Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве арыштавалі ўласьніцу менскіх клюбаў, дачку бізнэсоўца Авяр’янава


Ілюстрацыйнае фота @Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота @Shutterstock

У Маскве для экстрадыцыі ў Беларусь была арыштаваная Вікторыя Авярʼянава, гендырэктарка закрытага акцыянэрнага таварыства «Інтэк», якое валодае папулярнымі клюбамі ў Менску, паведамляе «Коммерсантъ».

Сьледчы камітэт Беларусі абвінавачвае Авярʼянаву ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў.

Як адзначае выданьне, у Расеі за ўхіленьне ад выплаты падаткаў не арыштоўваюць, а ў чэрвені суд ужо ўжо адхіляў патрабаваньне аб узяцьці пад варту. Адвакат Авяр'янавай Аляксей Пазьнякоў ужо абскардзіў арышт.

Вікторыя Авярʼянава зьяўляецца генэральнай дырэктаркай дзьвюх кампаній — «Бістроф», якая займаецца гандлем, і «Інтэк», якая кіруе некалькімі сямейнымі рэстаранамі і клюбамі. Паводле сямейнай легенды, яе бацька, Юры Авярʼянаў, зарабіў на іх дзякуючы рынкам, на якіх гандляваў адзеньнем, у тым ліку на стадыёне «Дынама».

У 2017 годзе Сьледчы камітэт Беларусі па матэрыялах праверкі, праведзенай спэцслужбамі, пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі (ухіленьне ад падаткаў у асабліва буйным памеры).

Паводле вэрсіі сьледзтва, клюбы «Мэдысан», «Афрыкана» і «Табу», якімі кіраваў «Інтэк», у пэрыяд з 2010-га па 2015 год ухіліліся ад выплаты падаткаў агулам на суму 890 тысяч беларускіх рублёў. Як адзначыў адвакат, у запытах аб выдачы Авярʼянавай не ўдакладняецца, пра якія рублі ідзе гаворка, дэнамінаванцыя ці не.

Паводле вэрсіі абароны, Авяр’янава не хавалася ў Расеі ад сьледзтва, а проста сюды пераехала разам зь сямʼёй на цалкам законных падставах каля двух гадоў таму і выхоўвае дваіх дзяцей, малодшы зь іх нарадзіўся ўжо падчас расьсьледаваньня. Пасьля паўторнага затрыманьня, як мяркуе абарона, Авяр’янава магла разьлічваць як мінімум на хатні арышт.

Фігурантам расьсьледаваньня беларускіх праваахоўнікаў таксама зьяўляецца Юры Авярʼянаў, адзін зь першых беларускіх бізнэсоўцаў і даляравых мільянэраў. На просьбу Генпракуратуры Беларусі яго для экстрадыцыі затрымалі ў Нямеччыне, аднак потым бізнэсовец быў вызвалены з-пад варты і чакае рашэньня судовых інстанцый у сваёй справе пад падпіскай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG