Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША прапанавалі санкцыі супраць Турэччыны за Курдыстан


Сырыйскі горад Рас-эль-Айн на мяжы з Турэччынай пасьля бамбаваньняў 9 кастрычніка
Сырыйскі горад Рас-эль-Айн на мяжы з Турэччынай пасьля бамбаваньняў 9 кастрычніка

Сэнатары Злучаных Штатаў, рэспубліканец Ліндсі Грэм і дэмакрат Крыс Ван Голен апублікавалі канцэпцыю абмежавальных захадаў супраць Турэччыны, расказвае «Голас Амэрыкі».

У сувязі з турэцкай вайсковай апэрацыяй супраць курдаў на поўначы Сырыі палітыкі прапануюць увесьці санкцыі ў дачыненьні актываў высокапастаўленых афіцыйных асобаў, у тым ліку прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Таіпа Эрдагана, пакараць Турэччыну за куплю расейскіх супрацьракетных комплексаў С-400 і ўзмацніць жорсткасьць візавых абмежаваньняў.

Акрамя таго, сэнатары прапануюць уводзіць санкцыі супраць тых, хто ажыцьцяўляе з Турэччынай вайсковыя ўгоды або падтрымлівае вытворчасьць энэргіі для ейных узброеных сілаў. У дадатак да гэтага прапануецца забараніць амэрыканскую вайсковую дапамогу Турэччыне і даручыць скласьці даклад аб капіталах і актывах Эрдагана. Турэччына пры гэтым, як і ЗША, уваходзіць у NATO.

Сэнатар Грэм пры гэтым адзначыў, што, хоць удалося дасягнуць двухпартыйнага пагадненьня ў дачыненьні праекту санкцыяў, адміністрацыя Белага дома «адмаўляецца рабіць захады супраць Турэччыны». У інтэрвію інтэрнэт-выданьню Axios Грэм выказаў спадзяваньне, што ініцыятыва санкцыяў знойдзе падтрымку ў дастатковай колькасьці рэспубліканцаў, каб пераадолець магчымае вэта прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Турэччына 9 кастрычніка пачала ваенную апэрацыю «Крыніца міру» ў паўночнай Сырыі. Паведамляецца пра выбухі на мяжы і пра бамбаваньне рэгіёну турэцкімі самалётамі. Паводле Эрдагана, яе мэтай зьяўляецца барацьба з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава» і з узброенымі фармаваньнямі курдаў у рэгіёне.

У ноч на 7 кастрычніка Белы дом афіцыйна абвясьціў, што ЗША выведуць свае войскі з рэгіёнаў на поўначы Сырыі, у асноўным населеных курдамі. Трамп напярэдадні абмеркаваў па тэлефоне плянаваную Турэччынай апэрацыю з прэзыдэнтам Турэччыны Эрдаганам. Пазьней у Твітэры Трамп напісаў, што для ЗША «надышоў час выйсьці з гэтых бясконцых войнаў» у Сырыі, «многія зь якіх племянныя», а таксама «вярнуць нашых салдат дадому».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG