Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ІТ-галіна ў Беларусі паводле ўнёску ў ВУП стала ўпоравень з аграрнай», — віцэ-прэм’ер Турчын


Кастрычніцкі эканамічны форум (КЭФ-2019). Выступае першы віцэ-прэм’ер Аляксандар Турчын

З праграмнай прамовай на Кастрычніцкім эканамічным форуме, які пачаўся 31 кастрычніка ў Менску, выступіў першы віцэ-прэм’ер Аляксандар Турчын. У сваёй прамове ён узьняў толькі адну тэму — лічбавізацыю і высокія тэхналёгіі.

«Тэхналёгіі вельмі арыгінальна пачынаюць вырашаць усе спрэчкі эканамістаў, — сказаў Аляксандар Турчын. — Мы гадамі, як маглі, аберагалі ўнутраны рынак ад чужых тавараў, наяжджалі на дробных гандляроў, індывідуальных прадпрымальнікаў.

Але зьявіўся Alibaba — і нашы грамадзяне сталі замаўляць тавары на Aliexpress. І стала зразумела, што ўсе намаганьні ў абароне ўнутранага рынку сталі бессэнсоўнымі. Але гэта было цалкам натуральна для захаваньня працоўных месцаў у заводзкіх цэхах і на калгасных палях».

Паводле яго, лічбавізацыя разам з рабатызацыяй ставіць крыж на гэтых намаганьнях.

«Перад сьветам у поўны рост паўстае праблема так званай нулявой працоўнай сілы,— працягнуў віцэ-прэм’ер.— Цяпер становіцца зразумела: новыя працоўныя месцы будуць стварацца дзе заўгодна, але не ў індустрыі і сельскай гаспадарцы. На другі плян адыдуць і пытаньні барацьбы за танныя нафту і газ, на першы плян выходзіць інтэлектуальны прадукт.

Тэхналёгіі мяняюць і жыцьцё, і дзяржаву, незалежна ад волі дзяржавы. Дзяржаўная палітыка альбо можа „падладзіцца“ пад прагрэс, альбо ігнараваць. У першым выпадку прагрэс паскорыцца, у другім — пойдзе міма дзяржавы. Але затармазіць ці зьмяніць працэсы ніхто ня ў стане. А хутчэйшае разуменьне гэтага — напэўна, самы галоўны выклік, які стаіць перад намі.

Тое, што наша дзяржаўная палітыка дакладна ўкладаецца ў тэхналягічны прагрэс, мы бачым на прыкладзе Парку высокіх тэхналёгіяў. Тэмпы росту ПВТ і ІТ на парадак пераўзыходзяць усе галіны і сфэры, і тое, што мы можам спыніць ня толькі ўцечку мазгоў, але і павярнуць яе да нас, таксама паказаў прыклад ПВТ. Сёньня гэтая галіна паводле ўнёску ў ВУП стала ўпоравень з аграрным сэктарам.

Мая думка такая: наступная пяцігодка і па духу, і па назве, і па сэнсу павінна стаць лічбавай. Гэта прадугледжвае стварэньне фундамэнтальнага парку.Лічбавыя тэхналёгіі не павярхоўна, не касмэтычна, а сутнасна мяняюць вытворчыя, лягістычныя, гандлёвыя, фінансавыя і ў цэлым эканамічныя працэсы. Яны мяняюць мадэлі спажываньня. Яны мяняюць інстытут уласнасьці.

І менавіта з гэтых бясспрэчных тэхналягічных фактаў павінны рабіцца прамыя, практычныя высновы, якія вызначаюць эканамічную палітыку».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG