Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі выказалася пра атаку Турэччыны на поўнач Сырыі


Турэцкія вайсковыя машыны на поўначы Сырыі, 9 кастрычніка
Турэцкія вайсковыя машыны на поўначы Сырыі, 9 кастрычніка

«У Рэспубліцы Беларусь з глыбокай заклапочанасьцю сочаць за ростам напружанасьці на паўночным усходзе Сырыі», паведаміла 10 кастрычніка Міністэрства замежных справаў Беларусі.

«Лічым важным, каб усе бакі дзейнічалі ў рэчышчы супольных дамоўленасьцяў, дасягнутых у межах астанінскага працэсу, і пазьбягалі дзеяньняў, якія могуць прывесьці да эскаляцыі сытуацыі ў гэтым складаным рэгіёне, — піша МЗС. — Заклікаем у экстраным парадку вярнуцца да дыялёгу ў мэтах пошуку палітычных спосабаў урэгуляваньня крызісу пры павазе тэрытарыяльнай цэласнасьці Сырыі, якая ёсьць неад'емным фактарам для паступовага аднаўленьня і разьвіцьця краіны».

У ноч на 7 кастрычніка Белы дом афіцыйна абвясьціў, што ЗША выведуць свае войскі з рэгіёнаў на поўначы Сырыі, у асноўным населеных курдамі. 9 кастрычніка Турэччына ​пачала ваенную апэрацыю «Крыніца міру» ў паўночнай Сырыі. Паведамляецца пра выбухі на мяжы і пра бамбаваньне рэгіёну турэцкімі самалётамі. Паводле турэцкіх уладаў, яе мэтай зьяўляецца барацьба з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава» і з узброенымі фармаваньнямі курдаў у рэгіёне.

Аляксандар Лукашэнка гэтым летам заяўляў прадстаўніку афіцыйных уладаў Сырыі, што Беларусь хоча аднаўляць іхную краіну. Падобную заяву ён рабіў і год таму. Раней Беларусь адсылала ў Сырыю гуманітарную дапамогу: школьную мэблю, дзіцячыя ложкі, вопратку, абутак, заплечнікі для школьнікаў, сшыткі, два самазвалы, аўтобус МАЗ, шмат мэдыкамэнтаў, гімнастычныя абручы… Сьцьвярджаецца, што на баку расейскіх наймітаў, якія падтрымліваюць рэжым Асада, ваююць прынамсі 11 баевікоў-беларусаў. Але Міністэрства абароны Беларусі абвяргае чуткі аб прысутнасьці ў Сырыі беларускіх вайскоўцаў.

Лукашэнка намагаецца падтрымліваць і добрыя стасункі з Турэччынай, а яе кіраўнік Рэджэп Таіп Эрдаган, якога Лукашэнка называе «братам», нават прыяжджаў зь візытам у Менск у 2016 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG