Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З-пад Воршы зможам страляць ракетамі да Масквы», — экспэрт пра вынікі працы вайсковай прамысловасьці пад кіраўніцтвам Гурулёва


Сяргей Гурулёў і Міхаіл Мясьніковіч, архіўнае фота
Сяргей Гурулёў і Міхаіл Мясьніковіч, архіўнае фота

20 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка адправіў у адстаўку старшыню Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту генэрала Сяргея Гурулёва, які кіраваў камітэтам з 2009 году, а раней служыў начальнікам Генэральнага штабу — першым намесьнікам міністра абароны Беларусі. «Паводле пагадненьня бакоў», — паведаміла пра адстаўку Гурулёва прэсавая служба Лукашэнкі.

— А чым вы тлумачыце раптоўную адстаўку кіраўніка ведамства, да якога публічна Лукашэнка ніколі не выказваў прэтэнзіяў? — спытала Свабода незалежнага вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

— Сапраўды, выглядае досыць нечакана. Адразу згадваю, як пасьпяхова прайшла нядаўна ў Менску чарговая выстава ўзбраеньняў, што было шмат замежных дэлегацыяў, паказалі шмат сучаснай баявой тэхнікі, наша зброя зацікавіла патэнцыйных замежных кліентаў. Сяргей Гурулёў пасьля выставы сказаў, што па выніках магчымае заключэньне шэрагу кантрактаў.

Увогуле, калі паглядзець на асноўныя паказьнікі, такія, як абʼём экспарту, прыбытак ды іншыя, дык Гурулёва ёсьць за што пахваліць. Таму ягоная адстаўка выглядае досыць нечакана.

Ёсьць, з майго пункту гледжаньня, і слабое месца, але гэта слабое месца не Камітэту вайсковай прамысловасьці, не асабіста Гурулёва, а нашай краіны. Гэта я пра тое, што тэхніка, якая распрацоўваецца і вырабляецца на прадпрыемствах Камітэту, асабліва калі гаворка пра зброю агнявога дзеяньня, — у асноўным яна зарыентаваная на замежнага замоўніка.

На мільярд даляраў мы нагандлявалі зброяй летась

І гэта зразумела, бо дзякуючы ягоным грошам зьяўляецца магчымасьць ня толькі плаціць заробкі, але і праводзіць тэхнічнае пераўзбраеньне. Гэта я ня толькі пра Расею, але і пра Кітай, Абʼяднаныя Арабскія Эміраты, Ярданію, Віетнам ды іншыя. На мільярд даляраў мы нагандлявалі зброяй летась, пра гэта паведаміў Сяргей Гурулёў якраз напярэдадні выставы Milex-2017, і гэта салідная сума. Але, мяркую, з прычыны малога вайсковага бюджэту мы ня можам укараняць гэтыя свае распрацоўкі ў самой беларускай арміі ў неабходным памеры. Шмат якія працэсы пераўзбраеньня зацягваюцца, і тое, што потым усё ж прыходзіць, пасьпявае састарэць. Бо ў нас да ланцужка «распрацоўка — выраб — укараненьне» яшчэ дадаецца зьвяно «пошук грошай для закупу».

— Хіба гэта віна Гурулёва?

— Рэч у тым, што ў свой час Лукашэнка запатрабаваў ад Гурулёва частку сродкаў, якія ён зарабляе, накіраваць на фінансаваньне Ўзброеных сілаў, падзяліцца прыбыткам.

— А той не дзяліўся?

— Мяркую, дзяліўся, але... Улады імкнуцца грошы ўзяць дзе толькі можна. Гэтак, магчыма, і тут меў месца канфлікт інтарэсаў і Гурулёў мог сказаць, што ён ня ў стане выканаць указаньне прэзыдэнта. А гэта ў стылі Лукашэнкі — даць указаньне, для выкананьня якога няма ані матэрыяльных, ані фінансавых рэсурсаў. Мяркуецца, што мусяць знайсьці, напружыцца, як ён казаў — «разьдзявацца і працаваць». Улічваючы ўзрост Гурулёва, тое, што ён ужо не такі крэатыўны, ня можа паабяцаць, а потым ня выканаць, вось ён і вырашыў сысьці ў адстаўку.

Але гэта маё меркаваньне. Там могуць быць і іншыя прычыны, у тым ліку стан здароўя, асабістыя прычыны.

Што да вэрсіі, што Лукашэнка нібыта пазбаўляецца прарасейскіх кадраў, дык гэта мне падаецца глупствам. Найперш заўважу, што з 2009 году Сяргей Гурулёў працаваў на гэтай пасадзе, і вельмі пасьпяхова працаваў, даказваючы вынікамі, дзеля каго ён працуе. А па-другое, ёсьць такая тэорыя: Лукашэнку нават выгадна мець на кіраўнічых пасадах у сілавых структурах людзей не мясцовых, якія ня маюць тут свайго шырокага кола, шмат сваяцкіх сувязяў, і якіх складаней уцягнуць у нейкія разборкі. Такімі кадрамі яму нават лягчэй кіраваць, і гэта пацьвярджаецца практыкай Беларусі апошніх дзесяцігодзьдзяў.

— На вашу думку, у выкананьні якіх праграм вайсковай прамысловасьці цяпер вельмі патрэбныя грошы? У вытворчасьці беларускіх ракет, выпуску ўласных гелікаптэраў?

— Паставіў бы пытаньне інакш: а ў якіх праграмах грошы не патрэбныя?

У нас цяпер два прыярытэты. Першы — гэта вайскова-паветраныя сілы ды проціпаветраная абарона. Другі — сілы адмысловых апэрацыяў. Збольшага абодва гэтыя кірункі досыць дарагія.

Калі паглядзець на ВПС, дык там тэхніка на мяжы выбыцьця. Некаторыя баявыя самалёты МІГ-29 прайшлі па тры капітальныя рамонты, з гэтай прычыны Беларусь можна ў кнігу рэкордаў Гінэса заносіць. Толькі «начынку» яшчэ можна замяніць, але ёсьць такое паняцьце, як стомленасьць мэталу — неўзабаве мэтал проста будзе рассыпацца ў гэтых самалётах. Проста лятаць, а тым больш ваяваць на іх ужо праблематычна.

Вайсковы бюджэт у нас на ўсё — 500 мільёнаў даляраў, таму вось Лукашэнка, відаць, і мае пляны на грошы, якія зарабіў Дзяржваенпрам на экспарце сваіх вырабаў

А купляць новыя самалёты — гэта звышдорага, у бюджэце на гэта грошай амаль няма. А калі браць грошы, дык трэба залазіць у выдаткі на грашовае ўтрыманьне вайскоўцаў, у сацыяльны пакет, будаўніцтва жыльля для вайскоўцаў. Вайсковы бюджэт у нас на ўсё — 500 мільёнаў даляраў, таму вось Лукашэнка, відаць, і мае пляны на грошы, якія зарабіў Камітэт вайсковай прамысловасьці на экспарце сваіх вырабаў.

Што да сілаў адмысловых апэрацыяў — там таксама патрэбная новая тэхніка. Новыя гелікаптэры МІ-8 перакідваць войскі, вучэбна-баявыя самалёты Як-130 для іх падтрымкі з паветра і сродкі мабільнасьці для самых войскаў. Яны дагэтуль карыстаюцца гаўбіцамі на буксірах, старымі БТРамі, грузавікамі МАЗ-130. Збольшага гэта нядрэнная тэхніка, але для сілаў адмысловых апэрацыяў патрэбная больш сучасная, а сродкаў аднавіць няма. Аднымі падарункамі, як мы атрымалі браневікі з Кітаю, справу не паправіш.

— А якімі вы бачыце вынікі працы Дзяржаўнага камітэту вайсковай прамысловасьці пад кіраўніцтвам Гурулёва?

— Галоўнае, што была створаная добрая прамысловая база, на якой можна вырабляць сваю зброю. Тыя ж беларускія ракеты, хоць і паводле кітайскай тэхналёгіі. Нешта мы раней маглі вырабляць самі, нешта атрымліваем з Кітаю, нешта будзем асвойваць, асабліва што да ракетнага паліва і рухавікоў для ракет. У выніку зможам вырабляць ракеты далёкасьцю палёту ў 500 кілямэтраў, што не забараняюць міжнародныя пагадненьні, калі гэта будзе прызнана вырабам нашай уласнай вытворчасьці. Гаворка пра ракеты клясы «зямля-зямля», для зьнішчэньня наземных цэляў. Першыя выпрабаваньні нашых «Палянэзаў» далёкасьцю палёту ў 200 кілямэтраў мы ўжо правялі ў Беларусі, цяпер працуем над ракетамі далёкасьцю ў 500. Такая далечыня дазваляе пакрываць цэлі на ўзроўні сталіц амаль усіх суседніх краін, уключна з усходам. Калі страляць з-пад Воршы, дык можна амаль да Масквы дастрэліць. А гэта вельмі важны фактар стрымліваньня, бо ўсе суседнія краіны будуць гэта ўлічваць у плянаваньні сваёй палітыкі і выбудоўваньні адносін з намі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG