Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны абвергла прысутнасьць беларускіх вайскоўцаў у Сырыі


Ілюстрацыйнае фота

Кітайскі партал Sina апублікаваў сьцьвярджэньне аб тым, што Беларусь заявіла пра фармаваньне беларускім войскам мэдыцынскай групы ў Сырыі. Матэрыял суправаджаецца здымкамі гуманітарнай дапамогі Беларусі для Сырыі і здымкамі з вучэньняў розных гадоў.

Як адзначыў вайсковы аналітык Ягор Лебядок, хоць кітайскі партал сьцьвярджае, што беларускія вайсковыя мэдыкі ўжо прыбылі ў Сырыю, беларускія дзяржаўныя СМІ пра такое не расказвалі. А на прысутнасьць вайсковых мэдыкаў у іншай краіне патрэбны адмысловыя заканадаўчыя акты, як тое рабілі зь беларусамі ў складзе сілаў ААН у Лібане.

Кітайскае выданьне сьцьвярджае, што такую заяву зрабіў амбасадар Беларусі ў Сырыі Юры Слука 13 ліпеня. Знайсьці іншыя крыніцы, якія згадвалі б такую заяву, не ўдалося. Вядома, што Слука праводзіў дыпляматычны прыём 3 ліпеня ў Дамаску (там казаў пра падтрымку Беларусьсю рэжыму Башара Асада), а 10 ліпеня сустрэўся зь міністрам абароны Лібану і анансаваў падпісаньне пагадненьня аб узаемнай абароне сакрэтнай інфармацыі.

Прэс-сакратар Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў заявіў Свабодзе, што гэтая інфармацыя «не адпавядае рэчаіснасьці»:

«Ніводзін з нашых вайскоўцаў у Сырыі не знаходзіцца, за выключэньнем беларускага вайсковага аташэ», — дадаў Макараў.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Анатоль Глаз сказаў Свабодзе, што такой інфармацыі ў ягонага ведамства няма:

«Ніякіх мэдыкаў Беларусь у Сырыю не накіроўвае».

***

​У адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам, беларусы могуць браць удзел у міратворчай дзейнасьці толькі «зь іх асабістай пісьмовай згоды па рашэньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». Беларускія міратворчыя сілы былі створаныя яшчэ ў 2005 годзе ў выглядзе міратворчай роты. У 2017 годзе Беларусь падрыхтавала міратворчы ўзвод спэцыяльна для апэрацыяў ААН.

Беларускія ўлады ня раз сьцьвярджалі, што гатовыя накіраваць міратворцаў на ўсход Украіны.

Начальнік Генштабу Ўзброеных сілаў Беларусі казаў на канфэрэнцыі ААН па мітатворчасьці 11 ліпеня ў Нью-Ёрку казаў, што Беларусь гатовая «да практычнай рэалізацыі ўзятых на сябе абавязальніцтваў у частцы прадстаўленьня рэсурсаў у міратворчыя апэрацыі ААН».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG