Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё толькі пачынаецца». Аголенай акцыяй супраць цэнзуры ў мастацтве занялася міліцыя


Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства ўнутраных справаў Вольга Чамаданава паведаміла Свабодзе, што аб акцыі мастака Аляксея Кузьміча ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у міліцыю пададзена «заява ад грамадзяніна».

«Цяпер праводзіцца праверка, пасьля будзе дадзена ацэнка», — сказала яна.

Хто канкрэтна напісаў заяву, яна не сказала.

Вядома, што на 10 кастрычніка мастака выклікалі ў міліцыю. У сваім фэйсбуку ён апублікаваў прэтэнзію НЦСМ, дзе ўстанова прапануе тэрмінова выбачыцца за акцыю ў інтэрнэце. У іншым выпадку НЦСМ абяцае судзіцца з Кузьмічом у абарону сваёй дзелавой рэпутацыі.

Нацыянальны цэнтар паведаміў, што падчас адкрыцьця выставы «Прысутнасьць» 3 кастрычніка 2019 году Аляксей Кузьміч «дапусьціў дзеяньні, якія абражаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама якія нанесьлі значны ўрон дзелавой рэпутацыі цэнтру».

Раней Нацыянальны цэнтар заявіў пра поўную недатычнасьць да акцыі мастака і што «рэзка асуджае любыя дзеяньні і акцыі, якія праяўляюць цынічную непавагу да грамадзтва і ягоных дзяржаўных інстытутаў».

Дырэктар Нацыянальнага цэнтру Сяргей Крыштаповіч ня стаў тлумачыць карэспандэнту Свабоды, хто і чаму падаў заяву ў міліцыю на мастака Аляксея Кузьміча.

«Усе пытаньні наконт міліцыі да міліцыі. Мы не міліцыя, мы цэнтар сучасных мастацтваў. Усе пытаньні да міліцыі і да мастака. Я ўсё, што мог, сказаў. А калі вы жадаеце і далей гэтую тэму мусіраваць, мне шкада. Мне шкада вашага часу і шкада свайго, бо я маю службовыя абавязкі, ніяк не зьвязаныя з такой колькасьцю інтэрвію з прычыны проста мярзотніка, а не мастака. Ён не мастак», — сказаў Сяргей Крыштаповіч.

Дырэктар цэнтру паабяцаў паведаміць пра «ўсе сэнсацыі, а яны абавязкова будуць».

«Усё толькі пачынаецца, не хапайцеся за гэтыя дробязі», — сказаў Сяргей Крыштаповіч.

У выставачным аддзеле цэнтру сказалі, што выстава Аляксея Кузьміча працягнецца да 10 лістапада.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG