Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску выставілі на продаж Дом друку, парк «Дрымлэнд» і будаўнічы рынак ва Ўруччы


Ілюстрацыйнае фота. Аквапарк у «Дрымлэндзе»

У Менску выставілі на аўкцыён будынак менскага Дому друку на праспэкце Незалежнасьці, 79, які знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці, а таксама будаўнічы рынак ва Ўруччы, парк забаваў «Дрымлэнд» і аграфірму «Ільля», падкантрольныя закрытаму акцыянэрнаму таварыству «Ростэм» бізнэсоўца Юрыя Авяр’янава.

Пра тое, што будынак Дому друку на праспэкце Незалежнасьці 79 (ля мэтро «Акадэмія навук») выставілі на аўкцыён 20 лістапада, агенцтву «Минск-Новости» паведамілі ў камітэце дзяржаўнай маёмасьці Менгарвыканкаму.

Дом друку ў Менску. Фота: Artem Svetlov via Wikimedia, CC BY 3.0
Дом друку ў Менску. Фота: Artem Svetlov via Wikimedia, CC BY 3.0

Прадаць помнік архітэктуры плянуюць па рынкавай цане, з заключэньнем дамовы арэнды зямельнага ўчастка, неабходнага для абслугоўваньня нерухомай маёмасьці.

Стартавая цана — 6,976 мільёна рублёў (крыху менш за 3,5 мільёна даляраў). Плошча будынка — больш за 3,5 тысячы квадратных мэтраў, зямельнага ўчастка — 0,1711 гектара.

Дом быў збудаваны ў 30-х гадах мінулага стагодзьдзя і перажыў Вялікую Айчынную вайну, ён зьяўляецца помнікам архітэктуры эпохі канструктывізму, якіх у Менску засталося ня так шмат, і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Таксама, як заўважыў Tut.by, днямі на таргі ў Менску выставілі будаўнічы рынак ва Ўруччы, парк забаваў «Дрымлэнд» і аграфірму «Ільля», падкантрольныя ЗАТ «Ростэм» Юрыя Авярʼянава. Інфармацыя аб таргах разьмешчаная на сайце Адзінага дзяржаўнага рэестру зьвестак аб банкруцтве.

Аўкцыён адбудзецца 6 лістапада. Стартавы кошт аграфірмы складае 6,9 млн беларускіх рублёў, «Дрымлэнду» — 9,75 млн рублёў, будаўнічага рынку ва Ўруччы — 9,4 млн рублёў. «Дрымлэнд» і аграфірму «Ільля» ўжо раней выстаўлялі на продаж, але тады пакупнікоў не знайшлося.

Увосень 2018 году Сьледчы камітэт Беларусі распачаў супраць Авярʼянава, а таксама шэрагу кіраўнікоў камэрцыйных структур крымінальную справу ў сувязі з ухіленьнем ад выплаты падаткаў субʼектамі гаспадараньня.

Неўзабаве сілавікі затрымалі шэсьць топ-мэнэджараў Авяр’янава, а самога бізнэсоўца абвясьцілі ў міжнародны вышук. Яго затрымалі ў Нямеччыне, аднак потым Авяр'янаў быў вызвалены з-пад варты і чакае рашэньня судовых інстанцый пад падпіскай. Беларусь дамагаецца ягонай экстрадыцыі. Авярʼянаў заяўляў СМІ, што лічыць абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў неабгрунтаванымі, а саму праблему прыцягнутай за вушы.

А 2 кастрычніка 2019 году ў Маскве для экстрадыцыі ў Беларусь была арыштаваная дачка Авярʼянава Вікторыя, гендырэктарка закрытага акцыянэрнага таварыства «Інтэк», якое валодае папулярнымі клюбамі ў Менску. Сьледчы камітэт Беларусі абвінавачвае яе ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG