Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хочуць прышыць хуліганку». Аўтар аголенай акцыі супраць цэнзуры ў мастацтве схадзіў у міліцыю


Акцыя мастака Аляксея Кузьміча ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў
Акцыя мастака Аляксея Кузьміча ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў

У міліцыі пыталіся, як на чэлесе трымалася таблічка і чаму мастак прыняў віягру.

Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства ўнутраных справаў Вольга Чамаданава паведаміла Свабодзе, што з нагоды акцыі мастака Аляксея Кузьміча ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у міліцыю пададзена «заява ад грамадзяніна». 10 кастрычніка Аляксея выклікалі туды для разбору.

«Хочуць „прышыць хуліганку“, — кажа Аляксей. — Дзьве гадзіны я там правёў, і ў гэты ж час супрацоўніку тэлефанавалі нейкія людзі, даведваліся, як ідзе працэс, давалі нейкія ўказаньні, у працэсе нават карэктавалі яго, што тычыцца размовы са мной. Розныя пікантныя пытаньні задавалі: як трымалася таблічка без дапамогі рук? Пыталі, чаму я ўжыў таблетку віягры, чаму ня мог, умоўна кажучы, узбудзіцца».

Аляксей кажа, што расказаў супрацоўніку міліцыі, пра што была акцыя. Аднак на частку пытаньняў адказваць адмовіўся.

«Таму што супрацоўнік, зь якім я гутарыў, увогуле ня быў у курсе мастацтва. Я казаў яму словы са спэктра сучаснага мастацтва, напрыклад „постканцэптуалізм“, „відэаарт“, „пэрфарматыўныя практыкі“, „акцыянізм“, а ён упершыню іх чуў. Адпаведна, ён не зьяўляецца экспэртам у пытаньнях сучаснага мастацтва і абмяркоўваць канцэпцыю акцыі і даваць нейкія тлумачэньні ня бачу аніякага сэнсу».

У бок Аляксея была накіраваная афіцыйная прэтэнзія з патрабаваньнем тэрмінова прынесьці прабачэньні Цэнтру за дзеяньні, якія нанесьлі значную шкоду дзелавой рэпутацыі НЦСМ.

«Ніякай рэпутацыі ў іх няма. Я лічу, што значна павысіў цікавасьць да іхнай інстытуцыі, — тлумачыць Кузьміч. — Паколькі раней там было па 5-10 наведнікаў за дзень, а цяпер там некалькі сотняў у сувязі з тымі падзеямі, якія цяпер адбываюцца. Ім бы не пашкодзіла падзякаваць мне, хаця б для пачатку. Ну і ў прынцыпе пра адсотак з прыбытку таксама можна было б гаварыць».

Паводле Кузьміча (свае крыніцы ў Міністэрстве культуры ён не называе), усё, што адбываецца вакол ягонай асобы — ініцыятыва Міністэрства і асабіста Ірыны Дрыгі (начальніца галоўнага ўпраўленьня дзяржаўных спэцыяльных культурных мерапрыемстваў і прафэсійнага мастацтва. — РС).

Прынамсі, пасьля міліцэйскага разбору НЦСМ мае падставы для звароту ў суд. Аляксей упэўнены, што гэта толькі пачатак — уласна, у гэтым зь ім пагадзіўся і ўчастковы. Далей ён зьбіраецца патрабаваць мастацкай экспэртызы сваіх дзеяньняў: акцыя была праведзеная ў інстытуцыі сучаснага мастацтва, і кіраўніцтва (гэта відаць нават на відэа з акцыі) прызнае, што гэта быў мастацкі выступ, а не хуліганскі ўчынак. Кузьміч таксама спадзяецца, што ініцыятыву правесьці мастацкую экспэртызу падтрымае ўся беларуская мастацкая супольнасьць.

«У інтарэсах арт-супольнасьці выйграць гэтую справу і паказаць, што сучаснае мастацтва ў Беларусі мае права на існаваньне ў межах акурат мастацтва, а не парушэньня заканадаўства, — сьцьвярджае Аляксей. — Таму што мастацтва — гэта заўсёды выхад за нейкія межы. Трэба ўсё ж такі расцэньваць, зрабіў гэта мастак ці зрабіў чалавек, які хацеў парушыць заканадаўства і зрабіць хуліганскія дзеяньні. Усё ж такі трэба гэта адмяжоўваць. І мне здаецца, у гэтым адмежаваньні і палягае сэнс маёй акцыі. Акцыя працягваецца, яна ня скончаная, і ў гэты момант яна разьвіваецца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG