Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папера, шкло, шыны — так. Вопратка — не. Як і якое сьмецьце перапрацоўваюць у Беларусі


За адзін год у Менску зьбіраюць 1 мільён 100 тысяч тон сьмецьця. А па ўсёй Беларусі — 4 мільёны тон. Карэспандэнты Радыё Свабода пабывалі на новым сьмецьцеперапрацоўчым сартавальным заводзе каля сьмецьцевага палігону «Трасьцянецкі».

Беларусы прадукуюць 4 мільёны тон сьмецьця за год

З працай заводу мы знаёмімся з дапамогай галоўнага спэцыяліста па інфармацыйнай працы ўстановы «Апэратар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Нінай Кульбедай. Сам завод пачаў працу ў тэставым рэжыме.

Сюды трапляе сьмецьце з адмысловых бакаў з пазнакамі «Папера», «Плястык» і «Шкло», а таксама частка звычайнага менскага сьмецьця. Магутнасьць заводу — 100 тысяч тон за год.

«Толькі для аднаго Менску трэба яшчэ каля 10 такіх заводаў, каб прапусьціць празь іх увесь аб’ём сьмецьця і выняць тыя рэчывы, якія мы сёньня можам перапрацоўваць. Да таго ж мы можам вымаць 25–30% ад агульнага аб’ёму. Астатняе ідзе на хаваньне ў зямлю. Каб гэта вырашаць, патрэбныя новыя фінансы і новыя тэхналёгіі», — кажа начальнік вытворчасьці Аляксей Тарарук. Ён дадае, што завод ня толькі сартуе сьмецьце, але і шукае пакупнікоў — іншыя заводы, якія могуць скарыстаць другасную сыравіну ў сваёй вытворчасьці.

Нашы тэхналёгіі дазваляюць перапрацаваць 25% сьмецьця. У Швэцыі — 99%

Як кажа Ніна Кульбеда, у Беларусі цяпер ёсьць толькі адзін кірунак перапрацоўкі сьмецьця: калі нейкія віды адходаў, упакоўка ці проста старыя рэчы выкарыстоўваюцца як другасная сыравіна для вытворчасьці аналягічных. Напрыклад, папера — для вырабу новай паперы, плястыкавая ўпакоўка — для вырабу новых плястыкавых рэчаў ці новай упакоўкі, і шкло — для вытворчасьці новай шкляной тары. Лічыцца, што гэта самы экалягічны спосаб перапрацоўкі адходаў, таму што яны атрымліваюць другое жыцьцё. Аднак у агульнай масе сьмецьця папера, плястык і шкло займаюць не такую вялікую долю.

«У Беларусі з усяго аб’ёму адходаў максымум 25% можна перапрацаваць і выкарыстоўваць як другасную сыравіну, бо ёсьць тэхналёгіі, якія гэта дазваляюць зрабіць. У іншых краінах гэты паказчык даходзіць да 90% і болей (у Швэцыі — 99%)», — кажа Кульбеда.

Але і гэтых 25% Беларусь яшчэ не дасягнула. Так, за 2016 год толькі 16% адходаў ня трапіла на хаваньне ў зямлю, а было выкарыстана як другасная сыравіна для прадпрыемстваў.

​Каб паўторна выкарыстоўваць некаторыя віды адходаў, якія ня могуць стаць другаснай сыравінай (напрыклад, тэтрапак-упакоўкі, якія складаюцца зь некалькіх слаёў рознай паперы), у шмат якіх краінах зь іх робяць прэсаванае RDF-паліва (refuse derived fuel — цьвёрдае другаснае паліва). Яно выкарыстоўваецца для атрыманьня энэргіі, напрыклад, на цэмэнтных ці мэталюргічных заводах. Праўда, эколягі лічаць RDF-паліва небясьпечным — частка шкодных адходаў застаецца ў попеле, рэшта моцна забруджвае паветра. Каб не хаваць арганічныя адходы, іх можна альбо кампаставаць, альбо выкарыстоўваць дзеля здабываньня біягазу.

Што трэба сартаваць?

​Такім чынам, сярэднестатыстычны пакет, які выкідаецца ў Беларусі ў сьмецьцевы бак, зьмяшчае толькі 25% таго, што можа быць выкарыстана як другасная сыравіна. Што гэта?

1. Папера. Гэта любая папяровая і кардонная ўпакоўка, у тым ліку ад харчовых прадуктаў, а таксама сшыткі, кнігі, газэты, часопісы, паштоўкі і канвэрты, офісная папера пасьля друку на прынтэры.

Выключэньне: пэргамэнтная, вільгацеўстойлівая і мэталізаваная папера, а таксама тэтрапак-упакоўка ад напояў.

2. Шкло. Любыя бутэлькі і слоікі, аконнае шкло.

Выключэньне: хрусталь, люстэркавае шкло, а таксама бутэлькі ад парфумы.

3. Плястык. ПЭТ-бутэлькі ад напояў, любая плястыкавая ўпакоўка ад касмэтыкі і бытавой хіміі, цьвёрдая поліэтыленавая і поліпрапіленавая ўпакоўка ад харчовых тавараў (напрыклад, ад соўсаў і маянэзаў), мяккая поліэтыленавая ўпакоўка (найперш пакеты).

4. Гума. Найперш шыны. Іх рэкамэндуюць пакідаць на пляцоўцы каля сьметніцы. Адтуль іх забяруць арганізацыі, якія вывозяць сьмецьце.

5. Тэхніка. У буйных гарадах працуе служба бясплатнага вывазу, якая забярэ непатрэбную пліту, лядоўню ці пральную машыну. Драбнейшае (кампутары, тэлефоны, фэны, тэлевізары, мікрахвалевыя печы і падобнае) можна здаць у ЖКГ ці пакінуць там жа, дзе і шыны.

6. Батарэйкі. Лічыцца, што на іх прыпадае 50% шкодных рэчываў ад усяго аб’ёму бытавога сьмецьця. Іх ні ў якім разе нельга выкідаць у звычайны сьмецьцевы бак. А трэба прыносіць у крамы, якія абсталяваныя кантэйнэрамі для выкарыстаных батарэек. Там жа можна пакідаць і акумулятары ад ноўтбукаў.

7. Энэргазьберагальныя лямпы. Яны небясьпечныя тым, што зьмяшчаюць ртуць, якая атручвае глебу пры хаваньні ў зямлю. Адмысловыя кантэйнэры для такіх адходаў ёсьць у будаўнічых гіпэрмаркетах. Альбо такія лямпы разам з батарэйкамі можа забраць служба, якая вывозіць габарытную хатнюю тэхніку.

Адметна, што ў Беларусі не перапрацоўваюць вопратку. Дакладней, наяўныя тэхналёгіі дазваляюць перапрацаваць толькі чыстую бавоўну і воўну. Але большасьць вопраткі робіцца з сумесяў, у тым ліку з дамешкам сынтэтыкі.

Каб беларусы пачалі сартаваць сьмецьце, ім за гэта трэба плаціць

Цяпер у Беларусі асноўны стымул сартаваць адходы — гэта выключна экалягічная сьвядомасьць кожнага канкрэтнага чалавека.

«Ніякага эканамічнага стымулу ў нас няма. Але да 2020 году на дзяржаўным узроўні плянуецца яго стварыць. Будзе ўведзеная дэпазытная закладная сыстэма збору ўпакоўкі. Гэта значыць, што набываючы тавар ва ўпакоўцы (найперш гэта будзе тычыцца ПЭТ-бутэлек, плястыку і шкла), чалавек будзе плаціць ня толькі за сам тавар, але і за ўпакоўку. Гэта будзе пэўная сума грошай (напрыклад, 20 капеек), якая прастымулюе беларуса не пакінуць упакоўку ў лесе або выкінуць, а прынесьці назад у краму і вярнуць заклад або ўзяць чэк на зьніжку ў краме на гэтую суму».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG