Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы эгаізм Эўразьвязу


Рыкард Юзьвяк

Пашырэньне ЭЗ на сёньня мёртвае і блізкім часам яго не зьбіраюцца рэанімаваць, піша брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Апошнім часам шматлікія экспэрты адчуваюць спакусу напісаць нэкралёг па палітыцы пашырэньня Эўразьвязу. Хоць я і прызнаю гэтыя аргумэнты, я заўсёды супраціўляўся гэтай спакусе — але ж дзьве апошнія падзеі ў Брусэлі прымусілі мяне перадумаць. Так, палітыка пашырэньня эўрапейскай супольнасьці сёньня сапраўды выглядае мёртвай і, хутчэй за ўсё, застанецца такой на доўгі час. Паглядзіце, што адбылося на саміце кіраўнікоў дзяржаў і лідэраў урадаў краін Эўразьвязу ў бэльгійскай сталіцы 17-18 кастрычніка.

Галоўнай павесткай сустрэчы было пагадненьне паміж ЭЗ і Вялікабрытаніяй наконт Brexit, якога дасягнулі раніцай і якое ахвотна падтрымалі лідэры Эўразьвязу ў канцы таго дня. Іншай тэмай стала адмова Францыі даць Альбаніі і Паўночнай Македоніі дазвол пачаць перамовы аб уступленьні у Эўрапейскі Зьвяз нават пасьля доўгіх і гарачых абмеркаваньняў паміж лідэрамі краін — перамовы скончыліся ў 2.30 раніцы безь ніякіх пісьмовых высноў.

Пачнем з Brexit. Дагэтуль не зусім зразумела, ці адбудзецца выхад Вялікабрытаніі з ЭЗ блізкім часам, хоць брытанскі прэм’ер-міністар Борыс Джонсан яшчэ спадзяецца, што гэта атрымаецца зрабіць да канца месяца. Але відавочна, што іншыя краіны-чальцы ЭЗ стаміліся ад такой палітыкі Лёндану. Падчас апошніх перамоваў, Брусэль дазволіў Брытаніі перасекчы дзьве тлустыя чырвоныя лініі — дазволіў падняць папярэднія дамовы аб выхадзе Брытаніі з ЭЗ для абмеркаваньня і дазволіў правесьці двухбаковыя перамовы паміж Вялікабрытаніяй і Ірляндыяй. Гэтае нечаканае жаданьне пайсьці на саступкі паказвае, што Эўразьвяз сапраўды хоча як мага хутчэй вырашыць праблему Brexit і далей спраўляцца са сваімі праблемамі ўжо як блок з 27 чальцоў.

Толькі вось Эўразьвяз 27 краін будзе ўжо фундамэнтальна іншым клюбам — і гэта можа ня вельмі станоўча паўплываць на суседзяў ЭЗ. Так, сытуацыя з Брытаніяй была з самага пачатку крыху іншай — краіна часта адной нагой ужо стаяла «за дзьвярным парогам». Але менавіта Вялікабрытанія была насамрэч адной з самых інтэрнацыянальна накіраваных краін Эўрапейскага Зьвязу.

Менавіта Брытанія пры Тоні Блэйры моцна падтрымлівала пашырэньні 2004 і 2007 гадоў, якое прывяло да далучэньня 10 новых краінаў былога сацыялістычнага блёку. І хоць пераемнікі Блэйра сталі крыху больш скептычна да гэтага ставіцца пасьля таго як мільёны людзей з новых краін Эўразьвяза сьцякліся ў Брытанію ў пошуках працы, Лёндан заўсёды быў схільны да таго, каб трымаць дзьверы адчыненымі — тым самым расчароўваючы іншых партнэраў па блоку, што ў больш прыватных абставінах скардзіліся на жаданьне Брытаніі паслабіць ЭЗ і зрабіць кіраваньне палітычным зьвязам яшчэ больш нязручным.

У любым выпадку, даволі іранічна што Брытанія вырашыла пакінуць Эўразьвяз, хоць менавіта празь яго каралеўства стала мець больш хаўрусьнікаў на кантынэнце, чым калісьці раней у сваёй гісторыі, а сам ЭЗ ператварыўся зь пераважна франкамоўнай суполкі ў тую, дзе галоўнай lingua franca par excellence стала ангельская мова.

Прыкладам новага, больш сканцэнтраванага на сабе падыходу Эўразьвязу, стала Францыя, якая ўжо трэці раз за апошнія 16 месяцаў блякуе заяўкі Тыраны і Скоп’е. Гэта было зроблена на найвышэйшым узроўні. Ужо ня грала ніякай ролі і тое, што іншыя лідэры называлі гэта рашэньне гістарычнай памылкай і папярэдзілі, што на кон пастаўлены давер да Эўразьвязу, што Эўрапейская камісія двойчы ў справаздачах хваліла рэформы, якія былі зробленыя ў дзьвюх заходнебалканскіх краінах. Нават гістарычнае пагадненьне, у выніку якога Македонія была вымушана зьмяніць сваю назву, не пераканала Парыж зьмяніць сваю пазыцыю ў гэтым пытаньні.

За апошні год, Францыя зьвярнулася да шэрагу аргумэнтаў супраць уступленьня Паўночнай Македоніі і Альбаніі ў Эўразьвяз. Спачатку французы заявілі, што Эўразьвяз ня мае магчымасьцяў прымаць новых чальцоў, нават нягледзячы на тое, што размова ідзе толькі аб тым каб пачаць перамовы — і ў такім выпадку пройдзе шмат гадоў перад тым, як новыя краіны змогуць далучыцца да ЭЗ. Потым яны сказалі, што неабходна паглыбляць інтэграцыю Зьвязу, замест таго каб яго пашыраць — пры гэтым гісторыя паказвае, што абодва працэсы могуць адбывацца адначасова (узгадайце прыняцьце эўра і экспансію ЭЗ на ўсход — гэта адбывалася амаль адначасова ў пачатку 21 стагодзьдзя).

Цяпер Францыя хоча новую мэтодыку перамоваў аб пашырэньні ЭЗ перад тым, як яна зможа адказаць «так» на пытаньне аб далучэньні дзьвюх балканскіх краін. Ніхто сапраўды да канца не разумее, з чаго будзе складацца гэтая новая мэтодыка, але Эўракамісія абяцае новую справаздачу вясной наступнага году і тады ЭЗ зможа ізноў вярнуцца да гэтага пытаньня і паспрабаваць вырашыць лёс Альбаніі і Паўночнай Македоніі.

Праблема ў тым, што, магчыма, шкода ўжо нанесена. Да таго часу, калі Эўразьвяз зможа вярнуцца да гэтага пытаньня, у Паўночнай Македоніі можа зьмяніцца ўрад — ня факт, што новыя кіраўнікі краіны будуць такім ж праэўрапейскімі. Такім чынам ЭЗ таксама шле сыгнал Чарнагорыі і Сэрбіі, перамовы зь якімі ідуць з хуткасьцю сьлімака, што хутчэй за ўсё ніякага паскарэньня не будзе. Гэта таксама абмяжоўвае ўплыў Брусэлю на вырашэньне ўнутраных праблем Босьніі і на дыялёг паміж Прыштынай і Бялградам, бо пэрспэктыва канчатковага ўступленьня гэтых краін у эўрапейскае аб’яднаньне пачынае здавацца сумнеўным.

Становішча заходнебалканскіх краін таксама добра бачаць і іншыя патэнцыйныя кандыдаты на сяброўства ў ЭЗ, такія як Грузія, Малдова і Ўкраіна. Слушнай была б здагадка, што Эўразьвяз у 2020-х гадах хутчэй за ўсё будзе скарачацца, а не пашырацца. Пашырэньне на сёньня мёртвае і блізкім часам яго не зьбіраюцца рэанімаваць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG