Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь падрыхтавала ўзвод міратворцаў для апэрацый ААН


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Узвод беларускіх вайскоўцаў падрыхтаваны да ўдзелу ў міратворчых апэрацыях ААН.

Пра гэта паведаміў журналістам камандуючы сіламі спэцыяльных апэрацый узброеных сіл Беларусі Вадзім Дзенісенка.

«Праца ў міратворчай роце 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады набірае абароты. Сёньня мы афіцыйна заяўляем, што адзін узвод ужо гатовы браць удзел у міратворчых апэрацыях пад эгідай ААН. Цягам гэтага году ў нас вельмі сурʼёзна адпрацавалі дэлегацыі з Італіі, Вялікай Брытаніі, дзьве дэлегацыі з Польшчы. Сваё тэставаньне хутка будуць праводзіць інструктары з ЗША. Мы выйшлі на нармальны ўзровень у падрыхтоўцы міратворчай роты і на сёньняшні дзень ужо адзін узвод гатовыя выставіць», — цытуе БЕЛТА Дзенісенку.

У адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам беларусы могуць браць удзел у міратворчай дзейнасьці толькі «зь іх асабістай пісьмовай згоды па рашэньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

Беларускія міратворчыя сілы былі створаныя яшчэ ў 2005 годзе ў выглядзе міратворчай роты, якая сёньня дысьлякуецца ў Віцебску і належыць да 103-й гвардзейскай мабільнай брыгады.

Дзе могуць быць скарыстаныя беларускія міратворцы? На гэтае пытаньне карэспандэнта Свабоды вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін адказаў так:

«Беларускія афіцэры прысутнічалі ў якасьці назіральнікаў пры штабных структурах міратворцаў у Лібане. Тут важна, каб абодва бакі былі гатовыя прыняць міратворцаў зь нейкай краіны. Каб у іх быў давер да гэтай краіны, якая выдзяляе міратворцаў, што яна ня будзе гуляць ні за кога, што гэта будзе сапраўды нэўтральная, міратворчая місія. У гэтым пляне беларусы, я думаю, карыстаюцца даверам у Ізраіля і Сырыі і маюць добрую славу ў Лібане. Таму гэта два верагодныя рэгіёны. Ну, і ў аддаленай пэрспэктыве, калі будзе жаданьне вырашыць канфлікт на Данбасе, то без разьвядзеньня бакоў пры дапамозе міратворчых сіл не абыдзецца. І тады, магчыма, на Данбас будзе ўведзена шматнацыянальная місія, у якую могуць трапіць і беларусы».

У 2014 годзе кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію каналу «Эўраньюс» заявіў, што гатовы аказаць міратворчую дапамогу ў вырашэньні расейска-ўкраінскага канфлікту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG