Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН разгледзіць прапанову даслаць ва Ўкраіну міратворцаў са Швэцыі, Бразыліі і Беларусі


Андэрс Фог Расмусэн

Як паведамляе Reuters, краінам «нармандзкай чацьвёркі» (Нямеччына, Расея, Украіна і Францыя), а таксама ААН будзе прадстаўленая справаздача, у якой прапануецца даслаць ва ўсходнюю Ўкраіну вайсковы кантынгент у 20 тысячаў вайскоўцаў з краінаў, якія не зьяўляюцца чальцамі NATO, прынамсі, са Швэцыі, Бразыліі і Беларусі, і 4000 паліцэйскіх для таго, каб дапамагчы ўрэгуляваць крызіс ва Украіне.

«Гэтая дзейнасьць запатрабуе прыцягненьня шэрагу эўрапейскіх краінаў, такіх як Швэцыя, краінаў, якія маюць досьвед міратворчых апэрацый, такіх як Бразылія, і краінаў, якім давярае Расея, такіх як Беларусь» — заявіў Рычард Гован, суаўтар справаздачы і экспэрт ААН з Калюмбійскага унівэрсытэту.

Яшчэ адзін суаўтар дакумэнту — былы генэральны сакратар NATO Андэрс Фог Расмусэн, які цяпер зьяўляецца дарадцам прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.

Высокапастаўленыя прадстаўнікі Нямеччыны, Расеі, Украіны Францыі абмяркуюць канфлікт ва Ўкраіне ў часе правядзеньня канфэрэнцыі па бясьпецы ў Мюнхэне. Справаздача Расмусэна і Гована будзе прадстаўленая ім, а таксама адмысловаму прадстаўніку ЗША па пытаньнях Украіны Курту Волкеру.

Як адзначае Reuters на шляху зацьвярджэньня мандату міратворчых сілаў ААН ва Ўкраіне ёсьць вялікія перашкоды, але, паводле ацэнкі выданьня, Расея, якая мае права вэта ў Радзе бясьпекі ААН, можа пагадзіцца з гэтым фарматам, а Швэцыя — пагадзіцца ўзначаліць місію.

На думку суаўтара прапановы Рычарда Гована разьмяшчэньне міратворчых сілаў дазволіць правесьці мясцовыя выбары ў раёнах Украіны, якія зараз не кантралююцца Кіевам, што зʼяўляецца ключавой часткай менскіх дамоўленасьцяў.

«Калі атрымаецца досыць хутка разгарнуць прысутнасьць на месцах, добра было правесьці мясцовыя выбары на працягу году, а потым пакінуць міратворцаў на пэрыяд нармалізацыі сытуацыі, скажам, на два гады ў цэлым» — адзначыў экспэрт.

Варта адзначыць, што беларускія ўлады неаднаразова прапаноўвалі ўключыць беларускіх вайскоўцаў у склад міратворчага кантынгенту для ўсходняй Украіны.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG