Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Менскам закрыюць найстарэйшую звалку — «гару» каля Чыжоўкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ад 1 жніўня 2019 году прыём адкідаў на звалцы «Прудзішча», што каля менскіх раёнаў Лошыца і Чыжоўка, будзе спынены ў сувязі з закрыцьцём палігону, пішуць на сайце арганізацыі «Экарэс», якая абслугоўвае звалку.

Пасьля гэтага сьмецьце будуць прымаць на адзіным дзейным палігоне сталіцы — «Трасьцянецкім», што на паўднёвы ўсход ад Менску, за Шабанамі. Яшчэ адну звалку пад Менскам, палігон «Паўночны», закрылі 1 кастрычніка 2017 году.

Як расказаў БелТА начальнік вытворча-тэхналягічнага аддзелу «Экарэс» Ігар Сухарэвіч, «Прудзішча» будзе прымаць пасьля 1 жніўня толькі тыя адкіды, якія можна выкарыстаць для «ізаляцыі апошняга пласту на палігоне», і збольшага гэта будзе грунт.

«Прудзішча» займае 22 гектары. Палігон быў адкрыты ў 1968 годзе, апошнім часам прымаў каля 12 тысячаў кубамэтраў адкідаў на месяц («Трасьцянецкі» тым часам прымае па 500 тысячаў кубамэтраў на месяц), а за ўвесь час там пахавалі 22,6 млн кубамэтраў сьмецьця. На поўны вывад палігону з эксплюатацыі спатрэбіцца некалькі месяцаў, затым будуць праводзіцца работы па ўпарадкаваньні і «падрыхтоўцы да рэкультывацыі».

Мясцовыя жыхары адзначаюць, што за апошнія 10 гадоў «Прудзішча» істотна вырасла ў вышыню — «гара» відаць ужо ня толькі з Чыжоўкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG