША, які забараняе дзяржаўным чыноўнікам прымаць падарункі і ўзнагароджаньне ад замежных дзяржаў.

Ініцыятары пазову лічаць, што, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй ЗША, дзейны дзяржаўны чыноўнік ня можа кіраваць глябальнай бізнэс-імпэрыяй, якая прымае замежныя інвэстыцыі. Гэта першы пазоў з боку дзяржаўных чыноўнікаў, якія аспрэчваюць рашэньне Трампа захаваць права ўласнасьці на свой бізнэс і пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах.

У студзені Трамп казаў, што яго бізнэс-актывамі будуць кіраваць ягоныя сыны, каб пазьбегнуць магчымага канфлікту інтарэсаў, аднак яны будуць трымаць яго ў курсе справаў.

Генэральны пракурор акругі Каламбія Карл Рэйсін і генэральны пракурор штату Мэрылэнд Браян Фрош лічаць, што Трамп парушае палажэньне Канстытуцыі ЗША, у якім гаворыцца: «Ніводная асоба, якая займае якую-небудзь пасаду, якая прыносіць даход, або афіцыйную пасаду на службе Злучаных Штатаў, не павінна бяз згоды Кангрэса прымаць якое-небудзь паднашэньне, узнагароджаньне, пасаду або тытул якога заўгодна кшталту ад якога-небудзь караля, прынца ці замежнай дзяржавы».

«Мы бачым эканамічныя інтарэсы, якія маюць уплыў, але найбольш важным фактарам выглядае тое, што калі прэзыдэнт зьяўляецца субʼектам замежнага ўплыву, мы павінны быць занепакоеныя тым, ці зьяўляюцца ягоныя дзеяньні — як дома, гэтак і ў замежжы, — вынікам плацяжоў, якія ён атрымлівае ў Трамп-гатэлі, плацяжоў, якія ён атрымлівае ў Мар-а-Лага, плацяжоў, якія ён атрымлівае ў Трамп-таўэр, плацяжоў, якія ён атрымлівае ва ўсіх іншых аддаленых прадпрыемствах, якімі ён хваліцца», — цытуе Los-Angeles Times Браяна Фроша.

Кангрэс ЗША, большасьць у якім належыць рэспубліканцам, ніяк не адрэагаваў на рашэньне Трампа не прадаваць свой бізнэс. Пракуроры лічаць, што сваім пазовам яны запускаюць сыстэму стрымак і процівагаў, якая павінна захоўваць раўнавагу паміж рознымі галінамі дзяржаўнай улады.

Рэйсін і Фрош перакананыя, што справа дойдзе да Вярхоўнага Суду і што ў працэсе расьсьледаваньня будуць апублікаваныя асабістыя падатковыя дэклярацыі Трампа, каб ацаніць маштаб ягоных зьнешнегандлёвых зьдзелак.

Гэты пазоў адкрывае новы фронт у супрацьстаяньні прэзыдэнта ЗША. Магчымыя сувязі ягонага перадвыбарчага штабу з Расеяй ужо расьсьледуюць спэцыяльны пракурор Боб Мюлер і камітэт Кангрэсу ЗША.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG