Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябар Лукашэнкі сабраўся будаваць шматфункцыянальны комплекс насупраць Палаца Незалежнасьці


Эскіз «ТМ-7»

Кампанія Сяргея Цяцерына, аднаго з самых блізкіх да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцаў, плянуе пабудаваць шматфункцыянальны комплекс насупраць Палаца Незалежнасьці ў Менску. Пра гэта Realty.tut.by расказалі некалькі крыніц.

Дзе зьявіцца комплекс

Будынак прапануецца пабудаваць на месцы аўтастаянкі на скрыжаваньні праспэкта Пераможцаў і вуліцы Сапэраў — паміж заводам «Атлант» і гандлёвым цэнтрам «Замак». Зусім побач — рэспубліканскі цэнтар падрыхтоўкі ў тэнісе.

Хто ініцыяваў будаўніцтва

Як расказалі суразмоўцы парталу, ініцыятарам будаўніцтва выступае група кампаній «БелГлобалСтарт» бізнэсоўцы і старшыні Беларускай фэдэрацыі тэнісу Сяргея Цяцерына, які ў свой час далучыў Лукашэнку да гэтага віду спорту і стаў адным з самых блізкіх да прэзыдэнта людзей.

Што разьмесьцяць у будынку?

Як паведамляе агенцтва «Минск-Новости», перадпраектныя прапрацоўкі комплексу ўжо ўхваліла архітэктурная рада ў Менскім гарвыканкаме. Эскіз будынка прэзэнтаваў кіраўнік творчай майстэрні «ТМ-7» Анатоль Цэйтлін.

Паводле Цэйтліна, у комплексе будзе басэйн, мэдыка-аднаўленчы цэнтар, грамадзкае харчаваньне і нумары для расьсяленьня спартоўцаў, якія прыяжджаюць гуляць у вялікі тэніс, а таксама для дзяцей, якія будуць трэнавацца побач. Як сказала крыніца Realty.tut.by, у будынку прапануюць таксама разьмясьціць офісныя памяшканьні.

Плошчы для фэдэрацыі тэнісу мяркуецца даваць бязвыплатна, астатнія — здаваць у арэнду.

Што з архітэктурным абліччам?

Архітэктары першапачаткова паставілі сабе наступныя абмежаваньні: будынак не павінен быць вышэйшым за разьмешчаны побач гандлёвы цэнтар «Замак», шкло на фасадзе максымальна скарацілі, каб не тыражаваць вобраз абрыдлых бізнэс-цэнтраў. Паколькі даўжыня будынка 110 мэтраў, пастараліся зрабіць фасад неманатонным, умоўна падзяліўшы яго па вышыні на тры часткі, кожная зь якіх адрозьніваецца.

Ці былі ў Менску падобныя праекты?

Так, былі. Паводле падобнай схемы нядаўна пабудавалі шматфункцыянальны комплекс за кінатэатрам «Перамога». Яго стварала кампанія, заснаваная структурай, зьвязанай зь бізнэсоўцам Аляксеем Саўчуком і фэдэрацыяй гарналыжнага спорту. У будынку разьмясьціўся як офіс фэдэрацыі, так і памяшканьні камэрцыйнага прызначэньня. Кіраўніком кампаніі-забудоўніка быў экс-кіраўнік Палаца спорту і «Раўбічаў», а таксама гандбольны арбітар міжнароднага ўзроўню Міхаіл Маеўскі, які цяпер зьяўляецца дырэктарам фэдэрацыі тэнісу.

Чым займаецца «БелГлобалСтарт»?

У групу кампаній «БелГлобалСтарт» бізнэсоўцы Сяргея Цяцерына ўваходзяць структуры, якія займаюцца ў асноўным гандлем і грамадзкім харчаваньнем. Яны, у прыватнасьці, пастаўляюць у Беларусь спартовыя харчы, кіруюць сеткай бараў «Блокбастэр» і ўстановай «Свабоды, 4», а таксама прадаюць мэблю і прадметы інтэр’еру. Акрамя таго, структуры Цяцерына зарабляюць на мэдыябізнэсе.

Група кампаній таксама падтрымлівае разьвіцьцё тэнісу і фундуе шэраг спаборніцтваў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG