Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейку Ганну Багачову не затрымлівалі, Лаўроў не званіў Макею


Ганна Багачова, архіўнае фота
Ганна Багачова, архіўнае фота

Намесьнік генпракурора Аляксей Стук паведаміў журналістам, што да грамадзянкі Расеі Ганны Багачовай «не ўжываліся захады працэсуальнага прымусу».

«Яна заставалася на свабодзе», — перадае БелТА словы Стука.

Днём раней прэс-служба МУС Беларусі паведаміла, што Ганна Багачова «была затрыманая ў адным з гатэляў Менску, бо знаходзілася ў міжнародным вышуку».

У Генпракуратуры ўчора заявілі, што намесьнік пракурора Фрунзенскага раёну Менску не знайшоў падстаў для прымяненьня да Багачовай меры стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту.

«Генпракуратура паставіла пытаньне аб спыненьні міжнароднага вышуку яе на тэрыторыі Беларусі», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў Генпракуратуры Беларусі.

У МУС сказалі, што Багачову «адпушчаная», а ў Генпракуратуры, што 15 кастрычніка яна «вызваленая».

Пазьней прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі заявіла Tut.by, што Ганну Багачову ніхто не затрымліваў і не арыштоўваў. Паводле Натальлі Эйсмант, «прозьвішча гэтай расейскай грамадзянкі знаходзілася ў нашых базах зьвестак, таму мела месца высьвятленьне ўсіх абставінаў».

16 лістапада намесьнік генпракурора Аляксей Стук патлумачыў журналістам «супярэчлівую інфармацыю».

Ён абвінаваціў прадстаўнікоў масмэдыя ў тым, што яны «ня ведаюць тонкасьцяў нашых фармулёвак і значэньня гэтых тэрмінаў, і, можа быць, нашы прэс-сакратары не зусім даходліва данесьлі гэтую інфармацыю». Ці згадваў ён заяву МУС пра затрыманьне, не ўдакладняецца.

Прадстаўнік Генпракуратуры Дзьмітры Брылёў сказаў карэспандэнту Свабоды, што яму няма нічога дадаць да словаў Аляксея Стука.

Перад кім Генпракуратура паставіла пытаньне аб спыненьні міжнароднага вышуку Багачовай на тэрыторыі Беларусі? Паводле Дзьмітрыя Брылёва, «няхай гэта застанецца ўнутранай справай Генпракуратуры».

«Гэта ўжо нейкія працэсуальныя пытаньні. Мы ведаем, перад кім мы паставілі гэтае пытаньне. Дадаваць нешта да гэтага не патрэбна», — сказаў Брылёў карэспандэнту Свабоды.

У расейскім МЗС назвалі дэзынфармацыяй паведамленьні ў мэдыя пра тое, што міністар Сяргей Лаўроў тэлефанаваў свайму беларускаму калегу Ўладзімеру Макею наконт затрыманьня Багачовай і нібыта папярэдзіў пра наступствы.

«Лаўроў Макею не тэлефанаваў», — сказалі «Інтэрфаксу» ў МЗС Расеі. Таксама яны назвалі дэзынфармацыяй паведамленьні пра «бязьдзейнасьць амбасады Расеі ў Менску».

У МЗС Расеі мяркуюць, што «задачай такіх паведамленьняў зьяўляецца нэгатыўны ўплыў на двухбаковыя стасункі».

Раней паведамлялася, што Багачову затрымалі 13 кастрычніка каля 22 гадзіны ў адным зь менскіх гатэляў.

Багачова — адна з 13 расейцаў, якім выставілі абвінавачаньні пасьля расьсьледаваньня спэцпракурора ЗША Робэрта Мюлера.

У афіцыйным твітэры Міністэрства замежных спраў Расеі ўчора зьявілася паведамленьне:

«Сытуацыя ў сувязі з затрыманьнем у Менску праваахоўнымі органамі Рэспублікі Беларусь грамадзянкі Расеі Ганны Багачовай знаходзіцца ва ўвазе консульскага аддзелу Пасольства Расеі ў Беларусі, супрацоўнікі якога аказваюць ёй прадугледжаную ў такіх выпадках консульскую падтрымку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG