Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадка затрыманьня і вызваленьня ў Менску расейкі Багачовай. Што ня так


Ганна Багачова, якую абвінавачваюць ва ўмяшаньні ў выбары ў ЗША, і Яўген Прыгожын, уладальнік расейскай "фабрыкі троляў", каляж

У аўторак СМІ і тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманьне расейкі, МЗС Расеі ў сваім Твітары пацьвердзіў гэты факт і паведаміў, што пасольства РФ выпрацоўвае адпаведныя дзеяньні па абароне інтарэсаў суайчыньніцы. Праз кароткі час, тады ж у аўторак, Багачова была вызваленая.

Пытаньняў больш, чым адказаў. Факты, блытаныя заявы беларускіх афіцыйных асоб, а, галоўнае, кантэкст — ня вельмі ўпісваюцца ў простую вэрсію.

Простая вэрсія абвяшчае: Багачова знаходзілася ў міжнародным вышуку па лініі Інтэрполу, беларускія праваахоўнікі зафіксавалі прысутнасьць падазраванай на даручанай іх клопату тэрыторыі, затрымалі да высвятленьня абставінаў і выпусьцілі.

Так гэтую сытуацыю тлумачыў, у прыватнасьці, і прэзыдэнт Лукашэнка.

Аднак успамінаюцца словы Альберта Эйнштэйна: «Вы кажаце, што ўсё так проста? Усё сапраўды проста, але зусім ня так».

Ок, дапусьцім, што Багачова была сапраўды абвешчаная ў міжнародны вышук па лініі Інтэрполу. Дарэчы, у публічным сьпісе падазраваных Інтэрполу яе няма. Але дапусьцім, што яна ёсьць (ці была) у нейкім іншым сьпісе Інтэрполу. Але чальцом Інтэрполу зьяўляюцца як Беларусь, гэтак і Расея. І расейскае МУС было ў курсе, што Багачова абвешчаная ў міжнародны вышук. А справа гучная, уся Амэрыка яго абмяркоўвае, за яе ўводзяць санкцыі адносна РФ, толькі што адгрымела справу расейкі Марыі Буцінай, асуджанай у ЗША.

Што па ідэі павінныя былі зрабіць расейскія праваахоўнікі? Як мінімум папярэдзіць беларускіх калегаў, што вось гэтых расейцаў, якіх абвінавачваюць ва ўмяшаньні ў амэрыканскія выбары і якіх абвясьцілі ў міжнародны вышук, у тым ліку і Багачову, нельга нават пальцам крануць.

Вядома, можа ў Расеі ва ўсім поўны бардак. Але неяк слаба верыцца, што гэтае пытаньне, адно з цэнтральных у амэрыкана-расейскіх адносінах, расейцы не пракантралявалі.

Так што ці ўсё ж дзікі бардак ці Багачова ў афіцыйны міжнародны, усім чальцам Інтэрполу вядомы, вышук наогул не абвяшчалася. А ў які-небудзь іншы можа і абвяшчалася. У які афіцыйны фармальны вышук абвяшчаўся сын былога віцэ-прэзыдэнта ЗША Байдэна Хантэр? Ні ў які. А ў які нефармальны — мы ведаем з апублікаванай стэнаграмы тэлефоннай размовы прэзыдэнтаў Дональда Трампа і Ўладзіміра Зяленсага.

Не параўноўваю прама Ганну Багачову і Хантера Байдэна. Проста не выключаю, што запыт мог быць прамы, але ад амэрыканцаў беларусам. Асабліва нефармальны, кшталту як ад Трампа Зяленскаму.

Яшчэ адна недарэчнасьць. Добра, чалавек у вышуку, затрымалі, разабраліся. А чаму разьбіраліся двое сутак? Калі ўкраінскага пісьменьніка Сяргея Жадана не пусьцілі ў Беларусь па расейскім стоп-лісьце, сытуацыю адкруцілі назад за некалькі гадзін. А тут двое сутак.

І яшчэ адна дэталь — паведамленьне МЗС Расеі ў Твітэры, што Багачова затрыманая. Калі «усё проста», то гэтага паведамленьня проста не павінна было быць. Беларусы, як робаты, затрымалі расейку па міжнародным ордэры, у МЗС РФ пра гэта даведваюцца (нават дапусьцім, што на другія суткі), там у курсе, хто яна такая і ў чым яе абвінавачваюць. І што павінна было адбыцца далей? Ну зразумела неадкладнае вызваленьне. Без усялякіх паведамленьняў у Твітэры МЗС РФ. Але паведамленьне было.

Яшчэ адна праблема — каскад супярэчлівых заяваў беларускіх афіцыйных асоб. МУС кажа, што Багачова была затрыманая, пракуратура пацьвярджае. А прэсавая сакратарка прэзыдэнта Натальля Эйсмант заяўляе, што ніхто грамадзянку РФ ня затрымліваў. А ўсьлед і пракуратура кажа, што Багачову як бы і не затрымлівалі. Як у савецкім вайсковым анэкдоце: А таварыш палкоўнік кажа, што кракадзілы лётаюць. — Лётаюць, але нізэнько-нізэнько.

Калі ўсё проста, калі ўвесь інцыдэнт — вынік службовага дбаньня беларускіх праваахоўнікаў, то з чаго такі разнабой у камэнтарах? Так, затрымалі, так, разабраліся, так, вызвалілі. А чаму не ўсе камэнтары былі такімі?

Якая ж вэрсія тлумачыць усе гэтыя нестыкоўкі? Запыт на затрыманьне Багачовой быў. Але не міжнародны, амэрыканскі — беларускаму боку. Маўляў, мы былі б удзячныя, калі б вы вось з гэтымі людзьмі неяк разабраліся. А можа і запыту не было. А было веданьне, што Багачова — ас інфармацыйнай вайны. А ў Беларусі ў наступным годзе — прэзыдэнцкія выбары. Расейскія тэлеграм-каналы ўжо расьпісваюць, якое вясёлае жыцьцё Лукашэнку Масква зладзіць на выбарах у наступным годзе. Дарэчы, крыніцы паведамляюць, што Багачова езьдзіла ў ЗША задоўга да выбараў 2016 годзе, вывучала абстаноўку, прамацвала глебу. А ў Беларусь цяпер не для таго ж прыехала?

Ну і ў выніку атрымалася ўсё па формуле Эйнштэйна — проста, але зусім ня так. Затрыманьнем Багачовой паказалі Расеі, што тут Беларусь — а не Расея, і хто тут гаспадар. Можам і па-дрэннаму. Каб было ясна, што рэзкія спробы ўмяшацца ў выбары 2020 году сустрэнуць ня менш рэзкі адпор.

Дарэчы, ускосным пацьверджаньнем зьяўляюцца словы Лукашэнкі пра тое, што Беларусь у 2008 годзе папрасіла амэрыканскіх дыпляматаў пакінуць краіну, абвінаваціўшы іх ва ўмяшаньні ў беларускія выбары. Тады, праўда, гаварылася, што гэта быў адказ на санкцыі, дыпляматаў папрасілі зьехаць у сакавіку 2008 году, а выбары былі ў верасьні. Але гэта дэталі. А наогул навошта ў дадзеным кантэксьце былі гэтыя ўспаміны? Калі затрыманьне Багачовой было толькі праявай службовай стараннасьці не па розуму, то прычым тут успаміны пра падзеі 11-гадовай даўніны? А гэта намёк, што ў Менску ўмяшаньня не любяць. Асабліва ў свае справы.

Атрымалася таксама і пасланьне амэрыканцам: Перадаць вам Багачову — гэта немагчыма, вы ж разумееце расклад. Але вашыя перасьцярогі, заклапочанасьць, нам ужо ня тое каб зусім абыякавыя. Ня так, як раней. Праўда, ня больш за тое. Амэрыканцы наўрад ці ў прынцыпе разьлічвалі на большае. Але правяла жа Багачова двое сутак у ня самых камфортных умовах.

Ну і яшчэ адно пасланьне расейцам: мы можам паказаць зубы, але ведаем меру і «чырвоныя лініі». Трымаць Багачову пад вартай ня будзем, амэрыканцам аддаваць — тым больш.

І тады ўсё тлумачыцца. Чаму трымалі двое сутак? Таму што сыгналы павінны былі быць дастаткова гучнымі, каб быць пачутымі. Чаму сытуацыя дайшла да таго, што МЗС РФ быў вымушаны паведаміць аб затрыманьні расейкі публічна, чаму яна не была вызваленая неадкладна, як толькі гэта стала вядома ў МЗС РФ? Па той жа прычыне. Чаму адны чыноўнікі гаварылі адно, а іншыя — іншае? Таму што камбінацыя не была аўтаматычнай і ня ўсе адразу зразумелі сутнасьць гульні. Чаму Лукашэнка пусьціўся ва ўспаміны пра паданьні сівой даўніны аб тым, як ён змагаўся з амэрыканскім умяшаньнем у беларускі палітычны працэс. Каб патлумачыць, што і цяпер сыгнал з затрыманьнем і вызваленьнем расейскага інтэрнэт-троля — вось менавіта пра гэта.

Усё проста, але зусім ня так.

Перадрук з парталу TUT. BY

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG