Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рынак узбраеньня разьвіваецца, бо там шмат прыватнікаў. Чым запомнілася выстава MILEX. ФОТАРЭПАРТАЖ


Беларусь займае 18-е месца ў сьпісе найбуйнейшых экспартэтаў зброі. І ўлады, і незалежныя экспэрты высока ацэньваюць ваенна-прамысловы комплекс краіны. Яго тлумачаць ня толькі савецкай спадчынай, але і разьвітым рынкам, дзе прысутнічае шмат прыватных кампаній.

«Мы займаем сьціплае 18-е месца ў сьвеце, — цытуе БЕЛТА старшыню Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Беларусі Сяргея Гурулёва — Невялікая краіна, але ўваходзім у топ-25 краін па гандлі асноўнымі відамі ўзбраеньня, а ўдзельнікаў — больш за 100 краін».

На выставе MILEX-2017
На выставе MILEX-2017

Гурулёў спасылаецца на дадзеныя Стакгольмскага міжнароднага інстытуту праблем міру. Па словах старшыні ВПК, Беларусь сёньня можа вырабляць усю лінейку ўзбраеньня, якая існуе ў сьвеце.

Многія навінкі беларускага ваенна-прамысловага комплексу прадставілі на 8-й Міжнароднай выставе ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі MILEX-2017 у Менску.

Новы самалёт на ўзбраеньні беларускага войска
Новы самалёт на ўзбраеньні беларускага войска

Ці сапраўды вытворчасьць беларускіх заводаў узбраеньня адпавядае міжнародным стандартам? Зь меркаваньнем старшыні камітэту пагаджаецца ваенны экспэрт Аляксандар Алесін. Па ягоных словах, у шэрагу галін сучаснага ўзбраеньня Беларусь калі не займае першыя месцы, то знаходзіцца ў вядучай групе.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Гэта дастаткова прасунутая тэхніка, і яна не такая дарагая, як у заходніх вытворцаў, — сказаў Свабодзе Алесін. — Таму мы цалкам можам зь імі канкураваць. Беларускія сродкі абароненай сувязі адныя зь лепшых у сьвеце. Я думаю, у першую дзясятку па гэтым паказчыку мы ўваходзім».

Сыстэмы радыёэлектроннай барацьбы і сродкі падаўленьня бесьпілотнікаў — адна з найбольш разьвітых галінаў ваенна-прамысловага комплексу. Як тлумачыць Алесін, беларускія сродкі радыёэлектроннай барацьбы могуць перарваць сыгнал бесьпілотніка са спадарожнікам, парушыць сыгнал з апэратарам і пасадзіць самалёт там у патрэбным месцы.

«Беларускія радыёлякатары зараз здольныя выяўляць самалёты і бесьпілотныя прыстасаваньні, і крылатыя ракеты, вырабленыя па тэхналёгіі Стэлс», — кажа Алесін.

У той жа час у нас разьвіваецца і вытворчасьць бесьпілотных лятальных апаратаў. Па словах Аляксандра Алесіна, Беларусь знаходзіцца на перадавых пазыцыях у вытворчасьці бесьпілотнікаў.

Ваенныя дроны
Ваенныя дроны

Таксама ў краіне арганізаваная вытворчасьць безьпілотных сухапутных прыстасаваньняў. Гэта робаты, якія рухаюцца па зямлі.

«Паміраць нікому ня хочацца, — кажа Алесін. — Ва ўсім сьвеце зараз ганяюцца за робатамі, якія без удзелу людзей выконваюць баявыя задачы».

Апошняе нашае дасягненьне Беларусі ў гэтай галіне — супрацьтанкавы робат «Багамол». Па камандах з аддаленага пункту кіраваньня ён можа сам засекчы цэль, вызначаць, ці яна варожая, і па сыгнале апэратару ці ў аўтаматычным рэжыме стрэліць па ёй.

«Гэта перадавы край нашых дасягненьняў», — кажа Алесін

Беларускія бесьпілотнікі
Беларускія бесьпілотнікі

Акрамя таго, працягваецца вытворчасьць традыцыйнай тэхнікі — сродкаў рухомасьці. Напрыклад, прадстаўлены ня так даўно бранявік «Кайман» і іншыя тактычныя аўтамабілі завода колавых цягачоў.

«Быццам бы, нічога новага ў ёй няма. Але безь яе не даставіць ні ўзбраеньня, ні салдат, ні боепрыпасаў».

На дзіва, галоўную ролю на рынку ўзбраеньня ў Беларусі граюць прыватныя кампаніі. Гэта тлумачыцца тым, што ў ваенна-прамысловым комплексе не было такіх вялікіх знакавых марак, як трактары «Беларус» ці аўтамабілі МАЗ у грамадзянскім машынабудаваньні.

Бранявік на MILEX
Бранявік на MILEX

«Гэта рызыкоўны бізнэс, які адкрылі былыя супрацоўнікі ВПК, ці вайскоўцы, якія сышлі зь дзяржслужбы і пайшлі ў бізнэс, — кажа Алесін. — Яны хутка бяруцца за такія тэмы, зь якімі дзяржаўныя прадпрыемствы не рызыкуюць. Дзяржпрадпрыемствы даволі непаваротлівыя, чакаюць загаду зьверху».

Таксама замежныя кампаніі больш ахвотна ідуць на супрацоўніцтва з прыватнымі вытворцамі ўзбраеньня.

«Гэты рынак разьвіваецца ўва многім, бо тут больш свабоды. Прыватнікі хутка арыентуюцца, сочаць за каньюктурай, і пасьпяваюць за ёй. У нас у сфэры ВПК, як гэта не падаецца парадаксальным, больш свабод для прыватнага бізнэсу».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG