Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта будзе крыніца сурʼёзнага забруджваньня». На ЦЭЦ-4 у Менску хочуць спальваць сьмецьце


Архіўнае фота Дзьмітрыя Важніка

На Менскай ЦЭЦ-4 будзе ўсталяваны кацёл паліць сьмецьце. Гэтае пытаньне цяпер прапрацоўваецца ў Міністэрстве энэргетыкі. Чым гэта пагражае навакольнаму асяродзьдзю?

Пра тое, што на менскай ЦЭЦ-4 будзе ўсталяваны кацёл для спальваньня сьмецьця, паведаміў на пачатку верасьня віцэ-прэм’ер Уладзімер Кухараў у інтэрвію выдавецкаму дому «Беларусь сегодня».

Паводле віцэ-прэм’ера, каля 45% сьмецьця нельга перапрацаваць, таму яго трэба спальваць. А спальваньне 200 тысячаў тон сьмецьця дазволіць зэканоміць амаль 70 мільёнаў кубамэтраў газу.

Перадпраектная распрацоўка гэтага пытаньня завершыцца да канца году. Таксама рыхтуецца прэзыдэнцкі ўказ, які будзе рэгуляваць фінансаваньне праекту.

Як паведамілі карэспандэнту Свабоды ва ўрадзе, для вырашэньня гэтага пытаньня было прынята распараджэньне прэмʼер-міністра Рэспублікі Беларусь ад 11 верасьня 2019 году № 368р «Аб стварэньні рабочай групы». Тэкст гэтага дакумэнту не апублікаваны. У прэс-службе Міністэрства энэргетыкі сказалі, што распараджэньнем «створана рабочая група па прапрацоўцы пытаньняў спальваньня на цеплаэлектрацэнтралі ў Менску цьвёрдых камунальных адходаў, вызначаны плян мерапрыемстваў, прызначаныя адказныя выканаўцы».

ЦЭЦ-4 месьціцца адразу за кальцавой дарогай на захадзе Менску
ЦЭЦ-4 месьціцца адразу за кальцавой дарогай на захадзе Менску

«Разглядаецца ЦЭЦ-4, каб зьнізіць усялякія выдаткі на інфраструктуру»

Чаму вырашылі ўсталяваць кацёл для спальваньня сьмецьця, прычым менавіта на ЦЭЦ-4, а не будаваць адмысловы завод?

Начальнік упраўленьня па каардынацыі дзейнасьці ў сфэры абыходжаньня з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі дзяржаўнай установы «Апэратар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Анатоль Шагун сказаў карэспандэнту Свабоды, што ў 2017 годзе ўрад зацьвердзіў нацыянальную стратэгію па абыходжаньні зь цьвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ў Рэспубліцы Беларусь на пэрыяд да 2035 году.

У ёй прадугледжана стварэньне ў Менску абʼекта, які будзе выкарыстоўваць камунальныя адходы ў энэргетычных мэтах — каб атрымліваць цеплавую электрычную энэргію.

«Як адзін з варыянтаў разглядаецца магчымасьць разьмяшчэньня такога абʼекта на ЦЭЦ-4, каб зьнізіць усялякія выдаткі на інфраструктуру. Там жа ўсё гатова, ёсьць гатовы энэргетычны абʼект, можна паставіць кацёл з адпаведнымі ачышчальнымі збудаваньнямі. Гэты варыянт разглядаецца, але да практычнай рэалізацыі, натуральна, яшчэ далёка», — сказаў Анатоль Шагун.

Чаму абралі менавіта ЦЭЦ-4?

«Гэта пытаньне больш да энэргетыкаў. Бо ў Менску ёсьць тры ЦЭЦ, якія вырабляюць каля 90% цеплавой энэргіі для гораду. Відаць, яна больш падыходзіць», — сказаў Анатоль Шагун.

«Перадынвэстыцыйная праца толькі пачынаецца»

На самой ЦЭЦ-4 адмовіліся камэнтаваць гэтую тэму і прапанавалі зьвярнуцца ў Міністэрства энэргетыкі.

Від з сталічнага раёну Паўднёвы Захад на коміны ЦЭЦ-4. Фота ©Shutterstock
Від з сталічнага раёну Паўднёвы Захад на коміны ЦЭЦ-4. Фота ©Shutterstock

Паводле намесьніка начальніка ўпраўленьня энэргаэфэктыўнасьці, экалёгіі і навукі Міністэрства энэргетыкі Аляксандра Захарэвіча, рашэньне аб спальваньні сьмецьця яшчэ не прынятае «на ніводным узроўні».

«Ёсьць варыянты, але ніводзін варыянт яшчэ не прыняты. Паводле заканадаўства, спачатку трэба атрымаць дазвол ад мясцовых органаў улады для правядзеньня перадынвэстыцыйнай дзейнасьці. Трэба зрабіць папярэднія разьлікі, якія трэба абараніць да пачатку праектаваньня. Дык вось перадынвэстыцыйная праца толькі пачынаецца», — сказаў карэспандэнту Свабоды Аляксандар Захарэвіч.

«У кожнай краіне сваё сьмецьце»

Па даручэньні Савету міністраў Менгарвыканкам, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя і Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі дасьледуюць марфалягічны і колькасны склад цьвёрдых камунальных адходаў, а таксама кляс небясьпечнасьці попелу, які ўтвараецца пры спальваньні гэтых адходаў.

«Яны вывучаюць склад цьвёрдых камунальных адходаў — дзе больш набіраецца поліэтылену, дзе больш гумы, дзе дрэва. Нават на адной звалцы ў розных кутах можа быць розны марфалягічны склад. А таксама — які можа атрымлівацца попел і якія будуць выкіды ў паветра пры спальваньні. То бок ёсьць ідэя вырашыць экалягічныя праблемы, пакуль мы не акружылі сябе гэтай „вялікай кітайскай сьцяной“ са сьмецьця вакол кальцавой», — сказаў прадстаўнік Міністэрства энэргетыкі.

Сьмецьцяспальвальны завод у Нарвэгіі, архіўнае фота
Сьмецьцяспальвальны завод у Нарвэгіі, архіўнае фота

Што кажуць эколягі?

У Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя пакуль не ўдалося атрымаць камэнтар адносна таго як спальваньне сьмецьця будзе ўплываць на навакольнае асяродзьдзе.

Дырэктар Цэнтру экалягічных рашэньняў Яўген Лабанаў сказаў, што ў яго няма ніводнай падставы, каб аптымістычна глядзець на ідэю спальваньня адходаў на ЦЭЦ.

«Я крайне занепакоены прапановай паліць адходы на ЦЭЦ. Спальваньне адходаў у абʼектах энэргетычнай сыстэмы — гэта адна з самых праблемных рэчаў, калі казаць пра бясьпеку навакольнага асяродзьдзя ў горадзе. ЦЭЦ не прыстасаваная для спальваньня цьвёрдых камунальных адходаў. Яна працуе з максымальным ККД на газе, альбо ў некаторых выпадках на мазуце. Спальваньне адходаў у катлах, якія існуюць, — гэта наогул зусім утапічная ідэя з тэхнічнага гледзішча. Інтэграцыя туды асобнага катла, які будзе спальваць сьмецьце, — гэта ня вельмі добра з гледзішча ККД (каэфіцыенту карыснага дзеяньня) самой ЦЭЦ. Мы спрабуем рабіць рэчы на тых абʼектах, якія для гэтага не прыстасаваныя».

Паводле Яўгена Лабанава, найбольшую занепакоенасьць выклікае тое, што сыстэма ачысткі выкідаў на ЦЭЦ не праектавалася для ачысткі газаў ад спальваньня цьвёрдых бытавых адходаў, бо «там зусім іншы спэктар выкідаў».

«Будзе ляцець куча розных арганічных злучэньняў, поліараматыкі, цяжкія мэталы. Гэта зьвязана з тым, што якасьць разьдзельнага збору сьмецьця ў Менску яшчэ не настолькі ідэальная, каб можна было спальваць чыстыя фракцыі. У сьмецьці, якое будзе ісьці для паліва, могуць быць розныя тыпы плястыку, ПВХ, які ўтрымлівае хлёр і можа быць крыніцай дыяксінаў, хімічныя рэчывы, як фарба, лекі, батарэйкі, цяжкія мэталы. Яшчэ адна праблема ў тым, што мы не аддзяляем харчовыя адходы. Калі іх паліць разам зь іншымі, гэта будзе гранічна нізкі ККД, бо яны вільготныя і ня будуць добра гарэць, таму спатрэбіцца дадатковае паліва. Тады я сумняваюся ў эканамічнай рэнтабэльнасьці».

«Пытаньне кантролю стаіць вельмі востра»

Для сэпарацыі арганікі са сьмецьця, паводле Яўгена Лабанава, у Беларусі пакуль няма добрых тэхналёгій.

«Усё гэта можа прывесьці да таго, што структура выкідаў у атмасфэру вельмі моцна будзе адрозьнівацца ад тых, якія на ЦЭЦ адбываюцца ў штатным рэжыме. Пытаньне: як гэтыя выкіды будуць улоўлівацца і кім кантралявацца? Бо на некаторыя рэчывы, якія атрымаюцца ад спальваньня адходаў, на стойкія арганічныя забруджвальнікі, у нас нават няма акрэдытаванай лябараторыі ў Беларусі. Таму пытаньне кантролю стаіць вельмі востра. Таксама ў залежнасьці ад тэмпэратурнага рэжыму пры спальваньні будуць утварацца некаторыя рэчывы, якія будуць ляцець у паветра. І што рабіць з попелам на ЦЭЦ? То бок тут комплекс тэхналягічных пытаньняў».

Паводле Яўгена Лабанава, адназначна, што такі праект павінен праходзіць экалягічную экспэртызу, ацэнку ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, павінны быць грамадзкія слуханьні, бо «мы ствараем праблему там, дзе яе няма».

«Гэта будзе крыніца даволі сурʼёзнага забруджваньня для атмасфэры, калі на ЦЭЦ пачнуць спальваць адходы. Важна не наступаць на тыя граблі, на якія ўжо наступалі нашы калегі ў іншых краінах».

«Гэта адназначна датацыйны працэс»

Паводле Яўгена Лабанава, спальваньне сьмецьця на ЦЭЦ — гэта адназначна датацыйны працэс, і «давядзецца думаць, на чым эканоміць».

«У прынятых стратэгічных дакумэнтах гаворка вядзецца пра будаўніцтва асобнага заводу, а не пра спальваньне сьмецьця на ЦЭЦ.

Але там ёсьць іншыя прыярытэты, якія мы не выконваем. Гэта прадухіленьне ўтварэньня адходаў, паўторнае выкарыстаньне, увядзеньне дэпазытнай сыстэмы. То бок мы спачатку павінны зрабіць усё, каб зьменшыць колькасьць сьмецьця, якое не перапрацоўваецца.

Мы павінны павялічыць эфэктыўнасьць разьдзельнага збору. Бо гарыць найперш другасная сыравіна — папера і плястык. Тое, што мы спрабуем сабраць і перапрацаваць.

З аднаго боку, мы ставім задачу па павелічэньні выкарыстаньня добрай другаснай сыравіны, а з другога боку, масавае спальваньне хутчэй зьнівэлюе эфэкты, якія мы накіроўваем на перапрацоўку. Таму ў мяне няма ніводнай падставы, каб аптымістычна глядзець на ідэю спальваньня адходаў на ЦЭЦ», — кажа дырэктар Цэнтру экалягічных рашэньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG